Сегодня — День милиции. Сотрудники Докшицкого РОВД работают на упреждение правонарушений

IMG_5563-с 1

Сёння беларускія праваахоўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Ва ўсе часы дзейнасць органаў унутраных спраў была і застаецца адной з самых важных, пачэсных і адказных. Паступаючы на службу, кожны супрацоўнік прысягае на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу дзеля асноўнай мэты – аховы правоў, свабоды і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.

Пра тое, што ў пастаянным полі зроку супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў і дзякуючы чаму ў нашым раёне аператыўная абстаноўка застаецца адной з самых стабільных і спакойных у вобласці, мы пагутарылі з начальнікам РАУС падпалкоўнікам міліцыі Вадзімам Гарбузавым.

– Вадзім Вітальевіч, з якімі вынікамі аддзел сустракае прафесійнае свята?

– Для мяне як для кіраўніка ў прыярытэце – людзі. Таму спачатку колькі слоў пра сам аддзел. Прымаем усе магчымыя меры, каб трымаць калектыў у балансе: захаваць касцяк вопытных афіцэраў і дапамагчы прафесійна расці моладзі. Тым больш што супрацоўнікаў да 25 гадоў у райаддзеле практычна 50 працэнтаў. Займаемся і выхаваўчай, і, так бы мовіць, выкладчыцкай дзейнасцю. Старэйшыя калегі перадаюць вопыт і веды тым, хто толькі пачынае. Дарэчы, дзякуючы падтрымцы нашага міністэрства прафінансавана будаўніцтва васьмі арэндных кватэр для супрацоўнікаў міліцыі. Таксама дапамагаем вырашаць жыллёвае пытанне з дапамогай выдзялення пакояў у інтэрнаце, арэнднага жылля.

Што тычыцца аператыўнай абстаноўкі, то наш галоўны паказчык – гэта тое, што ў Докшыцкім раёне самая нізкая ўдзельная вага сярод такіх жа раёнаў вобласці злачынстваў у разліку на 10 тысяч насельніцтва, на адпаведным узроўні і ў рэспубліканскім рэйтынгу.

– Чым гэта абумоўлена?

– Працуем у першую чаргу на апераджэнне – гэта значыць, на прафілактыку п’янства, правапарушэнняў па лініі беспрацоўных. Узаемадзейнічаем з адпаведнымі адказнымі службамі райвыканкама, пракуратурай, судом. Хачу адзначыць, што наш блок міліцыі грамадскай бяспекі стаў лепшым па выніках 2025 года сярод падраздзяленняў сваёй групы.

– Не сакрэт, што структура злачынстваў змяняецца, усё больш адхіляючыся ў бок віртуальнай прасторы.

– Праблема росту кіберзлачынстваў існуе. І гэта не столькі ў маштабе раёна, колькі краіны і свету ў цэлым. Праблема – глабальная. Напрыклад, толькі летась неабыякавыя грамадзяне нашага раёна паведамілі пра больш за 200 спроб здзейсніць махлярства ў Інтэрнэце. Дзякуем ім за неабыякавасць і абачлівасць. Разам з тым не ўсе, каго атакуюць кібермахляры, могуць ім супрацьстаяць. Так, летась жыхары раёна перавялі на рахункі злачынцаў каля 100 тысяч рублёў.

– Што ў полі зроку службы наркакантролю?

– Праблема наркаманіі ў раёне ёсць. Хаця яна і не крытычная, але патрабуе ўвагі. Летась было выяўлена 100 закладак наркатычных рэчываў – у раёне Докшыц і Бягомля. У дадзеным кантэксце сітуацыі спрыяе транзітнае становішча рэгіёна, блізкасць сталіцы, абласнога цэнтра. Супрацоўнікі крымінальнай міліцыі не выпускаюць з поля зроку ў тым ліку і раней асуджаных па “наркатычных” артыкулах грамадзян.

– Яшчэ адзін кірунак работы – дарожная бяспека…

– На супрацоўніках аддзялення ДАІ зноў жа вялікі аб’ём работы з-за актыўнага і шчыльнага трафіка. Мінск – Віцебск, Мядзель, Браслаў – лічыце, гэтымі маршрутамі карыстаецца ўся Беларусь. У частцы дарожна-транспартных здарэнняў усё часцей фіксуюцца ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. Не будзем не ўлічваць і той факт, што ў нас маюцца і запаведныя тэрыторыі. Галоўная прафілактычная мера – прадухіленне парушэнняў хуткаснага рэжыму.

Іван Бадун падчас прафілактычнай гутаркі.

Блок міліцыі грамадскай бяспекі ўзначальвае першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Іван Бадун.
Іван Іванавіч у свой час працаваў у розных структурных падраздзяленнях аддзела, што дазваляе дасканала выконваць абавязкі на сённяшняй высокай пасадзе. Афіцэр нешматслоўны, поспехамі хваліцца не любіць, аднак прызнаецца, што службу цэніць за неверагоднае адчуванне радасці, калі ўсведамляеш, што дапамог людзям у складанай жыццёвай сітуацыі. Дарэчы, па прыкладзе бацькі службу ў органах унутраных спраў абраў і яго сын Уладзіслаў, курсант Акадэміі МУС.     Іван Бадун падчас прафілактычнай гутаркі.

– Вадзім Вітальевіч, наш райаддзел дастойна выступіў на галіновым абласным зімовым спартыўным свяце.

– Гэта факт. Тым больш што добрая фізічная падрыхтоўка – адно з патрабаванняў для супрацоўнікаў. Каманда Докшыцкага райаддзела на спаборніцтвах заваявала другое месца і прывезла 14 медалёў у розных дысцыплінах. Асабліва можна адзначыць вынікі малодшага ўчастковага інспектара Рамана Гмырака, старшага ўчастковага інспектара Канстанціна Юхнаўца, інспектара ІСН Людмілы Лаўцэвіч, старшага оперупаўнаважанага Дзмітрыя Баравінца і іншых калег.

– Вашы пажаданні калектыву з нагоды прафесійнага свята?

– Дарагія калегі, той, хто выбірае міліцэйскі шлях, несумненна хоча зрабіць наш свет лепшым, прыўнесці ў жыццё сваіх родных і суседзяў бяспеку, па справядлівасці вырашаць іх праблемы. Вы носіце форму і павінны ёй адпавядаць заўсёды, быць вернымі Прысязе, народу і Айчыне.

Дзякуй усім супрацоўнікам і служачым падраздзяленняў за бездакорную службу і добрасумленную працу. У гэты ўрачысты і святочны дзень мы аддаём даніну павагі і падзякі ветэранам, што прысвяцілі сваё жыццё абароне грамадзян, барацьбе са злачыннасцю. Сёння вы шчодра дзеліцеся вялікім прафесійным і жыццёвым вопытам з тымі, хто цяпер нясе нялёгкую міліцэйскую службу, ахоўваючы грамадскі парадак, мір і спакой нашых грамадзян. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, даўгалецця, аптымізму і поспехаў.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Таццяны Падбярэзкай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *