В Докшицах в рамках Республиканского фестиваля дружбы и искусства «Две реки» прошёл открытый конкурс семейного творчества «Ярмарка семейных талантов»
Адкрыты конкурс сямейнай творчасці “Кірмаш сямейных талентаў” адбыўся ў гарадскім Цэнтры культуры ў рамках фестывалю сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”.
Традыцыйна конкурс даў магчымасць сем’ям-удзельніцам праявіць свае здольнасці ў самых розных намінацыях. Мінулагоднія пераможцы ў намінацыі “Сям’я з незвычайнымі талентамі” дакшычане Шуткіны-Палячонак выступілі ў намінацыі “Сямейная прыкладная творчасць” і сёлета яшчэ больш пашырылі жанравую разнастайнасць сваіх адметных і высокапрафесійных работ. Да Уладзіміра Валянцінавіча, нашага слыннага майстра-каваля і чаканшчыка, яго дачкі Людмілы, якая працуе з металам і бетонам, унучкі Крысціны, што стварае непаўторныя маляванкі, далучылася яшчэ і ўнучка Вераніка са сваімі першымі (і ўдалымі!) спробамі вырабу жаночых і дзіцячых упрыгажэнняў. У гэтай жа намінацыі заявілі пра сябе Аксана Зорына і яе сыны Дзяніс і Аляксандр з Віцебска. Сям’я паспяхова аднаўляе напаўзабытае майстэрства выцінанкі. Дзмітрый Іваноў і Ірына Карнілава з Аршанскага раёна не толькі прадставілі свае работы (Дзмітрый займаецца аднаўленнем старажытных прылад працы і музычных інструментаў, Ірына – майстар па шыцці і пляценні з бісеру), але і выступілі з песняй “Сінявокая” ў намінацыі “Пявучая сям’я”.
У дзвюх намінацыях спрабавалі свае сілы Маргарыта Зубарава з унучкамі Ганнай і Аксанай з аг. Порплішча. Маргарыта Сямёнаўна вынесла на суд журы свае жывапісныя карціны і карціны ў тэхніцы квілінгу, лялькі, куфэркі і іншыя работы, а ў намінацыі “Тэатральная сям’я” заявіла пра сябе як аўтар і выканаўца вершаў. Бабуліны творы чыталі таксама ўнучкі.
Не першы раз прымае ўдзел у конкурсе Наталля Канцавая – яшчэ адна наша знакамітая майстрыха, якой падуладны на высокім узроўні вышыўка, вязанне, бісерапляценне і шыццё.Маму падтрымалі не менш таленавітыя ў розных галінах дочкі Надзея і Таццяна, а таксама ўнук Уладзіслаў. Дзве новыя калекцыі адзення аўтарства Наталлі Іванаўны – “Ляці, лета!” і “Спадчына” – ярка прадставіў на сцэне ГЦК тэатр моды “Рэальны ўзрост” з г. Мінска.
У намінацыі “Музычная сям’я” выступілі пераможцы тэлепраекта “Хата на хату” – ансамбль “Чароўныя музыкі”, які заснавалі Віктар і Алена Скарынавы з Шуміліна разам з дзвюма дочкамі і сынам. Сям’я выканала музычнае папуры “Вянок беларускіх мелодый”.
У намінацыі “Тэатральная сям’я” з сям’ёй Зубаравых-Марчанка спаборнічалі сёстры Дзіяна Каплій і Данута Гурэнчык з г. Беразіно. Дзіяна прачытала аўтарскі верш, прысвечаны Докшыцам, а Данута – байку К. Крапівы “Балет”.
Як пявучыя сем’і заявілі пра сябе, акрамя дуэта Іванова-Карнілавай, Мікалай Кургей, які шмат гадоў працуе ў Бярэзінскім сельскім клубе-бібліятэцы, з дачкой Аленай, што прыязджае падтрымаць тату на святах і конкурсах са сталіцы, – яны выканалі песню “Приходите в мой дом”. Яшчэ адзін дуэт – Ірына і Дзяніс Шымук. Ірына Францаўна прыехала з Пастаў, а Дзяніс працуе дырэктарам філіяла “Крулеўшчынская дзіцячая школа мастацтваў”. У выкананні маці і сына прагучала песня “Хата бацькоў”.
Прагуляцца па вулачках роднай краіны аднайменнай песняй прапанавалі гледачам сястрычкі Кацярына і Ксенія Ілюшыны з аг. Порплішча, любоў да музыкі якім перадала мама Вольга Віктараўна. А мама і дачушка Анастасія і Арына Чурко з Докшыц кранальна выканалі хіт Сафіі Ратару “Аист на крыше”.
Завяршыла выступленні спевакоў песняй “Радуйся” сям’я Красільнікавых з Докшыц у складзе таты Сяргея Сяргеевіча, мамы Марыны Генадзеўны і дзяцей Сяргея, Крысціны і Анастасіі. У таленавітай сям’і шмат захапленняў, пачынаючы са спорту (Сяргей Красільнікаў – чэмпіён Украіны па грэка-рымскай барацьбе) і заканчваючы рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Пераможцы
“Сямейная прыкладная творчасць” – сям’я Зорыных.
“Пявучая сям’я” – сям’я Красільнікавых.
“Тэатральная сям’я” – сям’я Каплій-Гурэнчык.
“Музычная сям’я” – сям’я Скарынавых.
“Сям’я з незвычайнымі талентамі” – сям’я Наталлі Канцавой.
P.S. Як жа складана было журы! І першае месца хацелася прысудзіць усім удзельнікам!
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.















