Учитель физики Татьяна Молчанова руководит инженерной группой в Крулевщинской СШ имени И.Ф. Титкова
Крулеўшчынская сярэдняя школа імя І.П. Ціткова два з паловай гады назад адкрыла першую ў раёне інжынерную групу. Пракладваць шлях было няпроста, але крулеўшчынцы годна справіліся з задачамі і дасягнулі важкіх поспехаў. А ў гэтым навучальным годзе набрана новая група, кіруе якой, як і папярэдняй, настаўніца фізікі Таццяна Малчанава.
Дзейсная прафарыентацыя
– Мэты навучання ў інжынерных класах і групах звязаны з ранняй прафарыентацыяй і падрыхтоўкай высокакваліфікаваных кадраў для эканомікі краіны, – расказвае Таццяна Пятроўна. – Вучні на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, займаюцца даследаваннямі, якія спрыяюць развіццю тэхнічнага мыслення.
Асабіста Таццяна Пятроўна выкладае ў групе, акрамя фізікі, факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, курыруе праектную дзейнасць.
На парадку дня будучых інжынераў – азнаямленне з работай прадпрыемстваў праз экскурсіі, сустрэчы з прафесіяналамі і майстар-класы. Вучні часта наведваюць і вядучыя ВНУ краіны. Для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу школа заключыла дагаворы з БДПУ імя Максіма Танка, ВДУ імя П.М. Машэрава, БДАТУ, ПДУ імя Ефрасінні Полацкай. Падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве з інжынернымі класамі гімназіі г. Глыбокае і СШ № 1 г. п. Бешанковічы.
Чатыры разы на год крулеўшчынскія навучэнцы інжынернай групы ездзяць на заняткі ў Полацкі ўніверсітэт.
Наогул важнае значэнне ў дапрофільнай падрыхтоўцы маюць экскурсіі ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк у рамках праекта «Навуковыя выхадныя школьным класам» для вучняў 7–9 класаў. Атрыманы вопыт падштурхнуў некаторых школьнікаў да паступлення ў тэхнапарк. Так, падапечныя Таццяны Малчанавай у цэлым прайшлі 12 змен навучання.
– Каб патрапіць туды, дзеці праходзілі сур’ёзны адбор праз пісьмовы тэст, гутарку са спецыяльнай камісіяй і абарону даследчай работы, – пракаментавала Таццяна Пятроўна. – Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк падтрымлівае адораных навучэнцаў, развівае ў іх цікавасць да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.
Усе тры старшакласнікі першай інжынернай групы школы з задавальненнем праходзілі навучанне ў тэхнапарку. Да прыкладу, Вікторыя Каланіцкая – аж пяць разоў. Дзяўчына і яе аднакласнік Мікіта Шарабайка выдатна абаранілі даследчыя работы і атрымалі магчымасць дыстанцыйнага навучання ў тэхнапарку. Гэтым жа вучням па выніках удзелу ў выставе даследчых праектаў уручылі рэкамендацыйныя лісты для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў згодна з пералікам спецыяльнасцей, замацаваных Міністэрствам адукацыі.
Прадуманая канцэпцыя адукацыі ў Крулеўшчынскай школе забяспечыла стопрацэнтнае паступленне мінулагодніх выпускнікоў інжынернай групы на жаданыя спецыяльнасці.
Калі гэтыя дзеці пакідалі школу, Таццяна Пятроўна не магла стрымаць слёз: настолькі здружылася з імі, спрацавалася.
– Яны для мяне былі як родныя, – з цеплынёй успамінае сваіх першых вучняў-інжынераў.
Але не падвяла і новая група – у яе склад уваходзіць пяць чалавек. Такія ж апантаныя, мэтанакіраваныя, заўважае настаўніца. І таксама пакараюць тэхнапарк – напрыклад, дзесяцікласнік Валерый Ялцэвіч на дадзены момант вучыцца на чацвёртай змене.
Нядаўна каманда “ФорУм” інжынернай групы стала пераможцай Віцебскай абласной каманднай інжынернай алімпіяды. А ў рамках правядзення абласнога “Тыдня інжынерыі – 2026” усе ўдзельнікі “ФорУма” заваявалі дыпломы I ступені ў кожным з абазначаных арганізатарамі кірункаў – усяго шэсць узнагарод.
Не толькі фізікай
Таццяна Малчанава можа доўга распавядаць пра кожнага свайго вучня, адзначаючы адметныя асобасныя рысы, якія ўлічвае пры ўзаемадзеянні. Сама яна простая ў зносінах, лёгка знаходзіць агульную мову як з дзецьмі, так і з іх бацькамі. Любіць настаўніцкую работу і непасрэдна фізіку – самы цікавы вучэбны прадмет, які растлумачвае любую з’яву навакольнага свету. Такімі аргументамі яна матывуе вучняў да карыснага вывучэння законаў прыроды. Шмат намаганняў прыкладае пры падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаваных іспытаў. У 2021 годзе на ЦТ па фізіцы яе вучань Максім Цішаловіч набраў максімальную колькасць балаў!
Таццяна Пятроўна да ўсяго выкладае ў школе прадмет “Чалавек і свет”, медыцынскую падрыхтоўку, мае класнае кіраўніцтва.
Адразу пасля заканчэння ў 1991-м Віцебскага педінстытута два гады адпрацоўвала ў СШ № 1 г. Докшыцы, дзе вяла матэматыку. Перад пераходам у Крулеўшчыну цэлае лета паўтарала праграму школьных падручнікаў па фізіцы, каб на новае месца работы прыбыць у поўным узбраенні. Вось так у любой яе справе – адказнасць на першым месцы!
Родам Таццяна з Мядзельскага раёна, дзе і цяпер у вёсачцы Петрачкі стаіць бацькоўскі дом. Кожныя выхадныя ў цёплы перыяд года яна адпраўляецца туды з дачкой Вікторыяй, каб адпачыць душой.
Віка вучыцца ў восьмым класе і з’яўляецца найлепшай мамінай сяброўкай. Разам яны і на веласіпедзе, і на лыжах, і ў басейне. Віка добра малюе і спявае, а яшчэ дзякуючы матулі далучылася да праектнай дзейнасці і марыць пра навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.
Падтрымлівае Таццяну і муж Аляксандр, які працуе ў Мінску. Яны аднолькава моцна цэняць магчымасць агульнага баўлення часу і даражаць цяплом сямейнага ачага.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва Крулеўшчынскай СШ.

