Дом с характером. Так называют свое место силы в агрогородке Торгуны полочане София и Алексей Петровы

 

IMG_7004

Абуладкаваннем сядзібы Сафіінай бабулі Алены сямейная пара занялася з сёлетняй вясны. Варта адзначыць, што за кароткі час руплівымі і творчымі гараджанамі, для якіх вясковае гаспадаранне дагэтуль было з’явай у разуменні не нашмат большай, чым асваенне космасу, зроблена вельмі шмат, з толкам, з густам, а галоўнае з захаваннем таго самага “характару” хаты – яе адметнасцей і духу часу.

IMG_6988 IMG_7011

Так, новаспечаныя вяскоўцы не сталі мяняць “родныя” вокны дома на шклопакеты, дзверы з клямкамі – на пластыкавыя ці металічныя. Выкінуць печ? Барані бог! Аляксей прачысціў комін, люфты, а Соня неўзабаве возьмецца за знешнюю “рэстаўрацыю – і ў эксплуатацыю. Мараць, якія стравы будуць у печы гатаваць, як будуць сушыць грыбы і яблыкі і пячы хлеб, як будуць вісець вакол па-даўнейшаму сплеценая ў вяночкі цыбуля, семкі і арэхі ў прыгожых торбачках, зёлкі ў пучках… Дарэчы, цыбулі вырасцілі шмат і вялікую, грыбоў і яблыкаў ужо насушылі на зробленай Аляксеем уласнаручна электрычнай сушылцы, траў назбірана самых розных – водар у хаце стаіць неперадавальны. Сафія прыгожа і каларытна аформіла сцены палічкамі з бабулінымі сурвэткамі, глінянымі гаршчэчкамі, іншым посудам і статуэткамі з мінулага стагоддзя. Аляксей у бабулінай кладоўцы арганізаваў сабе майстэрню.

На немалым па плошчы падворку работа праведзена таксама вялікая. Сужэнцы вынішчылі пустазелле, уручную (!) перакапалі ўвесь задзірванелы ўчастак, выраўнялі і разбілі агарод разам з кветнікам. Кожная градка – у металічнай ці драўлянай рамцы. Першым ураджаем задаволены, што і нам прадэманстравалі: і рэпкі выраслі харошыя, і морква памерамі ўражвае, і вырашчаныя з насення суніцы сталі завязваць першыя ягадкі. Вінаградныя лозы паразрасталіся, буяюць зелянінай і радуюць вока цвіценнем хрызантэмы і ружы. Пра элементы сучаснага дэкору не забылі – тут садовыя фігуркі фабрычныя і самаробныя: гусі з цэменту ў Соніным выкананні – проста цуд! А яшчэ гарбузы ў працэсе: ляжаць на дошцы, сохнуць і чакаюць расфарбоўкі.

IMG_6982

Аляксей – тэхнічны рухавік прагрэсу. Акрамя вышэйназванай сушылкі, яго аўтарству належаць летні душ, вяндлярня для мяса і рыбы, дыхтоўны навес з асвятленнем для аўтамабіля, які, думаецца, у хуткім часе ператворыцца ў паўнацэнны гараж, і шмат чаго іншага. А яшчэ Аляксей устанавіў сонечную батарэю, з дапамогай якой атрымлівае бясплатную электрычную энергію, – новаўвядзенне ў нашых краях пакуль што выключна рэдкае.

На адной з гаспадарчых пабудоў – сцяна Памяці, як назвала яе Сафія. Там прымацаваны рэчы, якімі карысталася ва ўжытку яе любімая бабуля. Ды яны, тыя рэчы, паўсюдна: палавічкі, посцілкі, гаршчкі, лавачкі. “Гэта ў мяне пакуль не дайшлі рукі да бабуліных ручнікоў і вышыванак, – кажа маладая гаспадыня. – Грэх ім ляжаць у шафе, калі імі можна і трэба хораша аздобіць дом”.

IMG_7032

 

Хто яны, гарадскія вяскоўцы, па прафесіі? А пакуль, дарагія чытачы, няхай пабудзе інтрыга, бо ў двух словах тут таксама не раскажаш. Паколькі ў спадароў Пятровых планы на бліжэйшае будучае напалеонаўскія (іх таксама не станем раскрываць), то, мяркую, дзесьці праз год зноў завітаем да іх у госці і ўжо тады падрабязней пра ўсё раскажам. Каму цікава, дык Сафія пра дом з характарам распавядае ў TikTok. Верыць, што прыкладам яе і Аляксея натхняцца іншыя і закінутых дамоў у нашых вёсачках стане менш, а шчаслівых людзей, занятых працай на зямлі, больш.

IMG_7031

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *