Председатель Докшицкого районного Совета депутатов Валентина Рандаревич: “Все дороги возвращают на родину”
Першай гераіняй праекта “Беларусь славяць жанчыны» запрасілі стаць старшыню раённага Савета дэпутатаў Валянціну Рандарэвіч, якая ўзначальвае раённую арганізацыю “Беларускага саюза жанчын”. Зразумела, кіраўніка дэпутацкага корпуса вы добра ведаеце па шэрагу падзей і мерапрыемстваў, правядзенні дзён сельсаветаў, прыёмаў грамадзян, рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. Гэтым жа разам мы пагутарылі зусім пра іншае: як развіўся бясспрэчны матэматычны талент гераіні і што такое слова “трэба” ў яе жыцці, дзе знаходзіцца месца сілы і пра што шкадуе найбольш, як на ўсё жыццё застаецца ў памяці дотык шурпатай далоні бабулі і, нарэшце, чаму шляхоў і магчымасцей бывае многа, але дома заўжды лепш.
У Докшыцы – на самалёце, у Вецяру – на калёсах
– Валянціна Юр’еўна, увесь час лічыла вас мясцовай, але ж калі рыхтавалася да размовы, прачытала, што нарадзіліся вы ў Казахстане…
– Гэта сапраўды так. У савецкія часы мая матуля Леаніда Фёдараўна, ураджэнка Вецяры, размеркавалася на працу ў горад Аягуз Сяміпалацінскай вобласці. Але пра мясцовасць гэтую я ведаю толькі з усмамінаў мамы, бо, калі мне было чатыры месяцы, мы вярнуліся на малую радзіму. Родныя заўсёды з гумарам прыгадвалі, як нас даставіў сюды самалёт: у Докшыцах у той час дзейнічаў аэрадром. А да дзядулевай хаты дабіраліся ўжо на калёсах.
Ад аўтара. Увогуле, падчас усёй нашай размовы, калі гаворка заходзіла пра дзядулю з бабуляй, Валянціна Юр’еўна на імгненне станавілася дзяўчынкай. Адчувалася, што паміж імі і ўнучкай была і застаецца непарыўная нітка-сувязь.
– Вецяра – наша месца сілы. Хата бацькоў зараз найлепшы куток для матулі, якая, хоць і жыве ў Докшыцах у кватэры, не можа дачакацца спрыяльнага надвор’я, каб сесці на веласіпед і накіравацца ў свае ўладанні. І няхай ужо 18 гадоў, як не стала маёй вельмі мудрай і пяшчотнай бабулі, яшчэ ў пачатку 90-х пайшоў з жыцця дзед, іх прысутнасць і падтрымку ў родных сценах мы з мамай адчуваем, як толькі пераступаем парог хаты. Больш за ўсё ў жыцці я шкадую, што вельмі мала распытала пра часы ваеннага ліхалецця ў дзядулі – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які ваяваў на фронце, удзельнічаў у вызваленні Рыгі, быў паранены, да мірнага жыцця вярнуўся з інваліднасцю, жменяй медалёў і схаваным глыбока ў сэрцы болем. Хацелася, каб больш рэчаў захавалася ў сямейным архіве Карніловічаў – гэта прозвішча, з якога пайшоў мой род. Але ж, магчыма, клапоцячыся пра нас, сваіх чатырох унучак, у гэтай тэме ён, як і большасць людзей таго часу, шматслоўным не быў, як бы ні прасілі. Толькі нават па рэдкіх урыўках успамінаў я выдатна ўсвядоміла на ўсё далейшае жыццё, што вайна – гэта бязлітасна. Неверагодныя абразу і сорам адчула, калі даведалася, што ў жніўні 2022 года ў Рызе знеслі помнік воінам-вызваліцелям. На той час майго дзядулі ўжо трыццаць гадоў не было на свеце, і ўпершыню падумалася: “Добра, што ён гэта не ўбачыў”.
Раман з матэматыкай
– Вы закончылі Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці “Матэматыка”, затым Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пры ўмоўным дзяленні людзей на фізікаў і лірыкаў, рыс каторых у Вас больш?
– Думаю, што і тых, і другіх у балансе (усміхаецца). Справа ў тым, што ў школе, а закончыла СШ № 1 г. Докшыцы, мне аднолькава лёгка даваліся і матэматыка, і мова з літаратурай. Нашы глыбокапаважаныя настаўнікі ўмелі настолькі незаўважна для дзяцей уцягнуць у вучэбны і выхаваўчы працэс, што пры пэўнай кемлівасці вучняў вынік заўсёды быў выдатны. З вялікай удзячнасцю прыгадваю першую настаўніцу Таццяну Паўлаўну Хамко, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Марыну Іосіфаўну Драздову, ну а Галіна Пятроўна Шугальская навучыла так паважаць і любіць матэматыку, што іншага шляху ўжо і не шукала. Мы паспяхова рыхтаваліся да раённых алімпіяд, займалі першыя месцы на абласных іспытах, паралельна, калі казаць сучаснай мовай, дыстанцыйна, я закончыла Усерасійскую матэматычную школу.
Загартоўка саюзам моладзі
Ад аўтара. Акрамя стаўкі на вучобу, была ў школьным жыцці Валянціны Рандарэвіч (у дзявоцтве Лабанавай) і другая, не менш важная справа – камсамольская дзейнасць. Сакратар камітэта камсамола школы, член бюро раённага камітэта камсамола…
– Менавіта ў школе нас вучылі чалавечнасці, згуртаванасці, рабоце ў камандзе на карысць людзям, – дзеліцца Валянціна Юр’еўна. – Грамадская дзейнасць загартоўвала характар, дапамагала ў стасунках з людзьмі і вельмі паспрыяла падчас вучобы ў БДУ, дзе давялося быць старастай. Цаніць гэты кірунак работы мяне зноў жа вучылі людзі, што знаходзіліся побач. У першай гарадской школе гэта Вольга Генадзьеўна Махонь, у райкаме камсамола – Вольга Міраславаўна Лабынька. Увогуле, усе, хто працаваў у райкаме камсамола, былі для моладзі майго часу кумірамі ў самым добрым сэнсе слова. І калі б мне, школьніцы, хтосьці сказаў, што прыйдзе пара і мяне абяруць першым сакратаром грамадскай арганізацыі “Беларускі патрыятычны саюз моладзі”, ні ў якім разе не паверыла б.
Ад аўтара. Але паверыць давялося. Гэты час наступіў. Валянціна Юр’еўна, школьная медалістка і пераможца алімпіяд, бліскуча скончыла матфак і са свабодным размеркаваннем усё роўна вярнулася ў родныя Докшыцы. Уладкавалася інжынерам-праграмістам у філіял банка – іх у пачатку дзевяностых адкрывалася вельмі шмат. Потым фінансавая ўстанова спыніла сваё існаванне. А наша гераіня пачала выкладаць любімы прадмет у роднай школе. Два гады яна працавала настаўніцай, паралельна займаючыся грамадскай работай. Навіна аб утварэнні ў раёне камітэта новай моладзевай арганізацыі заспела Валянціну Рандарэвіч… на турыстычным злёце пад Віцебскам, куды яна павезла каманду для ўдзелу.
– Мяне выклікалі на размову. Маўляў, трэба падтрымаць добрую ініцыятыву, ці не згодзішся, каб тваю кандыдатуру вынеслі на галасаванне як кіраўніка ГА “БПСМ”. Ну што ж, думаю, трэба значыць трэба. Але ж нават уявіць не магла, што маецца на ўвазе не школьная суполка, а ўся раённая арганізацыя. Калі ж кропкі над “і” былі расстаўлены, адступаць не было куды. Я ўвогуле не маю звычкі адступаць ад абавязкаў, за якія ўзяла адказнасць. Нас так вучылі.
Ад аўтара. Трэба сказаць, што ва ўсе часы моладзевая арганізацыя, як бы яна ні называлася – камсамол, “БСМ”, “БПСМ” ці зараз “БРСМ” – з’яўлялася выдатнай школай жыцця і кузняй кадраў. Некалькі гадоў работы – і становіцца ўсё зразумела пра прафесійныя, лідарскія і чалавечыя якасці. Вось і Валянціне Рандарэвіч давялося быць першым сакратаром два гады, а потым зноў нечаканая прапанова ад тагачаснага старшыні райвыканкама Валерыя Палідаўца – узначаліць аддзел арганізацыйна-кадравай работы.
– Валянціна Юр’еўна, вы доўга вагаліся пры пераходзе на дзяржслужбу?
– Прызнаюся, сумнявалася, ці пацягну такі сур’ёзны ўчастак, але Валерый Васільевіч, чалавек вельмі мудры, змог знайсці такія патрэбныя словы і так пабудаваць размову, што пачынала пакрысе верыць у сябе і свае сілы. Ды і пачынаць на новым месцы каму калі было лёгка?
Ад аўтара. На гэтым прафесійны рост гераніні таксама не прыпыніўся. Давялося працаваць і кіраўніком спраў райвыканкама, і намеснікам старшыні па блоку сацыяльных пытанняў, а ў 2018 годзе Валянціна Рандарэвіч была абрана старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Але разам з новай пасадай побач, як і заўсёды ў яе жыцці, грамадская работа: кіраўнік ГА “БСЖ”, член партыі “Белая Русь” і аднайменнага аб’яднання. Да таго ж пры раённым Савеце дэпутатаў дзейнічае Маладзёжная палата.
– У такім кругавароце рабочага працэсу і грамадскай дзейнасці ў любога кіраўніка ўсё менш часу застаецца на сям’ю. Хто яны, вашы родныя, і ці ўдаецца балансаваць?
– Закранулі за жывое. Гэта адвечная для мяне тэма. Падзялюся выключна асабістым. Калі нарадзіўся малодшы сын Паша, а розніца паміж ім і старэйшай дачкой істотная – 14 гадоў, мая Надзейка, што адразу пасталела і стала першай памочніцай, якую маленькі сын называў нават не Надзя, а Няня, аднойчы прамовіла: “Мама, толькі прашу цябе, пастарайся быць на кожным яго ранішніку сама, каб ён бачыў і твае вочы, а не толькі бабулі”. Гэта мяне вельмі ўскалыхнула, тым больш што з бабуляй у іх выдатнейшыя адносіны. Зразумела, што работы і камандзіровак хапала, і вельмі часта я прасіла маму быць у Надзеі на мерапрыемствах. Мая вясёлая і кампанейская дачушка ніколі не выказвала сваёй дзіцячай крыўды, аднак маленькае сэрцайка ўсё роўна вельмі перажывала. Так што Паўлу, мне здаецца, няма чаго крыўдзіцца. Па-магчымасці стараліся ўсёй сям’ёй падтрымліваць яго ў кожнай школьнай падзеі, на кожным выступленні ансамбля гітарыстаў дзіцячай школы мастацтваў, дзе іграў сын. Мая дачка таксама скончыла БДУ, зараз працуе арт-менеджарам. Сын, як і я калісьці, апантаны матэматыкай, сёлета заканчвае профільны ліцэй БДУ, далей – уступная кампанія.
З мужам Барысам у любую вольную хвіліну займаемся хатнімі справамі, у нас вялікі ўчастак, а я з тых гаспадынь, што расаду лепш любіць вырошчваць самастойна. Для мяне адпачынак – проста змена дзейнасці: на некалькі гадзін сысці ў кветнік ці разам з дзецьмі адправіцца ў невялікае падарожжа па Беларусі, хай сабе і на дзень, але каб усе разам. Я ўдзячна небу, што ўсё жыццё побач са мной мая любая матуля, што мой прафесійны і чалавечы лёс склаўся ў родных Докшыцах. А што яшчэ трэба?
Ад аўтара. Гэтым кароткім маналогам прыпынім першы артыкул праекта, бо ямчэй не завершыш. Аднак гэта далёка не ўсё, што можна было распавесці. Па-за артыкулам застануцца ўспаміны пра тое, як два гады запар на ўсё лета Валянціна Рандарэвіч накіроўвалася на камсамольскую будоўлю ў Цюменскую вобласць, дзе студэнтам даводзілася працаваць дзесяцігадзінныя змены. Як выручала потым у жыцці швейная машынка, набытая за першыя заробленыя грошы. Што адчувае, калі прымае складаныя кіраўніцкія рашэнні і чаму самыя розныя жыццёвыя сітуацыі не зрабілі яе сэрца чэрствым.
Кожны жаночы лёс – рэч двухбаковая: адным падасца квітнеючым садам, другім – полем барацьбы. Пад якім вуглом глядзець і што пакідаць у сэрцы – рашаць самім.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ
і з сямейнага архіва.




