Итоги подготовки учреждений образования рассмотрели на заседании Докшицкого райисполкома
У Докшыцах адбылося адкрытае пасяджэнне райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Сяргея Абіралы.
У рабоце пасяджэння прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко.
Адно з разгледжаных пытанняў тычылася вынікаў падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі раёна да новага 2026/2027 навучальнага года. З дакладам выступіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Кучыц.
Яна адзначыла, што праведзены неабходныя мерапрыемствы па забеспячэнні бяспечных, камфортных умоў знаходжання навучэнцаў у школах і дзіцячых садах раёна. Усе ўстановы адукацыі атрымалі пашпарты і сертыфікаты гатоўнасці.
На фінансаванне галіны адукацыі на 2026 год у бюджэце раёна прадугледжана каля 35 млн рублёў, з іх на капітальны рамонт 1,5 млн рублёў, бягучыя рамонты – 1,2 млн рублёў, на набыткі – каля 600 тыс. рублёў.
Акрамя таго, за восем месяцаў з пачатку года ўстановы адукацыі зарабілі на пазабюджэтнай дзейнасці больш за 120 тыс. рублёў. З іх каля 76 тыс. рублёў накіравана на падрыхтоўку школ і дзіцячых садоў да новага навучальнага года, што дало магчымасць знізіць нагрузку на бюджэт.
Да 1 верасня ва ўстановах выкананы значны аб’ём работ, рэалізаваны планы па ўстараненні недахопаў, выяўленых міжведамаснай камісіяй па абследаванні будынкаў і збудаванняў устаноў адукацыі. Напрыклад, выкананы рамонты вучэбных кабінетаў, групавых памяшканняў, калідораў, харчаблокаў, сталовых, спартыўных і актавых залаў, спальных памяшканняў. Вяліся рамонты даху, цокаляў, інжынерных сетак, гульнявога і спартыўнага абсталявання, часткова адрамантавана вучнёўская мэбля і інш.
Разам з тым застаецца актуальным пытанне па правядзенні бягучага рамонту даху ў Параф’янаўскай СШ імя А.І. Чэрныша, Бягомльскім дзіцячым садзе, Бягомльскай спецыяльнай школе-інтэрнаце (спальны корпус), выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Бярозка». З улікам таго што больш за палову будынкаў эксплуатуецца звыш 50 гадоў, усё часцей узнікае неабходнасць правядзення работ капітальнага характару, падкрэсліла Алена Аляксандраўна. На 2027 год у першую чаргу запланавана замена шыфернага даху ў Крулеўшчынскім дзіцячым садзе і Цэнтры дзяцей і моладзі.
Пастаяннага кантролю патрабуюць пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі. З гэтай мэтай праведзены мерапрыемствы па абсталяванні, рамонце і мадэрнізацыі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі на суму больш за 129 тыс. рублёў.
У адпаведнасці з планам капітальнага рамонту ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2024-2026 гады за кошт мясцовага бюджэту сёлета праведзены работы ў Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова (4-ы пускавы комплекс).
У ходзе пасяджэння таксама былі абмеркаваны тэмы кадравага забеспячэння галіны, прафарыентацыі, паступлення вучняў і іншыя.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

