Учитель Крулевщинской СШ им. И.Ф. Титкова Наталья Рандаревич приняла участие в республиканском краеведческом форуме в Пинске
Настаўнік Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Наталля Рандарэвіч прыняла ўдзел у рэспубліканскім краязнаўчым форуме педагагічных работнікаў “Краязнаўства як аснова духоўнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”.
Форум прайшоў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ў г. Пінску і Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў в. Пінкавічы Пінскага раёна. Наша прадстаўніца ўвайшла ў склад дэлегацыі Віцебскай вобласці як педагог, які на працягу многіх гадоў апантана займаецца са школьнікамі вывучэннем гісторыі роднага краю і паспяхова ўдзельнічае ў адпаведных конкурсах.
На пленарным пасяджэнні “Рэгіянальны вопыт краязнаўчай дзейнасці” Наталля Уладзіміраўна выступіла з дакладам “Даследаванне духоўнай культуры Докшыччыны як сродак патрыятычнага выхавання асобы навучэнцаў”. У дакладзе ішла размова аб унікальнай гісторыі храмаў рэгіёна, знакамітых земляках, якія сваім служэннем унеслі вялікі ўклад у захаванне і развіццё Рускай праваслаўнай царквы, аб святарах, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны або рэпрэсаваных у пасляваенны час. Асаблівая ўвага ў выступленні надавалася летапісу Спаса-Праабражэнскай царквы ў Порплішчы, адкуль атрыманы бясцэнныя звесткі пра дабрачынцаў, якія ахвяравалі храму старадаўнія іконы, пра творы вуснай народнай творчасці, звычаі, абрады і многае іншае.
– Мясцовыя юныя даследчыкі ўсведамляюць: яны жывуць на цудоўнай докшыцкай зямлі з багатай спадчынай, – пераканана Наталля Рандарэвіч. – Гісторыка-культурны пласт трэба даследаваць, вывучаць і берагчы гэты скарб для будучых пакаленняў.
На форуме краязнаўцы наведалі славутыя мясціны Піншчыны, у тым ліку музей Беларускага Палесся. Пасля двух дзён работы былі падведзены вынікі, выпрацаваны новыя напрамкі дзейнасці ў сістэме краязнаўчай работы, прааналізаваны магчымасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў сродкамі турысцка-краязнаўчай дзейнасці.
– Удзел у форуме такога ўзроўню – унікальная пляцоўка для абмену вопытам з калегамі, пашырэння дзелавых кантактаў і пошуку новых ідэй для работы з дзецьмі і моладдзю, – зрабіла высновы Наталля Уладзіміраўна. – Мы адчулі, як моцна любяць пінчане сваю малую радзіму, убачылі, як многа робяць яны для захавання гісторыі. Іх прыклад натхняе на яшчэ больш плённую краязнаўчую работу.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена Н. Рандарэвіч.




