Четыре семьи приняли участие в районном конкурсе «Семья года» в Докшицах
У Докшыцах адбыўся раённы конкурс «Сям’я года». За званне найлепшай спаборнічалі сем’і Каросцік, Прускіх і Сухарэвіч з Докшыц, Рымант з Бягомля і Чыкуновых з Порплішча.
Удзельнікаў віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і прадстаўнікі духавенства: благачынны Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Леанід Страха і настаяцель касцёла Святой Тройцы ў г. Докшыцы айцец Ігар Колзун.
Валянціна Рандарэвіч ад імя дэпутацкага корпуса раёна, райвыканкама і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”павіншавала прысутных з Днём сям’і.
– У нашай краіне для ўмацавання інстытута сям’і праводзіцца шэраг сістэмных мерапрыемстваў, – сказала яна. – Перш за ўсё статус сям’і замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Выпрацавана сістэма мер для падтрымкі сем’яў – ад маладых да шматдзетных, аказваецца дапамога пры нараджэнні дзяцей і ў выпадку непрадбачаных сітуацый. І, канечне, радасна, што для кожнага беларуса сям’я – гэта вялікая хрысціянская каштоўнасць.
Балельшчыкі сустракалі ўдзельнікаў гучнымі воклічамі і апладысментамі, з плакатамі і паветранымі шарамі. Забягаючы наперад, можна адзначыць, што ў зале на працягу ўсіх спаборніцтваў панавала хвалюючая атмасфера.
Удзельнікі прэзентавалі свае творчыя праекты “Сям’я: формула шчасця”, дзе прадэманстравалі, як наладзіць чат на максімум пазітыву, арганізаваць шумныя святы, аб’яднацца ў адно цэлае і стаць непераможнай камандай. Відэаролікі “Усё пачынаецца з сям’і”, запісаныя загадзя, паказалі, як канкурсанты жывуць і наладжваюць адносіны паміж сабой дома. Відэаматэрыялы былі апублікаваны ў Тэлеграм-канале “PRO_Докшыцы”, дзе было аб’яўлена глядацкае галасаванне. У дадатак мамы і таты адказвалі на сцэне на разнастайныя пытанні вядучых: чаму самаму галоўнаму навучылі дзеці? Без чаго немагчыма ўявіць агульны выхадны? Што зразумелі пра каханне і шчасце, чаго не ведаюць іншыя?
Сур’ёзным было прадстаўленне сацыяльных праектаў да Года беларускай жанчыны. Мамы паўсталі перад гледачамі не толькі як захавальніцы сямейнага ачага, але і як таленавітыя прафесіяналы, мудрыя настаўнікі, лідары і натхняльнікі. Яны гатовы мяняць свет да лепшага з уласнымі праектамі “Мама можа”, “QR-код сям’і “Маміны крылы”, “Цяпло і святло для вялікай сям’і: эканомім разам”, “Радавод: жаночая нітка часу” і “Дапамажы сваёй бабулі”.
І вось журы гатова аб’явіць вынікі! Сем’і выступілі настолька паспяхова, што вызначыць найлепшую было надзвычай складана як журы, так і глядацкай зале.
Але конкурс ёсць конкурс: пераможцай прызнана сям’я Сухарэвіч: тата Марат Валяр’янавіч, мама Алена Уладзіміраўна і іх дзеці – Максім, Валерыя, Анастасія і Арцём! Яны ж перамаглі і ў намінацыі “Лепшы відэаролік”. Менавіта Сухарэвічы прадставяць раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. А як бонус – фотабанер сям’і будзе размешчаны на адным з будынкаў нашага райцэнтра.
Вызначаны пераможцы і ў асобных намінацыях: “Самая артыстычная” – сям’я Рымант, “Самая згуртаваная” – сям’я Чыкуновых, “Самая творчая” – сям’я Каросцік, “Самая крэатыўная” – сям’я Прускіх.
Цырымонія ўзнагароджання была ўрачыстай. Удзельнікам уручаны дыпломы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, падарункавыя сертыфікаты, тарты, кветкі. Кранальнымі былі віншаванні і ад калег удзельнікаў.
Дапоўнілі конкурсную праграму канцэртныя выступленні мясцовых артыстаў, а ў фае былі арганізаваны тэматычная пляцоўка РАНС у рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечныя канікулы” і забаўляльная гульня “У пошуках сямейных скарбаў”.
Сацыяльнымі партнёрамі раённага конкурсу “Сям’я года” выступілі РА ГА “Белая Русь”, РА ГА “Беларускі саюз жанчын”, раённае аддзяленне Віцебскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь”, РА ГА “Беларускі фонд міру”, РА ГА “БРСМ”, РА Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых арганізацый ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, работнікі якіх з’яўляюцца ўдзельнікамі конкурсу, і докшыцкі хлебазавод.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.














