Арендное жилье, кредит на приобретение товаров, выплата подъемных… Дискуссионную площадку с молодыми специалистами организовали в Докшицах
Сёлета працоўныя калектывы раёна папоўніліся 86 маладымі спецыялістамі. Каб дапамагчы ўчарашнім выпускнікам хутчэй асвоіцца на сваіх першых працоўных месцах, у Докшыцах арганізавалі дыскусійную пляцоўку з маладымі спецыялістамі “Вопыт улады. Энергія маладосці”.
У якасці экспертаў на мерапрыемстве прысутнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гайчук.
Размова атрымалася па-сапраўднаму жывой і прадуктыўнай, без залішняга афіцыёзу. Маладыя людзі задавалі надзённыя пытанні, якія найбольш іх хвалявалі.
Квадратныя метры – гэта падмурак, без якога сёння немагчыма ўявіць замацаванне маладога спецыяліста на месцы. Як вырашаецца жыллёвае пытанне для маладых кадраў у раёне і на якія льготы можна разлічваць, расказала намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. Моладзь даведалася пра ўмовы прадастаўлення арэнднага жылля, працэдуру падачы дакументаў, а таксама механізмы кампенсацыі затрат у выпадку найму жылых памяшканняў.
Вядома, што для абуладкавання быту патрэбны немалыя ўкладанні. Эксперты патлумачылі нормы дзяржаўнай падтрымкі, удзяліўшы асаблівую ўвагу ўнікальнай магчымасці адкрыцця крэдытнай лініі пад 4 працэнты на тэрмін да трох гадоў. Крэдыт выдаецца на набыццё тавараў выключна беларускай вытворчасці. Таксама закранулі тэму выплат “пад’ёмных”, гарантаваных дзяржавай.
Некалькі пытанняў юнакі і дзяўчаты адрасавалі дэпутату Палаты прадстаўнікоў. У Анатолія Віктаравіча яны цікавіліся не толькі пра заканатворчую дзейнасць, а і пра асабістае станаўленне. Парламентарый расказаў, як паэтапна пераадольваў кожную ступеньку ў прафесіі. Яго шлях пачынаўся з радавога тэхніка-электрыка ў сельгасарганізацыі. Дзякуючы карпатлівай працы, пастаяннаму самаразвіццю пазней ён узначаліў завод “Ветразь”, а сёння прадстаўляе інтарэсы жыхароў нашага рэгіёна на дзяржаўным узроўні.
– Штодзённая праца, адказнасць за свае ўчынкі і самаразвіццё – вось тыя тры кіты, якія прыносяць плады, – адзначыў Анатолій Сіўко. – Ніколі не бойцеся цяжкасцей, ідзіце наперад. Дзяржава заўсёды гатова падставіць плячо ініцыятыўнай і мэтанакіраванай моладзі.
Удзельнікі дыскусійнай пляцоўкі абмеркавалі таксама ідэі па развіцці інфраструктуры і грамадскага жыцця Докшыччыны.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.



