Мошеннические схемы с псевдосотрудниками и сдачей аккаунтов в аренду зарегистрированы в Докшицком районе

8ef1b78ef551488a260b0753c523292c

Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў праводзяць рэгулярную работу па прафілактыцы кіберзлачынстваў. На сустрэчах у працоўных калектывах, са школьнікамі, з людзьмі пажылога ўзросту міліцыянеры расказваюць пра розныя схемы крадзяжу грошай і тлумачаць, як не трапіць у падобныя сітуацыі. На жаль, праваахоўнікам даводзіцца канстатаваць здзяйсненне жыхарамі раёна неабдуманых дзеянняў, якія прывялі да значных фінансавых страт.

– За паўгода на тэрыторыі горада і раёна зарэгістравана 7 кіберзлачынстваў па лініі процідзеяння кіберзлачыннасці. З іх – 1 вымагальніцтва, 5 махлярстваў, 1 крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай тэхнікі. У аналагічным перыядзе мінулага года было здзейснена 6 злачынстваў, – расказвае намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік Іван Кавалёнак. – Агульная шкода ад учыненых злачынстваў склала амаль 10 тысяч рублёў. У двух выпадках устаноўлены падазраваемыя асобы. Гэта маладыя людзі да 20 гадоў з сярэдняй і базавай адукацыяй, якія з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Інтэрнэту, а таксама аматарамі анлайн-гульняў і казіно.

Паводле міліцэйскай статыстыкі, самымі распаўсюджанымі спосабамі махлярства па-ранейшаму застаюцца зносіны ў мабільных месенджарах і выкананне ўказанняў зламыснікаў, а таксама перавод грашай за неіснуючы тавар, знойдзены на гандлёвых пляцоўках у сацсетках. Часцей за ўсё ашуканцы выкарыстоўваюць месенджары, замежныя IP-адрасы, крыптакашалькі. Таксама выкрадзеныя сродкі выводзяцца прама на карткі замежных дзяржаў ці праз крыпта-валюту і букмекерскія канторы.

– Дарэчы, кожнае трэцяе зарэгістраванае паведамленне, якіх за паўгода налічваецца каля 500, з’яўляецца паведамленнем аб званках махляроў пад рознымі падставамі. Людзі адразу альбо праз некаторы час размовы разумелі, што маюць зносіны са зламыснікамі, і спынялі размову. І гэта толькі тыя, якія паведамілі пра спробы махлярства ў міліцыю, – адзначае Іван Паўлавіч.

У сакавіку пенсіянерцы зламыснікі тэлефанавалі на мабільны, у “Вайбер” і “Телеграм”, у ходзе размовы выдавалі сябе за супрацоўнікаў ЦРБ, банка, следчага камітэта, адваката і псіхолага. Злачынцы падманулі жанчыну, прымусілі яе зняць са свайго банкаўскага рахунку 4 тысячы долараў, дадаць зберажэнні, якія захоўваліся дома, і перадаць іх незнаёмаму кур’еру ашуканцаў, які на таксі прыехаў аж з Баранавіч. Аператыўнікі ўстанавілі і затрымалі яго на чыгуначным вакзале ў Мінску. Кур’ер ужо набыў білет да Масквы. Зберажэнні ў суме больш за 15 тысяч рублёў вернуты ўладальніцы.

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню праваахоўнікаў з работнікамі банкаў на прадмет аператыўнага прадастаўлення інфармацыі аб падазроных паводзінах кліентаў, якія ажыццяўляюць грашовыя пераводы, альбо тых, хто звярнуўся па атрыманне крэдыту, удалося прадухіліць чарговы крадзеж. Жыхарка раёна пад уздзеяннем махляроў двойчы за ўласныя сродкі ездзіла на таксі ў Мінск, дзе ўзяла крэдыт на 8 тысяч рублёў і перадала кур’еру. Яшчэ 6 тысяч, якія таксама пазычыла ў банка, перадаць не паспела.

Асаблівай увагі патрабуюць дзеці і падлеткі, якія не заўсёды ўсведамляюць наступствы сваіх дзеянняў у месенджарах. Так, 10 навучэнцаў устаноў адукацыі раёна здалі ў арэнду свае ўліковыя запісы ў “Вайбер” за лічбавую валюту ў месенджары “Телеграм”. неўстаноўленым асобам, якія потым здзейснілі ашуканскія дзеянні ў дачыненні да грамадзян іншых рэгіёнаў рэспублікі. Непаўналетнія робяць так, каб атрымаць зоркі ў “Телеграм”. (Telegram Stars – унутраная лічбавая валюта месенджара, з дапамогай якой карыстальнікі могуць набываць лічбавыя тавары ў ботах, аплачваць падпіскі на платны кантэнт, рабіць пакупкі, а таксама адпраўляць платныя рэакцыі і падарункі іншым карыстальнікам названага месенджара. – Рэд.)

Абапіраючыся на вопыт і існуючую аператыўную абстаноўку, праваахоўнікі робяць выснову, што колькасць званкоў і схем падману будзе павялічвацца, таму ўдзяляюць асаблівую ўвагу прафілактыцы кіберзлачынстваў і павышэнню лічбавай граматнасці насельніцтва.

Наталля ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *