Гиревой марафон “Кубок двух рек” снова собрал спортсменов и любителей на фестивале в Докшицах
Рэспубліканскі фестываль сяброўства і мастацтва “Дзве ракі” – гэта яшчэ і свята спорту. Шосты год запар сцэна летняга амфітэатра ў Докшыцах прымала не толькі артыстаў, а і атлетаў-асілкаў – удзельнікаў спаборніцтваў па гіравым спорце “Кубак дзвюх рэк”.
Сёлета за галоўны прыз прыехалі пазмагацца волаты з Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і г. Мінска Рэспублікі Беларусь, а таксама з Малдовы. На адкрыцці мерапрыемства спартсменаў вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, які ўручыў падзячны ліст і памятны падарунак старшыні Федэрацыі гіравога марафону, шматразоваму чэмпіёну і рэкардсмену свету, Еўропы, пераможцу чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь па гіравым марафоне, рэкардсмену Кнігі рэкордаў Расіі “Дзіва”, майстру спорту міжнароднага класа па гіравым марафоне, майстру спорту Рэспублікі Беларусь па класічным гіравым спорце Сяргею Мацкевічу. Апладысменты гучалі і ў адрас легенды гіравога спорту, шматразовага чэмпіёна і рэкардсмена свету, Еўропы, СССР і Рэспублікі Беларусь, 89-разовага рэкардсмена свету ў адвольным падняцці гіры, 6-разовага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінеса, 120-разовага рэкардсмена Кнігі рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва”, рэкардсмена “Кнігі рэкордаў планеты”, Чэхіі і Грэцыі Вячаслава Харанекі.
Кубак дзвюх рэк пачалі юныя ўдзельнікі ўзорнай цыркавой студыі “Каскад” з Пастаў. Перад стартам спаборніцтва паміж кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна і іх намеснікамі на сцэне майстар-клас па падняцці гіры прадэманстравалі галоўны суддзя мерапрыемства Сяргей Мацкевіч, кіраўнік раёна Сяргей Абірала і былы старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак.
Актыўнымі ўдзельнікамі сілавога марафона сёлета сталі выхаванцы Докшыцкай ДЮСШ. Яе дырэктар Марына Ярмаковіч уласным прыкладам паказала, што гіравы спорт даступны ўсім. У асабістым заліку яна стала другой сярод жанчын-кіраўнікоў. Першае месца чарговы раз заваявала намеснік дырэктара ФСК “Ураджай” Таццяна Ярашэвіч. Трэцяе ў дырэктара Докшыцкага ТІЦ Святланы Ігнацкай. Сярод мужчын лепшы вынік прадэманстраваў кіраўнік ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віктар Гаўрыловіч. На другім месцы – загадчык сектара спорту райвыканкама Віталій Сапрыкаў, на трэцім – дырэктар Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Уладзімір Піскуновіч. Крыху не хапіла, каб патрапіць у тройку лідараў, начальніку Докшыцкага РГЗ Васілію Яленскаму.
Сярод юных докшыцкіх атлетаў на другую прыступку п’едэстала ўзняліся Максім Кунцэвіч і Валерыя Зубрыцкая. Бронзавымі пераможцамі сталі Іван Місюль, Раман Гапанёнак і Дарына Кеда. Свае сілы ў падняцці гіры таксама паспрабавалі Арсеній Савіцкі і Савелій Арлоў.
Заслужаныя ўзнагароды пераможцам уручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая таксама павіншавала ўсіх са святам і заклікала раўняцца на спартсменаў, што ўдзельнічалі ў мерапрыемстве.
Акрамя медалёў і дыпломаў, кожны спартсмен атрымаў падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Шматразовы пераможца і прызёр спаборніцтваў па гіравым спорце мастаўчанін Уладзімір Ісупаў:
– Чацвёрты год запар ўсёй сям’ёй прыязджаем на Кубак дзвюх рэк з горада Масты Гродзенскай вобласці. Вельмі падабаецца горад Докшыцы і яго жыхары. Заўсёды сардэчны прыём. На высокім узроўні арганізацыя фестывалю і гіравога марафону. Абавязкова прыедзем сюды і на наступны год. Хацелася б адзначыць, што турнір – гэта не проста спаборніцтва, а яшчэ і папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Сёлета за кубак змагалася шмат дзяцей, а значыць, нашы намаганні ў далучэнні да спорту падрастаючага пакалення недарэмныя.
Яўгенія МАЛЕВІЧ. Фота аўтара.




















