Уже двенадцать тысячников в Докшицком районе

Уладзімір Лаўцэвіч, Васіль Васюковіч, Аляксандр Суднік, Віктар Суднік і Віктар Гаўрыловіч (справа налева).
На гэтым тыдні віншаванні з тысячным намалотам прымалі камбайнеры ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Таргуны”.
У райаграсэрвісе, дзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых упэўнена трымае бронзу ў раёне, адразу тры старшыя камбайнеры апынуліся ў лідарах. Не было ніякіх сумненняў, што імі стануць Уладзімір Лаўцэвіч, Аляксандр і Віктар Суднікі. Віншаванні і ўзнагароды зорныя прафесіяналы прымалі па традыцыі ад старшыні райкама прафсаюза АПК Васіля Васюковіча, а таксама ад кіраўніка гаспадаркі Віктара Гаўрыловіча. Зусім нямнога да значнага рубяжу засталося старшаму камбайнеру Вячаславу Кавалёнку, і яго імя абавязкова будзе гучаць ужо ў ліку наступных тысячнікаў.
Паўла Рудзько заспелі на выездзе з палеткаў каля вёскі Несцераўшчына – жняярка з камбайна ўжо была на лафетцы. Аператыўны пераезд на іншае поле – і зноў за работу: стаіць добрае надвор’е, таму кожная хвіліна каштоўная. Шчырыя віншаванні таргуноўскага перадавіка, моцны поціск рукі – і без прамаруджвання магутны карабель палёў пад яго кіраўніцтвам адпраўляецца ў шлях.
У такую гарачую пару ў нашых механізатараў і вадзіцеляў, занятых на жніве, няма ні выхадных, ні святочных дзён. На свяце горада і фестывалі яны могуць папрысутнічаць хіба што познім вечарам, калі на тое будуць сілы. У паклоне за самаадданую працу ад усіх нас хіляць перад імі галовы каласы.
Алена НЕСЦЯРОНАК

