Более чем на тысячу гектаров увеличились посевные площади в ОАО «Докшицкий райагросервис»

Механізатары (злева направа) Мікалай Сцепанян і Аляксандр Суднік.

Механізатары (злева направа) Мікалай Сцепанян і Аляксандр Суднік.

Лідарам па аб’ёмах праведзеных пасяўных работ у раёне з’яўляецца ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе на сённяшні дзень пасеяна яравых збожжавых і зернебабовых культур, рапсу і кукурузы на трыццаць працэнтаў больш да запланаванага. Узмоцненымі тэмпамі ідзе ў гаспадарцы зараз сяўба царыцы палёў.

Не за гарамі пачатак корманарыхтоўчай кампаніі, таму ўсе сілы кінуты на завяршэнне пасяўной кампаніі. Пра тое, як ідуць справы, пагутарылі з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Андрэем Янчаком.

– Нарэшце можна выдыхнуць з палёгкай напрыканцы першага этапу сельскагаспадарчага цыкла работ, – адзначыў Андрэй Генрыхавіч. – Сёлетняя сяўба стала сапраўднай праверкай на трываласць усяго нашага калектыву, які адказвае за вынікі ў раслінаводстве, – агранамічнай і інжынернай службаў і механізатарскага звяна. Бязмерна ўдзячны ўсім за разуменне, адказнасць, вялікую працавітасць на пачатку шляху да аднаўлення, скажам так, былога статусу “Докшыцкага райаграсэрвіса”. Што ёсць рывок наперад, можна з упэўненасцю гаварыць. Мяркуйце самі: сёлета нашы пасяўныя плошчы павялічыліся больш чым на тысячу гектараў! Толькі па ворыве мы перавыканалі план у пяць разоў. Вывазку арганікі працягваем і зараз: напрыклад, з малочнатаварнага комплексу “Альхоўка” вывезлі ажно 54 тысячы тон – гэта не рабілася некалькі гадоў запар.

Мы наведаліся на палеткі ва ўрочышчы Струкі, дзе вяліся работы па ўнясенні арганічных угнаенняў. Загрузкай арганікі на “Амкадоры” займаўся Мікалай Сцепанян, у мінулым перадавы жывёлавод гаспадаркі, які перайшоў у механізатары і таксама выдатна сябе зарэкамендаваў у гэтай справе. На трактарах з раскідвальнікамі шчыравалі Аляксандр Суднік-малодшы і Яўген Ярмаковіч. Гэта пяцідзесяцігектарнае поле на момант выхаду газеты будзе ўжо ўзарана і падрыхтавана да сяўбы кукурузы, якую плануецца завяршыць на ўсіх участках, калі не перашкодзяць дажджы, да канца тыдня.

Адначасова ў гаспадарцы актыўна вядзецца хімпраполка збожжавых – па 120-130 гектараў у дзень, падсяваюцца і засяваюцца шматгадовыя травы на далучаных землях у раёне вёскі Вітунічы. Радуюць галоўнага агранома папаўненне машынна-трактарнага парку гаспадаркі двума “Кіраўцамі”, што адбылося на днях, а яшчэ больш – палеткі з азімымі культурамі, яравыя збожжавыя, якія пасля належнай падкормкі буйна пайшлі ў рост.

– Зразумела, ёсць яшчэ пагодныя ўмовы, на якія мы паўплываць не можам, – тут рызыка заўсёдная, але можам сёння з чыстым сэрцам сказаць, што прыклалі ўсе намаганні, каб правесці неабходныя для атрымання дастойнага ўраджаю тэхналагічныя працэсы на дадзеным этапе, – падкрэсліў Андрэй Генрыхавіч. – Як вядома, шлях наверх нашмат больш цяжкі і марудны, чым уніз. Але ж хто не перажываў такога, той не зразумее хлебаробскай радасці ад плённых вынікаў – гор спелай збажыны і чорнага “рапсавага золата” на зернетаку, паўнюткіх сянажных і сіласных траншэй і ўсведамлення: добра спрацавалі!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *