Уголовные дела против половой неприкосновенности детей рассмотрены в суде Докшицкого района
Непаўналетнія патрабуюць абароны ад зламыснікаў не толькі на вуліцы ці ў Інтэрнэце, але і сярод блізкага асяроддзя. Сёння пазнаёмімся з крымінальнымі справамі, узбуджанымі па фактах злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей. Яны разгледжаны на судовых пасяджэннях пад кіраўніцтвам старшыні суда раёна Вячаслава Елісеенкі з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы Надзеі Міцько – намесніка пракурора раёна.
Гвалт
Адна са спраў узбуджана па арт. 167 КК Рэспублікі Беларусь “Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару” ў адносінах да ўраджэнца Докшыччыны 1992 года нараджэння.
Мужчына жанаты, мае маленькую дачку, неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за згвалтаванне, за якое быў пазбаўлены волі на сем гадоў, меў не знятую і не пагашаную ва ўстаноўленым законам парадку судзімасць.
У той вечар, застаўшыся з начлегам у стрыечнай сястры, п’яны госць адвёў яе 11-гадовую дачку ў асобны пакой, дзе сілай утрымліваў у кутку. Ссунуў з дзяўчынкі бялізну і здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Перад гэтым прапаноўваў “пераспаць”. Маці ў гэты момант не было дома, але непаўналетняй удалося вырвацца на вуліцу.
Падчас следства фігурант справы адмаўляў сваю віну, тым не менш суд яе устанавіў.
– Дзеянні сексуальнага характару ўчынены насуперак волі пацярпелай з прымяненнем гвалту, з выкарыстаннем яе бездапаможнага становішча, –пракаменціравала сутнасць факта Надзея Міцько. – На падставе ч. 3 арт. 167 КК Рэспублікі Беларусь суд прызначыў грамадзяніну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 10 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах асобага рэжыму (максімальны тэрмін па гэтым артыкуле – 15 гадоў). Таксама вінаватаму прызначана прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму. Вызначаючы пакаранне, суд прыйшоў да высновы аб наяўнасці ў дзеяннях абвінавачанага асабліва небяспечнага рэцыдыву злачынстваў, паколькі ён раней быў асуджаны за асабліва цяжкае злачынства і зноў здзейсніў такое ж па ступені небяспекі для грамадства. Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу.
Распусныя дзеянні
Цынічныя ўчынкі, накіраваныя на палавое разбэшчванне дзіцяці і ўзбуджэнне ў яго нездаровай палавой цікавасці, падпадаюць пад санкцыі артыкула 169 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Распусныя дзеянні”.
– Дэманстрацыя палавых органаў, непрыстойныя дотыкі да цела дзіцяці, прымус да прагляду парнаграфіі, вядзенне цынічных размоў на сексуальныя тэмы паўналетняга з дзіцём, якое заведама не дасягнула 16 гадоў, – гэта ўсё распусныя дзеянні, – патлумачыла Надзея Міцько. – Калі да таго ж яны звязаны з фізічным палавым актам ці гвалтоўнымі замахамі, то ўжо трапляюць пад санкцыі іншых артыкулаў.
У якасці прыкладу Надзея Віктараўна паведаміла пра адну з крымінальных спраў па артыкуле 169.
Фігурант справы – жыхар раёна 1971 года нараджэння, з сярэдняй адукацыяй, разведзены і раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. У дзень здзяйснення злачынства ён знаходзіўся ў грамадскім месцы аднаго з аграгарадкоў раёна.
– Грамадзянін заўважыў, што да яго набліжаюцца дзве малалетнія дзяўчынкі – як пазней выявілася, 2017 і 2019 гадоў нараджэння, – расказала Надзея Міцько. – Калі дзяўчынкі падышлі бліжэй, мужчына схапіў адну з іх рукой за шыю, тым самым здзейсніўшы распусныя дзеянні – наўмысна, супрацьпраўна, з мэтай задавальнення сваіх палавых патрэб, узбуджэння ў малалетніх палавога прыцяжэння. Насуперак інтарэсам пацярпелых, іх маральна-этычнаму выхаванню і псіхафізіялагічнаму развіццю, маючы прамыя намер, мэту і жаданне, накіраваныя на здзяйсненне распусных дзеянняў у дачыненні да заведама для яго малалетніх. Дзяўчынкі спалохаліся і ўцяклі, а бацькі тым часам выклікалі міліцыю. Падсудны прызнаў сваю віну цалкам і раскаяўся ў здзейсненым. У ходзе следства яго вінаватасць цалкам пацверджана.
Разам з тым намеснік пракурора нагадала, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” дзяржава забяспечвае недатыкальнасць асобы дзіцяці, ажыццяўляе яго абарону ад усіх відаў эксплуатацыі, уключаючы сексуальную, ад фізічнага і псіхічнага гвалту, жорсткага, грубага або абразлівага абыходжання, знявагі, сексуальных дамаганняў, уцягвання ў злачынную дзейнасць, далучэння да ўжывання алкагольных напояў і наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, тытунёвых вырабаў, прымусу да прастытуцыі, жабравання, бадзяжніцтва, удзелу ў азартных гульнях, учынення дзеянняў, звязаных з вырабам і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў, і інш.
Суд прызначыў вінаватаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3,5 года з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Максімальны тэрмін, які прадугледжвае санкцыя гэтага артыкула, – 6 гадоў.
Распускаць рукі – гэта наогул амаральна, а ў адносінах да дзяцей, якія ў сілу ўзросту знаходзяцца ў бездапаможным становішчы, – злачынна.

