В Докшицком ПМС темп роста по прибыли от реализации продукции, товаров и услуг составил более 180 процентов

Машыністы бульдозера Віктар Бабачонак і Мікалай Жгутоў, трактарыст Сяргей Піскуновіч (злева направа).

Машыністы бульдозера Віктар Бабачонак і Мікалай Жгутоў, трактарыст Сяргей Піскуновіч (злева направа).

Мінулы год для Докшыцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм склаўся паспяхова. Ужо толькі адзін паказчык – тэмп росту па прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг да ўзроўню 2024 года 182,8 працэнта – гэтаму яскравае пацвярджэнне. Пра вынікі мінулага года больш падрабязна і планы на год бягучы вядзём размову з дырэктарам прадпрыемства Уладзімірам Шульгатом.

Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Шульгат

Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Шульгат

– Уладзімір Іванавіч, найперш, канешне ж, закранём вытворчую дзейнасць – створым агульную карціну лічбамі і фактамі.

– На тэхнічным абслугоўванні нашага прадпрыемства знаходзяцца меліярацыйныя сістэмы плошчай 19 201 гектар. На балансе ў нас меліярацыйныя каналы працягласцю 1438,6 кіламетра, 18 шлюзаў-рэгулятараў, 20 мастоў, 74 трубарэгулятары, 603 трубапераезды, дзве насосныя станцыі, дамбы працягласцю 21,3 кіламетра і 207 кіламетраў дарог.

За мінулы год работнікамі ПМС укладзена 114,4 кіламетра дрэнажу, унесена гербіцыдаў на каналах працягласцю 15 з паловай кіламетра, прамыта два з паловай кіламетра дрэнажу, ачышчана ад заілення 18,3 кіламетра каналаў, абкошана – 581 кіламетр.

Уведзена ў эксплуатацыю 519,1 гектара рэканструюемых зямель, на 516,2 гектара праведзена культуртэхнічная меліярацыя. Хацелася б адзначыць, што ўсе выдзеленыя на гэта грашовыя сродкі асвоены, а работы – гэта да гонару нашых працаўнікоў – выкананы якасна, у тэрмін і з захаваннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўна-прававых актаў.

– На якіх аб’ектах праводзіліся работы?

– У межах Падпраграмы 7 “Развіццё меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння” Дзяржаўнай праграмы аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь займаліся рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм раёна і тэхнічным доглядам іх, а таксама водагаспадарчых сістэм. Таксама сіламі прадпрыемства праводзіліся бягучыя рамонты водапрыёмніка ракі Поня меліярацыйнай сістэмы “Поня” ў ААТ “Бягомльскае” і КУСГП “Гняздзілава-Агра”, а таксама бягучы рамонт водапрыёмніка гэтай жа ракі ў ААТ “Таргуны”. Дарэчы, менавіта меліярацыйная сістэма “Поня” агульнай плошчай асушаных зямель 7017 гектараў з’яўляецца эталоннай у нашым раёне. На аб’екце ўстаноўлены альтанка, банер, лавачкі, тэрыторыя агароджана.

Шмат увагі было адведзена летась і культуртэхнічнай меліярацыі.

– Многія лічаць, што работа ПМС – гэта абслугоўванне каналаў і асушэнне балоцістых мясцін. Аднак спектр спраў прадпрыемства нашмат шырэйшы: у яго ўваходзяць добраўпарадкаванне, будаўніцтва, аказанне паслуг іншым арганізацыям і насельніцтву раёна. Калі ласка, крыху пра гэты фронт работ.

– Наша прадпрыемства заўсёды ідзе насустрач старшыням сельвыканкамаў у плане добраўпарадкавання – часцей за ўсё гэта знос і захаванне нежылых трухлявых пабудоў. У мінулым годзе аказвалі дапамогу і сельгаспрадпрыемствам: праводзілі работы па зносе неэксплуатуемых жывёлагадоўчых ферм. Кошт работ склаў 820 тысяч рублёў. Аказваем паслугі і насельніцтву – транспартныя і па нарыхтоўцы і дастаўцы дроў. Так, намі рэалізавана дроў на суму дзве тысячы рублёў.

Падрадных работ па іншых аб’ектах было выканана на суму 98 тысяч рублёў, паслуг спецыялізаванай тэхнікай на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў аказана на суму 339 тысяч рублёў.

– Дарэчы, пра тэхніку. Мяркую, не будзе памылкай сцвярджаць, што ніводнае прадпрыемства ў раёне не мае такога парка менавіта спецыялізаванай тэхнікі. А як ён папаўняецца?

– За мінулы год намі асвоена інвестыцый у асноўны капітал на суму 1228 тысяч рублёў. Машынны парк абнавілі вельмі нядрэнна: набылі гусенічны экскаватар Амкадор ХС 231 LС, гусенічны бульдозер Амкадор С 201 LGР, аўтамабіль “Лада”, трактар МТЗ-1521, ратацыйную навясную касілку КОЗ-16 і ачышчальнік каналаў ОКН-05. У планах далейшае папаўненне парка.

– А як у вас з кадрамі?

– На сённяшні дзень на нашым прадпрыемстве працуюць 68 чалавек. Як, напэўна, любая арганізацыя, маем патрэбу ў маладых кадрах, паколькі развіваемся і глядзім у будучыню з перспектывай. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуць увагу, што мы заключаем дагаворы з абітурыентамі 2026 года на мэтавае навучанне ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “Меліярацыйная і водная гаспадарка” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер”, а таксама ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы па спецыяльнасцях “Зварачныя работы” з прысваеннем кваліфікацыі “электрагазазваршчык” і “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” – кваліфікацыя “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, катэгорыі С, D”. Для заключэння дагавора трэба звярнуцца ў аддзел кадраў нашага прадпрыемства або па тэлефоне 5-17-85.

– Уладзімір Іванавіч, а чым заняты работнікі ПМС у бягучым годзе?

– У снежні 2025 года пачалі рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Патачанка–Габка” на ўчастку Платэчна ў КУСГП “АграСітцы”. Кошт гэтага праекта – 781 272 тыс. рублёў, плошча – 154,39 гектара. Плануем увесці аб’ект у эксплуатацыю ў ліпені гэтага года. Таксама вядзецца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Якуба Коласа” на ўчастку Куты ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” на плошчы 215,6 гектара. Кошт праекта 914 971 тыс. рублёў. Заключаны дагаворы на правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі і тэхнічнага догляду. Задачы пастаўлены, і ёсць упэўненасць, што мы іх паспяхова выканаем.

Майстар Аляксандр Сачына. 

Майстар Аляксандр Сачына.

Мовай лічбаў (у дужках – паказчыкі 2024 года)
Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг ( тыс. руб) – 6303 (4519). Тэмп росту – 139,5 працэнта.
Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг – 1212 (663). Тэмп росту – 182,8 працэнта.
Сярэднямесячная заработная плата – 1925,1 руб. (1380,7 руб.). Тэмп росту – 139,4 працэнта.

Кадры. Вопытныя і надзейныя
Машыніст экскаватара Віктар Бабачонак.

Машыніст экскаватара Віктар Бабачонак.

На рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Якуба Коласа”, што вядзецца на ўчастку Куты, зараз працуюць машыніст экскаватара (два месяцы, як набылі гэту тэхніку) Віктар Бабачонак, старажыл прадпрыемства з амаль саракагадовым стажам работы, машыністы бульдозера Віктар Бабачонак, сын Віктара Фёдаравіча (працоўная дынастыя) і Мікалай Жгутоў, трактарыст-машыніст Сяргей Піскуновіч. Каардынуе работу брыгады майстар Аляксандр Сачына – гэты энергічны чалавек мае агульны працоўны стаж большы за 50 гадоў! З іх 30 – у Бягомльскім лясгасе. Аляксандр Пятровіч ужо 10 гадоў як на заслужаным адпачынку, тым не менш працуе і карыстаецца ў калектыве ПМС заслужанымі павагай і аўтарытэтам.

 

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *