Целый прицеп от мотоблока. Именно столько грибов собрали жители агрогородка Торгуны

Спадары Варанковічы з унучкамі пасля ўдалага ціхага палявання.

Спадары Варанковічы з унучкамі пасля ўдалага ціхага палявання.

Нядаўна жыхары аграгарадка Таргуны Іван і Вера Варанковічы сабралі грыбоў (а большасць з іх баравікі!) столькі, што яны ледзь памясціліся ў прычэп мотаблока.

– Хоць мы і мясцовыя жыхары, але такога грыбнога “ўраджаю” ў сваім жыцці ніколі не мелі, – прызналася шчаслівая Вера Лявонцьеўна. – Ну прынясеш кошык, вядро ці часам два. А каб вось так – грыбы гарой – упершыню.

Натрапілі на палянку, густа заселеную таварышамі ў карычневых капелюшах, выпадкова. Іван Уладзіміравіч найперш убачыў ласіныя рогі, скінутыя, як аказалася, зусім нядаўна іх магутным уладальнікам. Чаму так рашылі? Заўважылі падзёртую кару на дрэвах: лось жа не можа, проста паматляўшы галавой, пазбавіцца ад свайго галінастага хараства – патрэбен упор. Разгледзеўшы знаходку, сужэнцы раптам заўважылі, што стаяць сярод патаптаных жывёлінай баравікоў. Зірнулі далей – ды іх тут процьма!

– Такое задавальненне атрымалі збіраючы – не перадаць словамі! – распавядае далей Вера Лявонцьеўна. – Не толькі баравікі трапляліся – і падасінавікі дзе-нідзе чырванелі, і тыя баравікі, якія ў нас называюць польскімі, і махавічкі… Сабраць у азарце сабралі, а трэба ж было ўсё перапрацаваць аператыўна. Клопату сабе нарабілі нямала, але ж гэта прыемны клопат, радасны.

photo_2026-09-21_15-13-36

Вынік таго ўдалага палявання – пятнаццаць літраў марынаваных баравікоў, пяць – сушаных. Яшчэ 13 літраў адваранага асарці паклалі ў маразілку. Два вядры падарылі родным, а адно, смяецца суразмоўца, пайшло ў адходы: пры больш дэталёвым аглядзе менавіта такая колькасць грыбоў аказалася непрыдатнай, пашкоджанай знутры. Ну дык жа дробязь у параўнанні з вышэйпералічаным. Гэта быў не першы паход дружнай сямейнай пары ў лес – яшчэ і колькасцю сабраных апенек могуць спадары Варанковічы пахваліцца, здымак, што прыслалі нам у рэдакцыю, таму пацвярджэнне. Бульбы накапалі, грыбоў нарыхтавалі, жартуе Вера Лявонцьеўна, любых гасцей ёсць чым пачаставаць. Жарты жартамі, а гарачая бульба з марынаванымі баравікамі ці поліўка з сушанымі – ці ёсць што смачнейшае?

Алена НЕСЦЯРОНАК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *