В Докшицком РОВД напомнили о правилах сохранности велосипедов

кража-велосипеда-800x4451

Веласіпед – даволі папулярны транспартны сродак, які актыўна выкарыстоўвае мноства жыхароў раёна ўсіх узростаў. Аднак гэта прыхільнасць да здаровага ладу жыцця пастаянна дадае сезоннага галаўнога болю органам правапарадку. З аднаго боку, з’яўленне веласіпедыстаў на дарогах агульнага карыстання павялічвае напружанасць у рабоце ДАІ. З другога – бестурботнае стаўленне да сваіх “жалезных коней” з боку іх уладальнікаў стварае дадатковыя праблемы ўчастковым і прадстаўнікам крымінальнага вышуку.

– У гэтым годзе самыя частыя крадзяжы двухколавага транспарту здзяйсняліся якраз па прычыне пакідання іх пацярпелымі без нагляду, – паведаміў намеснік начальніка Докшыцкага РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі падпалкоўнік Іван Кавалёнак. – Так, адзін з выпадкаў адбыўся ў Бягомлі. Непаўналетні мясцовы жыхар прагульваўся па двары аднаго са шматкватэрных дамоў і звярнуў увагу на пакінутыя веласіпеды. Узяў адзін і катаўся на ім тры дні. На чацвёрты пакінуў веласіпед каля апорнага пункта. Скрадзены ровар быў вернуты міліцыяй уладальніку. У гэты ж час злодзей-падлетак зноў прыйшоў за кінутым веласіпедам і, не знайшоўшы яго, не прыдумаў нічога лепшага, каб вярнуцца ў той жа двор і ўзяць яшчэ адзін. На дадзены момант па гэтым факце праводзіцца праверка. Другі выпадак тычыцца ровара, пакінутага ў пад’ездзе шматкватэрнага дома ў Докшыцах. На яго паквапіўся жыхар Магілёва, які быў у райцэнтры праездам. У Бягомлі злодзея затрымалі. Аказваецца, ён планаваў даехаць на скрадзеным транспартным сродку да Мінска і там збыць яго. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа.

У сувязі з частымі зваротамі з-за крадзяжоў веласіпедаў праваахоўнікі звяртаюцца да іх уладальнікаў з пераканаўчай просьбай выконваць элементарныя меры засцярогі. Аптымальны варыянт – захоўваць маёмасць у кватэры, доме ці ў памяшканні падвала, якое замыкаецца. Калі неабходна ненадоўга пакінуць дзесьці транспарт, то яго варта прышпіліць спецыяльным тросам з замком – нават калі ён будзе знаходзіцца на спецыяльнай паркоўцы ці ў зоне камер відэаназірання. Пры куплі ровара важна зафіксаваць асноўныя звесткі пра яго: зрабіць фатаграфію, запісаць дакладную назву фірмы-вытворцы, мадэлі вырабу, завадскі нумар рамы. Таксама рэкамендуецца нанесці індывідуальныя апазнавальныя знакі – налепкі, гравіроўкі ці ўнікальныя элементы, якія дапамогуць апазнаць менавіта ваш ровар у выпадку страты ці крадзяжу. Яшчэ адна актуальная праблема – пакіданне веласіпедаў і дзіцячых калясак на лесвічных маршах, пляцоўках і ў калідорах. А між тым такая бестурботнасць не толькі стварае перадумовы для крадзяжу, але і з’яўляецца парушэннем правілаў карыстання, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, за што прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь.

Докшыцкі РАУС пераканаўча просіць усіх грамадзян праяўляць пільнасць і прымаць меры для забеспячэння захаванасці сваёй маёмасці. У выпадку ж здзяйснення крадзяжу варта максімальна аператыўна звярнуцца ў дзяжурную часць. Тэлефон 102 заўсёды даступны.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *