Туям на кладбище не место. О новых правилах содержания мест захоронения рассказали в Докшицком райисполкоме
У канцы лістапада мінулага года ў Беларусі пачалі дзейнічаць абноўленыя правілы ўтрымання месцаў пахавання. Што стала галоўнай нагодай для карэкціроўкі дакумента і ў чым яго асноўная сутнасць, расказала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Клігус:
– Галоўная мэта новаўвядзенняў – навесці парадак. Раней узнікала шмат пытанняў наконт таго, хто павінен спілаваць аварыйнае дрэва каля агароджы пахавання, хто адказвае за дарожкі і сам помнік. Зараз дакумент дакладна вызначае абавязкі. Яны размеркавліся паміж камунальнымі, спецыялізаванымі службамі, роднымі і ўладальнікамі пахаванняў.
– Таццяна Мікалаеўна, за што адказваюць камунальнікі?
– Яны павінны сачыць за чысцінёй праходаў, вывозіць смецце з агульных кантэйнераў, абкошваць траву паміж кварталамі, абразаць аварыйныя дрэвы за межамі ўчасткаў і абнаўляць інфармацыйныя стэнды каля ўваходу.
– Якія абавязкі ўскладзены на родных, якія дакументальна афармлялі пахаванне?
– Родныя і спадчыннікі памерлага нясуць поўную адказнасць за стан непасрэдна самога ўчастка пахавання. Гэта значыць павінны падтрымліваць у парадку магілу і дарожкі каля яе, устанаўліваць, фарбаваць і рамантаваць помнікі, надмагілле і агароджы. Акрамя гэтага, даглядаць кветкі, пасаджаныя на ўчастку, і своечасова вывозіць уласнае смецце – старыя вянкі, будаўнічыя адходы, якія засталіся пасля рамонту. Адзін важны момант: калі родным па пэўных прычынах не выпадае гэта рабіць, яны могуць заключыць дагавор з прыватнымі майстрамі па доглядзе пахавання. Законам гэта дазволена.
– У новых правілах асобна нагадваецца аб парадку абыходжання з зялёнымі насаджэннямі. Што садзіць можна, а што не?
– На ўчастку для пахавання можна пасеяць газон, а таксама пасадзіць кустоўе і кветкі – аднагадовыя і шматгадовыя. А вось пасадка дрэў, у тым ліку туй, якія здольны вырастаць вышэйшымі за два метры, на могілках не дапускаецца. Чаму ўведзена гэта забарона? Разрастаючыся, туі, нават карлікавыя, з часам фарміруюць буйную каранёвую сістэму, якая можа парушыць падмурак помніка, пашкодзіць суседнія пахаванні. Акрамя гэтага, хвоя і шышкі, якія ападаюць, забруджваюць чужыя ўчасткі.
– Раней многія маглі зрэзаць старыя дрэвы на сваіх участках без узгаднення. А зараз?
– Ніякай самадзейнасці! Калі побач з магілай расце аварыйнае дрэва і перашкаджае, спілаваць яго можна толькі пасля абследавання, якое праводзяць сельскія, пасялковыя і раённыя выканкамы, а таксама спецыялізаваныя арганізацыі. Пасля гэтага будзе вызначана, трэба дрэва ўбраць поўнасцю ці яго дастаткова толькі абрэзаць.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

