Шесть дней в неделю посвящает конному спорту восьмиклассница Валерия Кишеня из Докшиц
“Не кажы “гоп!”, пакуль не пераскочыш». Гэты вядомы выраз дакшычанка Валерыя Кішэня, васьмікласніца сярэдняй школы №1 імя І.С. Палявога, мае права ўжываць не толькі ў пераносным, але і ў прамым значэнні па той прычыне, што пераадольваць скачкамі перашкоды, і не проста так, а на кані, для яе звыклая справа: гэтым спортам Лера займаецца ўжо без малога чатыры гады.
Пачатак. Дзяўчынка адпачывала з бацькамі на Нарачы, а там, у вёсцы Наносы, ёсць пракатная канюшня. Кажа, сесці першы раз у сядло яе падштурхнуў тата. Гэта не было якойсьці эйфарыяй, але выклікала ў яе цікавасць. І жаданне паўтарэння. Тата прапанаваў: “А давай конны спорт стане тваім хобі”. Яна згадзілася, і зараз нават не хоча думаць, што было б, каб усё-такі адмовілася. Бо проста не ўяўляе свайго жыцця без рыпення сядла, ветру ў вушах і ласкавага дотыку гарачых конскіх ноздраў да рукі.
Будні. Калі хтосьці думае, што конны спорт – гэта відовішчная выездка з прамой спінай у прыгожай форме на дагледжаным бліскучым танканогім кані, то памыляецца. Гэта штодзённая цяжкая праца: выгул, кармленне, догляд коней, іх сядланне і трэніроўкі, трэніроўкі – як па выездцы, так і па канкуры… У Леры ўсё гэта адбываецца шэсць дзён у тыдзень, і далёка не па дзве гадзіны, і ў Глыбокае, дзе знаходзіцца канюшня, патрэбен час дабрацца. Пры гэтым яна паспявае рыхтавацца належным чынам да ўрокаў і вучыцца паспяхова. Што дапамагае? Як і ў дарослым жыцці – самадысцыпліна і ахвота, якая, як вядома, горш за няволю. А яшчэ наша гераіня вельмі самакрытычная і патрабавальная да сябе.
Самае складанае. Аказалася, гэта не пераадоленне страху перад падзеннямі, не сам скачок праз перашкоду і не прызямленне. Калі гаварыць пра псіхалагічны бок справы, то ў першую чаргу, адзначае Лера, неабходна заваяваць не проста прывязанасць каня, а ў большай ступені павагу – без яе нічога не атрымаецца. З тэхнічнага боку найскладаней правільна давесці каня да кропкі адштурхвання перад скачком – гэта цэлая навука, якая шліфуецца не месяцамі, а гадамі ўпартых трэніровак. Менавіта такое ўменне дае высокі вынік у спаборніцтвах па канкуры.
Самае лірычнае – адносіны дзяўчыны да яе чацвераногіх сяброў. Гэта коні Ліберал і Максімус (апошні, дарэчы, жарабец!). Лера гаворыць без пафасу: не мыслю свайго жыцця без іх. Адмовіцца ад іх – гэта як здрадзіць бацькам.
Дасягненні. Вось пра гэта Валерыя гаворыць неахвотна, спасылаючыся якраз на той самы “гоп”. Тлумачыць, што яна толькі ў пачатку шляху, і толькі маючы перамогі на міжнародным узроўні можна згадваць: а пачыналася з… Тым не менш, і перамогі, і прызавыя месцы ў спаборніцтвах, якія праводзіць КСК “Савалайн”, у яе ёсць. І будуць, у гэтым можна не сумнявацца.
Мэта. Лера ўпэўнена, што яе далейшы лёс будзе абавязкова звязаны з конным спортам, – гэта па-першае. Мець сваю канюшню – гэта другі пункт яе жыццёвага плана. І трэці – стаць кваліфікаваным спецыялістам у выбраным кірунку. Значыць, напачатку – вучоба ў ветустанове, пажадана, завочна, каб не адрывацца ад асноўнага занятку. А далей ужо, кажа, будзе карэктаваць з улікам самых розных фактараў і абставін. І ведаеце, верыцца, што ўсё ў гэтай яснавокай, з пяшчотным голасам і грацыёзнымі рухамі дзяўчыны атрымаецца. Бо ёсць любімы занятак, а да яго – стальны стрыжань характару.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з асабістага архіва.



