Узнали, с какими вопросами обращались в сельсоветы жители Докшицкого района в прошлом году

День Крулевщинского сельсовета. Прием граждан.

День Крулевщинского сельсовета. Прием граждан.

У раёне прайшло пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам яго старшыні Валянціны Рандарэвіч. Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.

Разглядаліся вынікі правядзення дзён сельсаветаў за мінулым год, а таксама выкананне зваротаў грамадзян і даручэнняў, якія паступілі.

– Летась у раёне праведзена 11 дзён сельсавета, падчас якіх ад грамадзян паступіла 195 зваротаў, – паведаміла галоўны спецыяліст апарата раённага Савета дэпутатаў Аксана Пінчук. – Найбольшая іх колькасць – ад жыхароў Бягомльскага сельсавета, найменшая – ад жыхароў Крыпульскага. Неабходна адзначыць, што часцей за іншыя гучалі пытанні жыллёва-камунальнага характару. Гэта рамонт вуліц і дарог, збор бытавых адходаў, навядзенне парадку на могілках, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Амаль у кожным сельсавеце скардзіліся на недастатковы асартымент тавараў у аўтакрамах.

Падчас правядзення дня Бярэзінскага сельсавета ад жыхароў паступіў 21 зварот. Тры пытанні дагэтуль застаюцца нявырашанымі. Гэта рамонт моста праз раку Бярэзіну, выразка кустоўя ўздоўж дарогі да вёскі Зальхаўе, а таксама перадача сетак водазабеспячэння філіялу “Докшыцыводаканал” ад ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Па іншых зваротах заяўнікам дадзены тлумачэнні.

Бярэзінскаму сельскаму Савету дэпутатаў даручалася разам з замацаванымі арганізацыямі актывізаваць работу па навядзенні парадку на зямлі. Так, шэфы дапамаглі абкасіць землі агульнага карыстання, прыбралі несанкцыянаваныя звалкі, адрамантавалі абеліск у вёсцы Пустаселле і добраўпарадкавалі ўрочышча Званок. Пакуль адкладваецца знос былога будынка КПП у Глінным. Работы па ліквідацыі маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, запланавана правесці камунгасам у трэцім квартале 2025 года.

Усе звароты, якія паступілі ад насельніцтва падчас правядзення дня Бярозкаўскага сельсавета, выкананы. Жыхарам вёскі Маладзеева, якія выказалі жаданне аднавіць штучны вадаём у населеным пункце, патлумачана, што ўчасткі, занятыя кустоўем на месцы былога вадаёма, уваходзяць у склад земляў Бягомльскага лясгаса. У адпаведнасці з праектам лесаўпарадкавання гэтыя землі выкарыстоўваюцца для вядзення лясной гаспадаркі. Таму аднаўляць водны аб’ект там не плануецца.

На Валкалатчыне насельніцтва прасіла абкасіць пустыя ўчасткі каля вёскі Вішнёўцы. Гэту работу правялі работнікі ДП “АграСітцы” часткова – там, дзе змагла праехаць касілка.

З 17 зваротаў, якія паступілі падчас правядзення дня Докшыцкага сельсавета, тры – наконт асфальтавання вуліц у населеных пунктах Падомхі, Лапуты і Козікі – застаюцца нявыкананымі. Што тычыцца пытання якасці пітной вады ў вёсцы Козікі, то яна адпавядае санітарна-эпідэміялагічным нормам. Гэта пацвердзіў аналіз, які правялі работнікі РЦГіЭ.

На дні Крыпульскага сельсавета ад грамадзян паступіла 8 зваротаў. Большасць пытанняў вырашана. Засталося выканаць адно даручэнне, дадзенае ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”: у вёсках Вараны і Калягі прыбраць падмуркі, якія засталіся пасля зносу старых хат, правесці культуртэхнічныя работы і ўключыць землі ў сельгасабарот. Гэту работу, паабяцала кіраўніцтва прадпрыемства, завершаць на працягу 2025 года.

Некалькі пытанняў застаецца на кантролі пасля прыёмаў, праведзеных у Крулеўшчынскім сельсавеце. Так, жыхары вёскі Літоўцы прасілі захаваць мясцовую краму, а таксама ліквідаваць прычыну падтаплення будынка. Праблему плануецца вырашыць у другім квартале бягучага года.

Жыхарка вёскі Грынеўшчына Параф’янаўскага сельсавета звярталася з пытаннем па добраўпарадкаванні суседняга ўчастка. Там неабходна прыбраць трухлявыя гаспадарчыя пабудовы. Уласнік паабяцаў, што парадак навядзе да красавіка 2025 года. Жыхары аграгарадка Параф’янава пыталіся, калі будуць адрамантаваны вуліцы Першамайская і Камуністычная. Запланавана, што асфальт на іх пакладуць у гэтым годзе.

Разгледжаны таксама звароты, якія паступілі ад жыхароў Парплішчанскага сельсавета. Яны тычыліся абкошвання тэрыторыі каля фермы ў вёсцы Чачукі, выразкі аварыйнага дрэва ў Шантараўшчыне, навядзення парадку каля ведамаснага дома ў Варганах.

У вёсках Дзядкі і Заборцы Сітцаўскага сельсавета людзей хвалявалі пытанні водазабеспячэння, рамонт пад’езду да могілак у вёсцы Кіякова.

У вёсцы Вецяра Тумілавіцкага сельсавета чакаюць будаўніцтва водаправода.

На належным узроўні неабходна арганізаваць работу па навядзенні парадку на могілках у вёсках Атруб, Бераснёўка і Краснікі Бягомльскага сельсавета. Зрэзаць аварыйныя дрэвы на пахаваннях у аграгарадку Замасточча, а таксама абгарадзіць могілкі ў Вуглах.

На сённяшні дзень на кантролі застаецца 31 зварот.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч:
– Год добраўпарадкавання – гэта добрая нагода для кожнага жыхара раёна, працоўных калектываў унесці свой уклад у агульную справу па навядзенні парадку на зямлі. Не трэба чакаць, што нехта прыйдзе і навядзе яго за нас. Мы павінны самі праяўляць ініцыятыву: удзельнічаць у суботніках, добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыторыі, саджаць дрэвы і кветкі, сачыць за чысцінёй. Толькі разам зможам стварыць вакол сябе прыгажосць і камфорт.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *