От скамейки до кукольного домика. Работники цеха деревообработки и столярных изделий РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» справятся с любой задачей
У вытворчую базу РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” уваходзіць цэх дрэваапрацоўкі і сталярных вырабаў. Гэта падраздзяленне не толькі закрывае ўнутраныя патрэбы прадпрыемства па добраўпарадкаванні, але і актыўна прымае індывідуальныя заказы ад насельніцтва.
Апошнім часам сыравіну для сваіх вырабаў камунгас набывае ў Бягомльскім лясгасе, бо брыгада, якая займалася нарыхтоўкай драўніны, была раскамплектавана.
– Сталяры працуюць, у асноўным, з елкай, сасной, іншы раз з асінай і алешынай, – паведаміў майстар цэха Аляксандр Падалец. – Вытворчыя памяшканні аснашчаны прафесійным абсталяваннем. Нягледзячы на тое, што яго выпуск датуецца пачаткам васьмідзясятых, станкі працуюць спраўна, не горш за сучасныя. Аднак тэхніка – гэта толькі інструмент у руках чалавека. Галоўная каштоўнасць цэха – яго людзі. Вопытныя сталяры Юрый Суднік, Ігар Тамашэвіч і Аляксандр Мароз ведаюць усе сакрэты работы з драўнінай: якую пароду лепш выбраць для вулічнай мэблі, як зрабіць канструкцыю макісмальна антывандальнай.
Увогуле, уласная сталярная вытворчасць для камунгаса – гэта выдатнае гаспадарчае рашэнне, якое дазваляе эканоміць сродкі. Любая зламаная лаўка ў двары шматпавярховіка ці цэнтры горада, дэталь ад гульнявога комплексу на дзіцячай пляцоўцы будзе аператыўна заменена альбо адрамантавана сіламі сваіх жа майстроў.
– З дрэва зрабіць можам многае, акрамя запалак, – жартам гаворыць Ігар Тамашэвіч, які ў цэху працуе восем гадоў. – Сярод вырабаў – вокны і дзверы, лаўкі, вулічныя прыбіральні, садовыя гарнітуры, агароджы для кантэйнерных пляцовак, лесвіцы, пясочніцы і многае іншае. Ад насельніцтва таксама прымаем заказы па індывідуальных эскізах. Аднойчы нават папрасілі змайстраваць лялечны домік. Што ж, і такая ювелірная работа аказалася падуладнай.
Асартымент прадукцыі, якую выпускаюць мясцовыя ўмельцы, здзіўляе сваёй разнастайнасцю. Пра такіх гавораць: адчуваюць дрэва рукамі.
– Спачатку ідзе строгая апрацоўка сыравіны, а затым распілоўка, шліфоўка да бляску і зборка, – падкрэслівае Аляксандр Мароз, які ў сталярцы адпрацаваў дваццаць гадоў. – Гатовы выраб павінен быць не толькі прыгожым, але і абсалютна бяспечным: без вострых вуглоў і шурпатасцей.
Дарэчы, калі вы жадаеце зрабіць лаўку па індывідуальным эскізе альбо маеце патрэбу абзавесціся ў гаспадарцы лесвіцай, можаце звярнуцца ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” з заявай, указаць неабходныя памеры вырабу і пакінуць свой нумар мабільнага тэлефона.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

