Сельхозорганизации Докшицкого района перешли на пастбищное содержание скота

IMG_0451 с

Жывёлавод ААТ “Барсучанка” Міхаіл Бычок.

Як толькі першыя веснавыя дажджы пачалі фарміраваць належны травастой, сельгаспрадпрыемствы раёна, за выключэннем ААТ “Бягомльскае” і КУСГП “Гняздзілава-Агра”, дзе жывёла ўтрымліваецца на малочнатаварных комплексах з даільнымі заламі бязвыпасна, паспяшаліся перавесці жывёлу са стойлавага ўтрымання на пашавае. У ААТ “Барсучанка” гэта зрабілі ўжо напрыканцы красавіка і ў першых чыслах мая.

Зразумела, пераходу паспрыялі не толькі павышэнне тэмпературы паветра і рост траў, але і своечасова праведзеная падрыхтоўка: абсталяванне месцаў выпасу, арганізацыя належных умоў для пражывання пастухоў, якія знаходзяцца на пашы кругласутачна, вырашэнне іншых пытанняў.

Як вядома, вытворчасць малака падчас знаходжання кароў на пашы складае парой больш за 65 працэнтаў ад гадавога валавога надою, пры гэтым затраты кармоў на адзінку прадукцыі зніжаюцца на 30 працэнтаў, а сабекошт – ледзь не ў два разы. Жывёла ў полі пад уздзеяннем сонечнага святла, свежага паветра і вітамінных кармоў аздараўляецца, становіцца мацнейшай. Таму цалкам зразумелае жаданне жывёлаводаў выкарыстаць сезон з максімальнай аддачай, пачаць яго як мага раней.

Статак з малочнатаварнай фермы “Пералоі” выпасваюць чатыры пастухі, па двое, суткі праз суткі. Мы заспелі за работай жывёлаводаў гэтай фермы Пятра Гапанёнка і Міхаіла Бычка. Абое ў галіне не навічкі, даўно заваявалі аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва гаспадаркі сваёй адказнасцю і добрасумленнасцю, адсутнасцю парушэнняў працоўнай дысцыпліны і прафесіяналізмам.

Напярэдадні пераводу жывёлу на пашавае ўтрыманне ў калектывах фермаў праведзены сходы, работнікі азнаёмлены з правіламі правядзення пашавага перыяду, расцэнкамі за атрыманую прадукцыю, прайшлі інструктажы па захаванні тэхнікі бяспекі. Месцы выпасу своечасова абсталявалі перасоўнымі даільнымі ўстаноўкамі, станкамі для асемянення, сродкамі водапаення, для пастухоў, якім даводзіцца знаходзіцца на пашы кругласутачна, абсталявалі вагончыкі, дзе ёсць ложкі, сталы, печкі-буржуйкі. Арганізацыя ж гарачага харчавання ў сельгаспрадпрыемстве заўжды на вышыні.

Як мы заўважылі, жывёла з апетытам паядае траву, якая пасля дажджоў, што прыйшлі на змену зацяжной засусе, дасягнула аптымальнай вышыні ў 15-20 сантыметраў. Тым не менш клеткі жывёлаводам даводзіцца перастаўляць часта, у вагончыку асабліва не паляжыш. Распавялі нам, што клопатаў ім дадаюць казулі, якіх у гэтых мясцінах развялося шмат.

“Гарцуюць туды-сюды, як пачынае цямнець, і абрываюць правады электрапастуха, з-за чаго каровы выходзяць за межы клетак, – уздыхае Міхаіл Бычок. – Таму нам аператыўна трэба праводзіць рамонт і зганяць статак на месца, каб не нарабіў шкоды”.

У значным прыросце надояў, несумненна, вялікая доля заслугі пастухоў, якія да ўсяго выяўляюць жывёлу ў ахвоце, а часам і дапамагаюць карове расцяліцца. А яшчэ значную ролю іграе якасць пашаў.

– Менавіта ў гэтым плане “Барсучанка”, дзе перазалужэнню, падсеву пашаў, стварэнню іх шматкампанентнасці надзяляецца неабходная ўвага, можа быць адзначана толькі са станоўчага боку, – адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Лібоза. – Належным чынам вядзецца работа ў гэтым кірунку і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Малако ў каровы на языку – старая, як свет, ісціна. Ды і знаходжанне статкаў на свежым паветры заўсёды спрыяе аздараўленню жывёлы.

У чатырох сельгаспрадпрыемствах раёна – ААТ “Барсучанка”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Докшыцкі” і КУСГП “АграСітцы” – выпасваецца 19 дойных статкаў, у якіх налічваецца 3600 галоў жывёлы, і 8 статкаў цялушак, дзе пагалоўе складае 1600.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *