В Докшицком районе поздравили животноводов

Фота на памяць на МТК “Вецяра”: з узнагародамі Алена Карніловіч і Тамара Маскалёнак (злева направа).
Рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, ужо дзясятая па ліку, прадаўжаецца. Гэтым разам старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч наведаўся з прыемнай місіяй узнагароджвання лепшых работнікаў па выніках мінулага года на МТФ “Дабрунь” ААТ “Бягомльскае” і МТК “Вецяра” ААТ “Таргуны”.
Першы ўрачысты момант – уручэнне Падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарунка калектыву малочнатаварнай фермы “Дабрунь”. Пад дружныя апладысменты работнікаў узнагароду прымае кіраўнік аддзялення фермы Ірына Кібалка, якая на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі прызнана лепшым загадчыкам МТФ. Варта адзначыць, што “Дабрунь” славіцца не толькі высокімі надоямі і прывагамі, а яшчэ і ўзорным парадкам у вытворчых памяшканнях і на тэрыторыі. Вось і зараз, не паспеў яшчэ пад сакавіцкім сонцам цалкам растаяць снег, а ў бягомльскіх рупліўцаў, дзе трэба, пабелена і пафарбавана, дзе трэба – падгрэблена і падмецена, газоны і малады сад дагледжаны. Каб і хацеў знайсці, да чаго падкапацца, – не знойдзеш.
Узнагароды за добрасумленную працу, прафесіяналізм, якаснае і адказнае выкананне абавязкаў у гэты дзень былі ўручаны таксама аператару па вырошчванні маладняку БРЖ Вадзіму Глазко, чалавеку, які высока і стабільна трымае планку сваіх працоўных дасягненняў, і яго не менш вядомай у раёне шаноўнай калезе – аператару машыннага даення Алене Спірыдонавай. Да віншаванняў Васіля Васюковіча далучыліся выканаўчы дырэктар ААТ “Бягомльскае” Уладзіслаў Шаршнёў і старшыня пярвічнай прафарганізацыі Анжэла Верхаводка.

Вадзіма Глазко і Алену Спірыдонаву віншуе старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Бягомльскае” Анжэла Верхаводка.
На МТК “Вецяра” падзякі і грашовыя прэміі былі ўручаны аператару па вырошчванні маладняку БРЖ Алене Карніловіч, якая ўдастоена звання “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на раённую Дошку гонару, і аператару машыннага даення Тамары Маскалёнак, на рахунку якой таксама шэраг перамог у раённых спаборніцтвах. Цёпла павіншаваў узнагароджаных, уручыў ім грашовыя сертыфікаты, а таксама выказаў шмат слоў удзячнасці за працу ўсяму калектыву МТК кіраўнік сельгаспрадпрыемства Васіль Чараднік.
Ствараць святочны настрой у калектывах дапамаглі работнікі аўтаклуба, Гняздзілаўскага СДК і Крыпульскага клуба-бібліятэкі – іх жывёлаводы сустракалі шчырымі апладысментамі і спявалі з імі разам.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

