Экскурсионную поездку организовали для членов и друзей районной организации ОО «Белорусское общество инвалидов»

ЕН 1957 с

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Яўгенія Сураўцава працягвае арганізоўваць экскурсійныя паездкі для членаў і сяброў арганізацыі па Беларусі. Гэтым разам наведалі сталіцу.

У планах – пабываць у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, а таксама правесці час у заапарку і дэльфінарыі. Як адзначыла Яўгенія Аляксандраўна, каб было што паглядзець і для розуму, і для душы.

Камфортны аўтобус для паездкі прадаставіў індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Аземблоўскі, які заўжды ідзе насустрач у такіх пытаннях. Паспрыяла ў суботу і надвор’е, калі спякота спала.

Якія ўражанні засталіся ад наведвання бібліятэкі? Мяркуючы па водгуках, самыя станоўчыя. Сапраўды, хіба можа не ўражваць 23-павярховы будынак у форме гіганцкага алмаза, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, агульнай масай каля 140 тысяч тон, не кажучы ўжо пра маштабную медыяфасадную падсветку, аглядавую пляцоўку на вышыні амаль 74 метры над зямлёй – панарамны від горада проста заварожвае. Фонды Нацыянальнай бібліятэкі налічваюць больш за 10,5 мільёна экзэмпляраў кніг і дакументаў на розных мовах. Гэта друкаваныя выданні, рэдкія кнігі, мікракопіі і лічбавыя матэрыялы. Шкада, што ўсё ж такі недастаткова часу адведзена для наведвання музея кнігі, дзе захоўваюцца рэдкія рукапісы і старадрукаваныя выданні ХV – ХХІ стагоддзяў, у тым ліку і кнігі першадрукара Францыска Скарыны, а таксама прадстаўлены найбольш поўныя ў краіне зборы дакументаў ААН, ЮНЕСКА і Еўрапейскага саюза. Яшчэ з адметнасцей – сучасныя чытацкія залы, дзе зручна і камфортна працаваць, выставы, што знаёмяць з культурай нашай краіны, шкляная падлога на трэцім паверсе, праз якую бачны другі і шмат яшчэ іншых “разынак”, што засталіся ў памяці.

Мора пазітыўных эмоцый прынесла і наведванне дэльфінарыя з яркім шоу з удзелам марскіх коціка і льва і, канешне ж, дэльфінаў. Асабліва шчаслівай выглядала дзятва, якая на трукі разумных жывёлін і вадзяныя пырскі рэагавала смехам, піскам і задаволенымі выклікамі. Запомнілася і прагулка па заапарку. Асабліва ўразіў наш беларускі мядзведзь, побач з якім львы і тыгры выглядалі менш унушальна.

Крыху стомленыя, але бязмерна задаволеныя вярталіся ў Докшыцы, гадаючы, куды ж нястомная і дзейная Яўгенія Сураўцава арганізуе паездку наступным разам. Што будзе не менш цікава і запамінальна, няма сумненняў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *