Отец – прочный фундамент, уверена многодетная мама Екатерина Коляго из деревни Северное Гнездилово
Вядомую і дастаткова ўжо збітую фразу “за мужам як за каменнай сцяной” шматдзетная маці, ардэнаноска Кацярына Каляга з Паўночнага Гняздзілава не лічыць дакладнай фармулёўкай надзейнасці пляча роднага чалавека. Ну што такое сцяна? Віктар Калбасіч, з якім нарадзілі і выхоўваюць пяцярых дзяцей, хутчэй трывалы падмурак у вобразным будынку іх сям’і.
– Якімі б ні былі якаснымі сцены, дах, “падвядзе” падмурак – пачне рушыцца ўся канструкцыя, – гаворыць Кацярына, з якой сустрэліся напярэдадні свята. – Я шчаслівая, што маю ў сваім жыцці такую надзейную апору ў асобе мужа. А вось быць за сцяной, што значыць у маім разуменні бесклапотнае існаванне, калі ўсе жыццёвыя праблемы і пытанні за цябе вырашае твой партнёр, я ў сілу свайго характару не хацела б: так жыць нецікава і несправядліва ў адносінах да любімага чалавека. Усе рашэнні мы прымаем разам, усе цяжкасці пераадольваем сумесна. Мая энергія ў сукупнасці з Віцевай разважлівасцю, рацыянальным мысленнем, як падаецца, тое, што трэба.
А яшчэ Кацярына Вітальеўна не згодна з тым, што адно дзіця ў сям’і вырастае эгаістам. Тут, упэўнена, усё ад выхавання залежыць. Яна сама вырасла разам з пяццю братамі і сёстрамі, а вось Віктар Міхайлавіч у бацькоў адзін, і гэта ніяк не адбілася на яго разуменні мадэлі сям’і.
– Наадварот, такой яго адказнасцю за дзяцей, такой любоўю, такой правільнай, скажам так, бацькоўскай лініяй паводзін можна толькі захапляцца, – адзначае суразмоўца. – Менавіта муж умее “разруляваць” якіясьці канфліктныя сітуацыі паміж дзецьмі, менавіта ён, найбольш сваім прыкладам, вучыць быць мужчынамі нашых сыноў-двайнят, з’яўляецца для іх аўтарытэтам ва ўсім. Ну а дзяўчаткі ведаюць: што б ні здарылася, тата заўжды прыйдзе на дапамогу, пашкадуе, абароніць, падбадзёрыць. Урэшце, да таты можна проста прытуліцца, і ўсе дзіцячыя непрыемнасці проста растворацца ў паветры.
Каця зразумела, што з мужам можна расціць не адно дзіця ў хуткім часе пасля нараджэння першай дачушкі Насці. Віктар на той час працаваў у Маладзечне электрыкам і трымаўся за месца, бо была вельмі добрая зарплата. Аднак прайшоў год, і малады тата не вытрымаў: “Што гэта за жыццё, калі бачу Насцю нават не кожныя выхадныя?” І перайшоў працаваць у “Гняздзілава-Агра”. Яшчэ праз два гады нарадзіліся Аляксей і Арцём, на сённяшні дзень асноўныя памочнікі бацькам у хатніх справах, бо Насця ўжо студэнтка Полацкага педкаледжа, а малодшыя, трэцякласніца Аліна і чатырохгадовая Надзейка, хоць і маюць свае абавязкі, яшчэ, вобразна кажучы, не зусім трывалыя звенні ў іх сямейным адладжаным механізме. Дзеці, як і павінна быць, розныя, са сваімі характарамі, перакананнямі, захапленнямі, якія бацькі стараюцца развіваць, і нізавошта не насаджаюць сваё бачанне таго развіцця. Так, Віктару Міхайлавічу будучае Насці ўяўлялася звязаным са службай МНС або са спортам – дзяўчына падавала немалыя надзеі. Але ён з павагай аднёсся да яе выбару, гэтак жа як і ў выпадку з сынамі. Лёша гадзінамі прападае з татам у гаражы, бо моцна цікавіцца тэхнікай, а вось Арцёма вабіць інфарматыка, і бацькі не супраць, калі ён сваю вольную гадзіну правядзе за камп’ютарам. Аднак мужчынскія справы разам з татам ніхто не адмяняў, і хлопцы ахвотна яму дапамагаюць шчапаць і складваць дровы, чысціць у хляве і карміць жывёлу (Калбасічы трымаюць немалую гаспадарку, каб і прадукты былі экалагічна чыстымі, і ў бюджэце сямейным эканомія), апрацоўваць зямлю, майстраваць. Кацярына ўжо год як працуе на хлебазаводзе аператарам цестараздзелачных машын, а па спецыяльнасці яна кандытар, таму святочныя сталы дома поўняцца ўсякай смакатой, а атмасфера іх дома на трывалым падмурку – любоўю, цеплынёй і спакоем, які гарантуе, вядома ж, тата.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота з асабістага архіва.

