Поклонный крест освятили в деревне Журавлёво Докшицкого района
На карце Крулеўшчынскага сельсавета няма ўжо вёскі Жураўлёва. На колішняй вуліцы засталася ўсяго адна хата, і тая нежылая. Але памяць! Яна не знікла. У знак адданасці сваёй малой радзіме дзеці і ўнукі жураўлёўцаў узвялі ў межах былой вёскі паклонны крыж.
Побач са святыняй устанавілі стэнд са схемай размяшчэння дамоў і імёнамі гаспадароў. Непадалёк, пад яблыняй, паставілі столік і лаўку. Усё зроблена ўласнымі рукамі.
У пятніцу настаяцель праваслаўнага храма Усячэння галавы Іаана Прадцечы протаіерэй Віктар Гмір асвяціў крыж, адслужыў літыю і малебен. А таксама павіншаваў усіх з важнай падзеяй, падзякаваў за богаўгодную справу і любоў да Радзімы.
– Дакрананне да Бацькаўшчыны – самы дарагі момант у жыцці. Дома сэрца напаўняецца, – сказаў протаіерэй і прывёў знакамітае выказванне святога праведніка Іаана Кранштацкага: “Памятайце, што Айчына зямная з яе Царквой ёсць пярэдадне Айчыны Нябеснай, таму любіце яе горача і будзьце гатовы душу сваю за яе пакласці…”
Віктар Гмір пажадаў вяскоўцам часцей збірацца на гэтым святым месцы і шчыра маліцца за сваіх продкаў.
Жураўлёўцы ў той дзень гуртам прайшліся па пустой вуліцы, узгадалі кожнага з жыхароў, пагаварылі пра долю роднага куточка. У верасні 1943 года вёску спалілі нямецка-фашысцкія захопнікі. Ад расправы месцічы ратаваліся ў балоце, і вось сапраўды толькі Божая ласка дапамагла ім там выжыць.
Па перапісе 1941 года, у населеным пункце налічвалася 14 двароў і пражывала 57 чалавек. На схеме, прадстаўленай на новым стэндзе, значацца 23 дамы.
Афіцыйна Жураўлёва існавала да 1986 года. Як расказалі мясцовыя, напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя прычынай масавага перасялення ў суседнія вёскі стала некалькі кіламетраў бездарожжа, якія трэба было штодня пераадольваць, каб дабрацца на работу, ФАП, у школу ці магазін. Перапетыі лёсу, але ў 90-я гады тая самая дарога была заасфальтавана, бо побач з вёскай размясцілася асфальтавая вытворчасць…
…На стэндзе ля крыжа – выявы жураўлёў. Сімвал тутэйшых людзей, якія адляцелі з любых мясцін. І як жа слаўна, што ў іх гонар узнеслася над прасторамі жураўліная песня, створаная намаганнямі нашчадкаў!..
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.





