Заказник «Голубицкая пуща» по праву можно называть белорусской Карелией
Галубіцкая пушча – беларуская Карэлія
Знаёмыя правялі некалькі дзён у Карэліі каля ляснога возера, жывучы ў палатках, вандруючы па наваколлі і займаючыся рыбнай лоўляй. Дзеляцца захапленнем: марошкі, грыбоў назбіралі, рыбы налавілі. А якая там прыгажосць, якія не бачаныя ў нас серабрыстыя імхі, колькі птушак, якіх у нас няма! Дзіўныя людзі, падумалася. Каб убачыць усё вышэйпералічанае і перажыць усе тыя эмоцыі, не трэба марнавацца ў дарозе тысячу кіламетраў. Дастаткова праехаць усяго некалькі дзясяткаў да Галубіцкай пушчы, значная частка якой знаходзіцца якраз у Докшыцкім раёне, каб упэўніцца: тамтэйшыя краявіды карэльскім не толькі не ўступаюць, а яшчэ і прыгажэйшыя з тае прычыны, што свае, родныя. Што ж датычыцца птушак, то ці шмат мы іх бачым з балкона ці ўласнага падворка? А ў пушчы іх шмат – амаль 200 (!) відаў, сярод іх даволі рэдкія, як і расліны, і дрэвы, якім па тры і больш сотні гадоў. І серабрысты мох, і марошка, і незвычайнага хараства азёры – ёсць!
З чаго ўсё пачалося
З любові да прыроды і неверагоднага па моцы імкнення яе вывучаць і аберагаць аднаго цудоўнага чалавека, які роўна паўвека таму пасля заканчэння Барысаўскага вучылішча лесаводаў уладкаваўся на працу ў Тумілавіцкае лясніцтва і пасля больш за тры дзясяткі гадоў яго ўзначальваў. Былы ляснічы Рыгор Пецько (стаж працы ў лясной гаспадарцы – 45 гадоў!) пра пушчу і яе насельнікаў можа распавядаць, мусіць, не гадзінамі, а суткамі, і, слухаючы яго, лік часу траціш з першых хвілін і беззваротна – настолькі цікава. Больш за тры дзясяткі таўсценных сшыткаў-дзённікаў, спісаных акуратным почыркам, захоўваецца ў яго доме, і работа гэта прадаўжаецца. Няма сумненняў, дзённікі з назіраннямі вартыя быць надрукаванымі, бо, акрамя каштоўных звестак, занатаваных у іх, захапляе стыль пісьма аўтара. Думаецца, каб Рыгор Пятровіч цалкам не прысвяціў жыццё лясной справе, ён мог бы стаць пісьменнікам кшталту Віталія Біянкі. Прынамсі, як падалося, арніталогія таксама яго “канёк”. Цікавіцца прыродай, краязнаўствам Рыгор пачаў яшчэ ў малодшых класах, як і занатоўваць набытыя веды ці ўражанні. Са смехам успамінае, як у дзяцінстве “выдаваў” самапісную газету “Родны край”, што выходзіла, як і належыць перыядычнаму СМІ, строга ў тэрмін – па пятніцах.
Дык вось, паўвека таму новаспечаны лесавод Рыгор Пецько, ідучы па пушчы ў пошуках ваўчынага логава, заўважыў на дрэве гняздо, а ў ім, як здалося, малога каршуна, які заглытваў гадзюку. У Рыгора быў з сабой фотаапарат, і яму ўдалося зрабіць выдатны здымак, які хлопец рашыўся адправіць на конкурс, што праводзіўся сярод арнітолагаў. Здымак ускалыхнуў навуковы свет, бо на ім аказаўся арол-змеяед, якога на тэрыторыі Беларусі не бачылі пяць дзесяцігоддзяў. У хуткім часе да Рыгора прыехаў вядомы арнітолаг, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Уладзімір Іваноўскі. Завязалася шматгадовае сяброўства, у выніку якога была праведзена вялікая работа па апісанні, кальцаванні, знаходжанні гнездаванняў птушак. Ведаеце, як выглядаюць, напрыклад, чорнаваллёвы гагач, ці лугавы лунь, ці даўгахвостая няясыць? А Рыгор Пятровіч ведае, як і ўсіх астатніх птушак, і большасць пазнае па голасе. А як цікава расказвае пра іх звычкі і асаблівасці!..
Мы зараз шмат гаворым пра патрыятызм, пра яго выхаванне ў падрастаючага пакалення. Самыя высокія праявы гэтага святога пачуцця – у бязмежнай любові да роднага краю і апантанай дзейнасці на яго карысць. Рыгор Пецько, без аніякага пафасу, сапраўдны Патрыёт з вялікай літары, з якога неабходна браць прыклад і ў якога можна бясконца вучыцца. Аднак жа бліжэй да тэмы. Галубіцкая пушча – літаральна дзіця Рыгора Пятровіча. Менавіта яго каласальная праца, яго ініцыятыва, а таксама наяўнасць багацейшага і адметнага расліннага і жывёльнага свету тумілавіцкага краю стала падставай для ўтварэння заказніка.
Дакументальна
Трыццаць шэсць гадоў таму, у ліпені 1990-га, райвыканкамам было прынята рашэнне “Аб утварэнні абласнога комплекснага ландшафтна-гідралагічнага заказніка на тэрыторыі Докшыцкага раёна” № 78. Плошча заказніка была тады 1690 гектараў, але ўжо ў лютым 1992 года Віцебскі аблвыканкам прымае рашэнне, згодна з якім аб’ект павялічыў плошчу ледзь не ў чатыры разы – да 6734 гектараў – і ахапіў тэрыторыі ўжо двух раёнаў, Докшыцкага і Глыбоцкага. Такім чынам, у Галубіцкай пушчы забараняюцца работы, звязаныя са змяненнем натуральнага ландшафту і існуючага гідралагічнага рэжыму, забор вады з вадатокаў і вадаёмаў для прамысловых мэт, разворванне лугоў у поймах ракі Бярэзіна, размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання, агнявая ачыстка лесасек, выпас жывёлы, прамысловая нарыхтоўка тэхнічнай і лекавай сыравіны, суцэльныя рубкі галоўнага карыстання. Усё гэта на карысць флоры і фауне пушчы і, несумненна, на карысць нам, людзям, паколькі такіх значных па плошчы некранутых участкаў у нашай краіне няшмат.
Якая яна, пушча?
Заказнік мае рознабаковую каштоўнасць: як арніталагічны і ландшафтны, у тым ліку і балотны аб’ект (на верхавых балотах немалыя плошчы журавінавыя) і як паляўнічы рэзерват. Лясы займаюць 60 працэнтаў тэрыторыі, у асноўным яны хвойныя, радзей сустракаюцца ельнікі, бярэзнікі і чорнаалешнікі. Шырокаліставыя ўвогуле рэдкія, найбольш фрагментарныя. Паўночная частка пушчы – сфагнавыя і пераходныя балоты, якія займаюць 18 працэнтаў агульнай плошчы.
Асноўная водная артэрыя заказніка – рака Бярэзіна з дастаткова разгалінаваным рэчышчам. Бярэзіна працякае праз возера Медзазол. Яшчэ адно возера – Межужол (там мы пабывалі разам з Рыгорам Пятровічам – прыгажосць невыказная!) – атулена балотамі і з Бярэзінай злучаецца меліярацыйнымі каналамі і невялікай ракой Чарніцай. Вада Межужола вельмі чыстая, вызначаецца нізкай мінералізацыяй.
Лясы заказніка багатыя на грыбы і ягады, а ў вадаёмах водзіцца немалая колькасць рыбы.
Турыстычны патэнцыял
Рыгор Пецько, які ведае докшыцкую частку Галубіцкай пушчы як свае пяць пальцаў, распрацаваў план экалагічнай сцежкі працягласцю 11 кіламетраў (у тым ліку па вадзе 4 кіламетры). Пачатак маршрута – на гравійнай дарозе Тумілавічы – Крулеўшчына, заканчэнне – выхад на дарогу Тумілавічы – Ліпава. Рыгор Пятровіч захапляльна расказвае, што можна ўбачыць у вандроўцы, пра што даведацца, як абуладкаваць месцы адпачынку, за якімі птушкамі ці звярамі можна паназіраць, калі пабудаваць спецыяльныя вышкі і выкарыстаць біноклі, і гэтак далей. Задума выдатная, актуальная, прагрэсіўная.
Да ўсяго былы ляснічы саставіў карту гістарычных, культурных, этнаграфічных адметнасцей Тумілавіцкага сельсавета і наваколля, для знаёмства з якімі таксама можна арганізаваць экскурсіі, тым больш што апантаны краязнавец сабраў багаты матэрыял пра храмы, дахрысціянскія і раннехрысціянскія курганы, рознага роду гістарычныя аб’екты, помнікі прыроды Тумілавіччыны. Несумненную каштоўнасць уяўляе і створаны Рыгорам Пятровічам слоўнік мясцовых тапонімаў.
Карацей, падмурак для добрай і карыснай справы закладзены. Аднак, як вядома, адзін у полі не воін. Варта было б гуртам за тую справу ўзяцца. А то шукаем хараства за морам, а свайго – літаральна пад носам – не бачым. Ды яшчэ якога!
P.S. На Віцебшчыну турысты ахвотна едуць на Браслаўскія азёры, ходзяць на экскурсіі ў заказнік “Ельня”, што ў Міёрскім раёне. Думаецца, пры інвестыцыйнай падтрымцы ў стварэнні экалагічнай сцежкі наша Галубіцкая пушча можа быць канкурэнтаздольнай гэтым раскручаным брэндам і не менш прывабнай як у плане адпачынку, так і ў пазнанні новага.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.
















