Шесть жителей Докшицкого района пополнили ряды Почетных доноров Республики Беларусь

21323

Рады Ганаровых донараў Рэспублікі Беларусь папоўнілі шэсць жыхароў нашага раёна.

Гэта Арцём Гоман, Святлана Жук, Уладзімір Місун, Марына Разук, Вікторыя Таляронак і Вера Юхнавец – людзі розных прафесій і ўзросту, але аб’яднаныя аднолькавым жаданнем дапамагаць хворым.

Кожнаму з іх уручана адпаведнае пасведчанне і нагрудны знак адзнакі.

Для атрымання ганаровага звання трэба здаць кроў не менш за 20 разоў на бязвыплатнай аснове або не менш за 40 разоў платна. Усяго ў нашым раёне 85 актыўных донараў крыві. Забор крыві ў Докшыцах некалькі разоў у год ажыццяўляе Віцебскі абласны цэнтр трансфузіялогіі.

– Донарам можа стаць здаровы чалавек ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў і ў выключных выпадках больш за 60 гадоў, – нагадала загадчык паліклінікі ЦРБ Валянціна Вешторт. – За адзін раз донар здае 475 мілілітраў крыві, поўнае аднаўленне крывяных клетак адбываецца на працягу двух месяцаў.

Між тым Валянціна Мечыславаўна адзначыла, што да чарговай здачы крыві неабходна добрасумленна падрыхтавацца. За 10-14 дзён не прымаць антыбіётыкі, за 48 гадзін адмовіцца ад алкаголю, за гадзіну да працэдуры ўстрымацца ад курэння. За суткі патрэбна выключыць з рацыёну тлустую, смажаную, вострую, вэнджаную, малочную і некаторую іншую ежу, якая можа негатыўна паўплываць на састаў крыві. А ў якасці прыкладу прывяла вынікі апошняй донарскай кампаніі, якая адбылася ў Докшыцах 15 верасня. З 76 здач 16 аказаліся марнымі, таму што донары напярэдадні ўжывалі тлустую ежу! Здадзеную імі кроў прыйшлося ўтылізаваць.

– З-за лішку тлушчаў (трыгліцэрыдаў) сываратка крыві становіцца каламутнай і белай, – патлумачыла загадчык паліклінікі. – Такая кроў называецца хілёзнай і не можа быць прыдатнай для медыцынскага прымянення, бо немагчыма правесці яе дакладны аналіз, паколькі часціцы тлушчу перашкаджаюць рабоце прыбораў. А тая здадзеная кроў магла б дапамагчы 16 хворым! Пераканаўчая просьба да ўсіх донараў: калі ласка, праявіце адказнасць, прытрымлівайцеся ўсіх рэкамендацый! Донарства – гэта сапраўднае ўвасабленне гуманнасці, яно аб’ядноўвае ўсіх, хто імкнецца ратаваць чужыя жыцці, здаючы ўласную кроў.

Бліжэйшы дзень, калі ў нашым раёне будзе працаваць Віцебскі абласны цэнтр трансфузіялогіі, – 24 лістапада.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *