В Докшицком районе завершается сев ранних яровых культур
Сёлетняя вясна для хлебаробаў стала памочніцай. Не сушыць моцна, не марозіць, не залівае нівы дажджамі, спыняючы работу. Пры такіх умовах і належнай падрыхтаванасці тэхнікі і тэмпы пасяўной кампаніі задавальняючыя. Прынамсі, у КУСГП “АграСітцы” сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур вядзецца ўжо з перавыкананнем плана і аднагадовыя пры гэтым пасеяны на пятай частцы плошчаў. Да гонару нашых аграрыяў, Докшыцкі раён увогуле знаходзіцца ў ліку лепшых у вобласці па тэмпах сяўбы.
Невялікі механізаваны атрад заспелі ў панядзелак ва ўрочышчы Вішнёўцы. На акружаным воблакам пылу МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам (усё ж такі глеба пачынае падсыхаць) рупіўся трактарыст-машыніст Дзмітрый Будзіч. Гэта чалавек, жыццёвае крэда якога можна сфармуляваць выказваннем “менш слоў – больш справы”, карыстаецца ў гаспадарцы заслужанай павагай за прафесіяналізм і адказнасць у выкананні даручанай справы. Глебу пад сяўбу рыхтаваў не менш вопытны і надзейны работнік Алег Карэнька. Удалечыні ўбачылі і трактар з падборшчыкам камення – гэтай справай быў заняты механізатар Алег Мартуль. А на ўскрайку поля таксама кіпела работа: чарговую “порцыю” насення ячменю прывёз на МАЗе вадзіцель Віктар Макатовіч – яшчэ адзін хлебароб, які можа ганарыцца сваёй дастойнай працай у сельскай гаспадарцы. Якраз і ішоў працэс перамяшчэння залацістай сыпучай масы ў загрузчык, на якім працуе механізатар Баляслаў Януковіч, старажыл гаспадаркі, што, знаходзячыся адзінаццаты год на заслужаным адпачынку, па-ранейшаму ў страі. Пасяўныя работы, як паведаміў в.а. галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Валерый Шарох, вяліся яшчэ і ва ўрочышчах каля вёсак Вянюціна і Шылькі.
Па стане на раніцу ўчарашняга дня сяўба ранніх яравых праведзена больш чым на 90 працэнтаў да запланаванага. Сяўбу аднагадовых культур вядуць ААТ “Барсучанка”, КУСГП “АграСітцы”, ААТ “Докшыцкі” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. У апошнім гэта работа практычна на фінішы. Шэсцьдзясят гектараў адведзена ў райаграсэрвісе пад яравы рапс – палова ўжо пасеяна. Прыступілі да сяўбы рапсу і ў ААТ “Таргуны” – у гэтай гаспадарцы самыя значныя аб’ёмы работ – ажно 880 гектараў плануецца засеяць “чорным золатам”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.


