Главный ветврач ОАО «Барсучанка» Виктор Ломыш считает ветеринарию одной из самых гуманных специальностей

Віктар Ломыш не расстаецца са сваім чароўным лекавым чамаданчыкам – па ім рагатыя падапечныя, якіх урач разумее без слоў, пазнаюць яго яшчэ здалёк.
Прафесія ветэрынарнага ўрача, не сакрэт, нялёгкая, вельмі адказная, неспакойная і ў дачыненні да рабочых гадзін і выхадных дзён ненармаваная. Жывёла ж па графіку не хварэе. Тым не менш галоўны ветурач ААТ “Барсучанка” Віктар Ломыш лічыць ветэрынарыю адной з самых гуманных спецыяльнасцей у свеце і застаецца ёй верным ужо тры з паловай дзесяцігоддзі.
– Не, парачка кароткачасовых спроб пашукаць сябе, скажам так, у іншым амплуа была, – шчыра прызнаецца суразмоўца. – І абодва разы я толькі атрымаў пацвярджэнне, што мой прафесійны шлях выбраны правільна і што ветэрынарыя і толькі – гэта маё. Разам з тым непрацяглыя “адлучкі” мне таксама шмат далі як спецыялісту ў плане вопыту, асабліва работа на Глыбоцкім мясакамбінаце.
Пасля заканчэння ў 80-я гады Віцебскага ветэрынарнага інстытута – установы, якая ў Савецкім Саюзе ў рэйтынгу па падрыхтоўцы ветспецыялістаў трывала займала другое месца, Віктар Ломыш, ураджэнец Глыбоцкага раёна, тры гады працаваў на малой радзіме, а ў калгас “Камсамолец”, які яшчэ праз немалы час перайменаваўся ў ААТ “Барсучанка”, прыйшоў на работу ў 1988 годзе. Усталяваўся са сваёй сям’ёй у Барсуках, і на сённяшні дзень, як жартуе, сярод ветурачоў раёна з’яўляецца аксакалам. Пра хуткі выхад на пенсію не задумваецца. Кажа, што можа працаваць і далей, бо не прывык сядзець без справы, а вось да вялікай штодзённай загружанасці – наадварот. А загружанасць сапраўды велізарная з тае прычыны, што колькасць БРЖ ў гаспадарцы перавышае 4200 галоў, а ветурач, акрамя самога Віктара Мікалаевіча, толькі адзін. Вось і лічыце, па колькі галоў на абслугоўванні кожнага спецыяліста – лячэнне, прафілактычныя мерапрыемствы, кантроль за якасцю кармоў. Плюс, канешне ж, немалы аб’ём уліковай і справаздачнай дакументацыі.
– Мабыць, не памылюся, калі скажу, што ветурачы на сённяшні дзень запатрабаваны ў большасці сельгасарганізацый не толькі нашага раёна, але і краіны ў цэлым, – гаворыць Віктар Мікалаевіч. – Без пахвальбы – гэта вельмі каштоўныя работнікі. Ветустановы па-ранейшаму даюць грунтоўныя веды ў галіне, а вось ахвотных іх атрымліваць стала нашмат менш: моладзь паглынаюць гарады.
І ўсё ж Віктар Ломыш з аптымізмам глядзіць у будучае, спадзяецца, што сітуацыя зменіцца, і новае жыццё ўдыхнуць у сельскую гаспадарку менавіта маладыя кадры. Што да выхаду на заслужаны адпачынак у яго будзе каму перадаць напрацаваны багаты вопыт, станоўчыя вынікі якога неаднаразова адзначаліся на раённым узроўні. Апошняя ўзнагарода, зусім нядаўняя, – Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта. Сказаць па праўдзе, уявіўшы сябе выпускніцай ветустановы, адзначыла для сябе, што на пачатку працоўнага шляху хацела б мець такога настаўніка: вопытнага, з неацэнным багажом ведаў, асабліва практычных, адказнага, усёй душой прывязанага да справы, энергічнага, з выдатным пачуццём гумару і пазітыўным светапоглядам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
