В Докшицах подвели итоги конкурса «Цветочная палитра»
Падведзены вынікі конкурсу “Кветкавая палітра”, які штогод ладзіцца сярод работнікаў сферы адукацыі раёна напярэдадні новага навучальнага года.
Выстава конкурсных работ была арганізавана ў межах педканферэнцыі, якая праходзіла ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. Работнікі школ і дзіцячых садоў прадставілі арыгінальныя кампазіцыі з кветак і іншых прыродных матэрыялаў, якія маглі б аздобіць любы інтэр’ер. Выстава яшчэ раз пераканала ў бязмежных творчых здольнасцях нашых педагогаў.
У намінацыі “Школьны перапалох” пераможцам прызнаны калектыў настаўнікаў пачатковых класаў Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча з кампазіцыяй “Трымайцеся, Пётр Віктаравіч!”, адрасаванай дырэктару ўстановы. Другое месца ў настаўніцы гэтай школы Марыны Юковіч, трэцяе – у калектыву СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога.
Пераможцам у намінацыі “Святло душы і пяшчота рук” стаў тандэм Святланы Палянінай і Вікторыі Касцюковіч з СШ № 2 г. Докшыцы імя
У.Ф. Крышталевіч з работай “Стваральная прыгажосць”, якая ўвасобіла беларускую прыроду, сувязь з зямлёй-карміцелькай і жаночы пачатак. Другое месца прысуджана настаўніцы Параф’янаўскай СШ імя А.І. Чэрныша Вользе Сазановіч, трэцяе – Бягомльскаму дзіцячаму саду.
У намінацыі “Вераснёўскі эцюд” як найлепшая вылучана работа педагога Алы Герко з Цэнтра дзяцей і моладзі “Магія восені”, дзе за аснову ўзята галіна дрэва, абвітая кветкамі, лісцем і ягадамі. Другое месца заняла Марына Казлоўская з Барсукоўскай БШ, трэцяе – калектыў раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Ніна КРУКОВІЧ
Фота аўтара.





