Мягкий свет и тепло излучает 90-летняя София Свирко из Докшиц

ЕН 2295 с

Даўгалецце, сыходзячы з розных пунктаў погляду, характарызуецца дыяметральна процілегла: або як вялікая міласць Божая, або як спасланае ім жа цяжкае выпрабаванне. Паразважаўшы, прыходзіш да вываду, што так яно і ёсць у залежнасці ад таго, як чалавек успрымае сваю старасць, як адчувае сябе фізічна і духоўна, што нясе ў гэты свет і што бярэ з яго для сябе. Дакшычанку Сафію Свірко, якая 27 верасня адзначыла сваё 90-годдзе, можна з упэўненасцю назваць маленькім згусткам святла – столькі ў гэтай мініяцюрнай жанчыне дабрыні, любові да людзей, да прыроды, да песні, з якой не расстаецца на працягу ўсяго жыцця, ды і да самога жыцця ва ўсіх яго праявах увогуле.

Маё знаёмства з Сафіяй Кліменцьеўнай пачалося… у дзяцінстве з паштовак і пісем ад яе роўным, прыгожым, зусім не медыцынскім почыркам (яна і прафесію выбрала для сябе адну з самых гуманных – стала медсястрой). Сафія Свірко, мая зямлячка з Мядзельшчыны, была мамінай сяброўкай з маладых гадоў, і дружбе той у далейшым не сталіся перашкодай ні гады, ні адлегласці, ні бытавая руціна. Мама рана пайшла з жыцця, з Сафіяй Кліменцьеўнай мы сустрэліся нават не праз гады – праз дзесяцігоддзі, і для мяне, ужо сталай, у поўнай меры раскрыўся светлы свет яе душы.

Якая яна, жанчына з іменем Сафія, дзень памяці нябеснай апякункі якой вялікапакутніцы Сафіі адзначаецца 30 верасня?

Самаахвярная. Працуючы выязным фельчарам на “хуткай дапамозе” ў Бягомлі, дабіралася да хворых, калі не было магчымасці на машыне, на веласіпедзе, пешкі зімою па пояс у снезе. Захворвала часам пасля такіх паходаў сама, але лічыла і лічыць да гэтай пары: выбраў такую прафесію – адпавядай, бо адказваеш за самае галоўнае чалавечае багацце – здароўе.

Усёдаравальная. Нямногіх ведаю людзей, якія з такім разуменнем, паблажлівасцю і спагадлівасцю адносяцца не толькі да недахопаў, а нават да значных заган у іншых. Ды што там – нават нямецкіх акупантаў, што спалілі яе родную вёску Сваткі, згадвае і з добрага боку: “Не ўсе былі жорсткімі. Забралі спачатку ў нас кароўку, а мама сабрала нас, траіх малых дзетак, і пайшлі мы прасіць, каб аддалі, бо з голаду памром. Дык пашкадавалі і аддалі”.

Па-філасофску прымае як жыццёвыя радасці, так і нягоды. Яе ўспаміны пранізаны пазітывам. Дзяцінства характарызуе як шчаслівае, і гэта пры тым, што ў вайну хавалася з роднымі ад бамбёжкі ў лесе, недаядала, жыла ў зямлянцы, затым у малюсенькай часовай хатцы. Разважае: затое разам былі, тату на вайну не забралі, а голад навучыў цаніць працу і разумна распараджацца заробленай капейкай. У дарослым жыцці яна перанесла і пажар, і смерць двух мужоў. І зноў-такі са светлай усмешкай гаворыць, што добрыя людзі дапамаглі не ўпасці ў адчай, не замкнуцца ў сабе. Кажа, кожны новы дзень даецца чалавеку для радасці, а вось у чым яе бачыць, гэта ўжо залежыць ад яго самога.

Жаноцкая. З юных гадоў, калі мела адну штапельную сукенку і брызентавыя туфлі, захавала цягу да прыгожага адзення і абутку, непавагай да сябе і іншых лічыць выйсці з дому без прычоскі і макіяжу. Навучылася кроіць і шыць, вязаць, што вельмі выручала ў часы татальнага дэфіцыту і дапамагала быць модна і прыгожа апранутай. Любіць і выкарыстоўвае аксесуары і ўпрыгажэнні, старанна іх падбірае да камплектаў адзення.

А яшчэ яна ўмее аддана сябраваць, прыхільніца актыўнага ладу жыцця – пастаянны рух, рознага роду справы і творчыя заняткі (напрыклад, да нядаўняга часу была ўдзельніцай вакальнай групы “Спявай, душа!”), клапоціцца пра сваё здароўе, лічачы гэта абавязкам кожнага цывілізаванага чалавека, і не збіраецца здавацца гадам.

Павіншаваць юбілярку завіталі работнікі аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН на чале з загадчыкам Наталляй Федарэнка. Сафія Кліменцьеўна сустрэла гасцей пры поўным парадзе, з радасцю, цёпла і сардэчна. Пасля ланцужка шэрых пахмурных дзён асабліва ласкавымі здаваліся прамяні вераснёўскага сонца, што заліло святлом пакой кватэры. Божая ласка для сонечнага чалавека…

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *