Бесперебойная работа «электронного щита» в надежных руках электромонтера Докшицкого отделения Департамента охраны Игоря Толярёнка

IMG_0024 с

Бяспека горада – гэта не толькі патрульныя міліцэйскія аўтамабілі і строгія людзі ў форме. Гэта яшчэ і складаны тэхнічны арганізм з тысяч датчыкаў і прыбораў. У Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы за бесперабойную работу “электроннага шчыта” вось ужо амаль дваццаць гадоў адказвае электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі Ігар Таляронак.

– Наша работа як хірургія, – гаворыць Ігар Аляксандравіч, – толькі замест скальпеля ў руках электрамеханікаў – паяльнік, ад умелай работы якім залежыць бяспека электрасувязі. Кожны з нас у звычайным жыцці акружаны вялікай колькасцю самага разнастайнага аўтаматычнага абсталявання. Тысячы нябачных лазерных прамянёў, інфрачырвоных датчыкаў, магнітных сэнсараў і кіламетраў кабеляў ахопліваюць банкі, крамы, школы і жылыя дамы. Спраўная работа гэтага лічбавага павуціння – адказнасць нашай службы. Уявіце сітуацыю: глыбокая ноч, праліўны дождж. На адным з аб’ектаў, які знаходзіцца пад аховай аддзялення Дэпартамента аховы, спрацоўвае “трывога”. Сігнал імгненна ляціць на пульт, група затрымання імчыцца на месца, але… слядоў узлому няма. Парушальніка няма. Аказваецца, старая галіна дрэва зачапіла лінію перадач ці з-за навальніцы адбыўся скачок напружання. На выклік адпраўляюцца электраманцёры, якім за мінімальны час трэба знайсці пашкоджаны кантакт сярод сотняў метраў правадоў і вярнуць сістэму ў строй.

Ігар Таляронак родам са Слабады Крулеўшчынскага сельсавета. Са школы захапляўся фізікай, таму прафесію тэхніка-электрамеханіка выбіраў свядома.

– Калі прыйшоў працаваць у Дэпартамент аховы, а было гэта на пачатку 2000-х, уся тэхніка па сённяшніх мерках была, так сказаць, “першабытнай”, – дзеліцца ўспамінамі Ігар Аляксандравіч. – Мы працавалі з простымі рэлейнымі сістэмамі, механічнымі датчыкамі. Перадача сігналу ішла выключна па правадных тэлефонных лініях. Калі дзесьці здараўся абрыў, шукаць яго прыходзілася гадзінамі. Цяпер усё змянілася да непазнавальнасці: бесправадныя тэхналогіі, аптычнае валакно, разумныя датчыкі руху. Прагрэс каласальны, і мне пашчасціла быць удзельнікам гэтай тэхнічнай рэвалюцыі ў нашым аддзяленні. Заўсёды любіў вучыцца новаму і павышаць свой досвед. Вось і не так даўно аддзяленне накіравала мяне ў навучальны цэнтр у г. Гарані. На курсах разбіралі найскладаныя схемы, тэсціравалі новыя прыборы.

Сёння Ігар Таляронак не проста вопытны супрацоўнік, а сапраўдны настаўнік для маладых спецыялістаў аддзялення. Ён ахвотна дзеліцца неацэннымі ведамі, а часам і прафесійнымі лайфхакамі, якія заўсёды неабходныя ў рабоце.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *