Ветеран труда, доярка-орденоносица Клавдия Короленок из агрогородка Порплище вырастила пятерых сыновей
Гісторыя любой краіны складваецца з розных сюжэтных ліній людзей і падзей. Заўсёды цікава заглянуць у мінулае, зразумець, чым былі пранікнуты душы і сэрцы людзей старэйшых пакаленняў, – такім чынам можна адчуць подых таго часу. Менавіта так адбылося пры сустрэчы з ветэранам працы Клаўдзіяй Каралёнак, у мінулым даяркай-ардэнаноскай, жыхаркай аграгарадка Порплішча.
Лёс Клаўдзіі Аляксандраўны ў многім падобны да лёсаў жанчын-вясковак, чыё нараджэнне прыпала на 30-40-я гады мінулага стагоддзя. Яна якраз і прыйшла ў свет у той страшны для савецкага народа 1941-ы. Тату свайго, што загінуў ва Усходняй Прусіі, канешне ж, не памятае і праз дзесяцігоддзі не можа гаварыць пра гэта без слёз. Адукацыі ў яе чатыры класы, а пасля стала дапамагаць маме ў свінарніку, працавала паляводам. З малых гадоў закладваліся ў дзяўчынцы працавітасць і адказнасць за даручаную справу – галоўныя складальнікі яе далейшых поспехаў.
Працоўны стаж у Клаўдзіі Аляксандраўны велізарны: яна яшчэ і пасля выхаду на пенсію рупілася ў жывёлагадоўлі шаснаццаць гадоў. Давялося жанчыне і цялят даглядаць, і кароў даіць. Менавіта як аператар машыннага даення і праславілася яна ў свой час. Вельмі сціплая, наша гераіня не бачыць нічога асаблівага ў сваіх дасягненнях. Кажа, проста старалася, бо сорамна ж, калі праца твая выклікае заўвагі і нараканні, і шкадавала жывёлу, адносілася да яе з цеплынёй – жывыя ж істоты, разумныя і ўдзячныя за клопат. Пра вынікі яе работы найбольш яскрава гавораць шматлікія ўзнагароды. Гэта цэлы стос, мусіць, больш за два дзясяткі, грамат, многія з якіх – Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР, медаль “Майстар высокіх надояў”, які ўручаўся аператарам машыннага даення, што на працягу многіх гадоў трымалі высокую планку – сярэдні надой ад каровы 5000 кілаграмаў малака, а таксама медаль “За доблесную працу”, два бронзавыя медалі ВДНГ. Самая высокая ўзнагарода – ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Клаўдзія Аляксандраўна прызналася: даўным-даўно не пераглядвала свае, як жартуе, “рэгаліі”, што месцяцца на адной з паліц шафкі. А вось з нашым прыездам і надарыўся выпадак згадаць былое. Светлыя вочы гэтай далікатнай і прыемнай у зносінах жанчыны, якой, не ведаючы пра яе шаноўны, юбілейны сёлета ўзрост, нізавошта не дасі тыя пашпартныя гады, выпраменьваюць мяккае святло пры ўспамінах пра калег-сябровак, кіпучае ў тыя часы калгаснае жыццё, паездкі і ўрачыстасці. А пра тое, якіх фізічных і душэўных намаганняў, недаспаных начэй каштавалі ёй працоўныя поспехі, не гаворыць ані. Шчыра не разумее, як можна было інакш, калі табе верылі і на цябе спадзяваліся, калі ў сям’і падрастала пяцёра дзяцей, якіх трэба было карміць, апранаць і вучыць. Так-так, Клаўдзія Аляксандраўна яшчэ і маці-гераіня, да ўсіх узнагарод мае і “Медаль мацярынства” (ордэна ў СССР не было). З любоўю гаворыць пра сваіх пяцярых сыноў, якія, да яе радасці, жывуць побач: Васіль, Анатоль і Уладзімір у Порплішчы, Ігар у Дзеркаўшчыне і Іван у Глыбокім. Ганарыцца імі, а таксама нявесткамі, унукамі і праўнукамі. Шчасце ж маці, як вядома, – найвялікшае шчасце.
Клаўдзія Аляксандраўна амаль два дзесяцігоддзі як удава, але, кажа, яшчэ доўга адна трымала карову і свінак. Не сядзіць склаўшы рукі і зараз. “На што стае сіл, тое трэба і рабіць”, – упэўнена. Думаецца, менавіта такое жыццёвае перакананне і робіць чалавека моцным, найперш духам. Клаўдзія Каралёнак таму яскравы прыклад.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

