Уровень работы с обращениями граждан проанализировали в Докшицком районе
У мінулым годзе прадстаўнікі раённай выканаўчай улады правялі 88 асабістых прыёмаў грамадзян, 33 выязныя і 52 прамыя тэлефонныя лініі. Пра тое, з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаецца насельніцтва і якія тэндэнцыі складаюцца ў рабоце са зваротамі грамадзян, мы пагутарылі з кіраўніком спраў райвыканкама Наталіяй Ждановіч.
– Наталія Сцяпанаўна, Вам даводзіцца аналізаваць узровень работы з насельніцтвам у раёне. Колькі зваротаў паступіла да мясцовай улады і якая тэндэнцыя назіралася летась?
– У цэлым за 2024 год колькасць зваротаў у райвыканкам узрасла і склала 177, што на 51 працэнт вышэй за ўзровень 2023 года. Цікава, што пры тэндэнцыі росту зваротаў за апошнія гады (2020 – 159, 2021 – 171, 2022 – 177) іх колькасць у 2023-м рэзка скарацілася і склала 117. Гэтаму ёсць аб’ектыўныя тлумачэнні. Напрыклад, адна з прычын – змены ў заканадаўстве. А менавіта ў парадку падачы электроннага звароту, які павінны быць пададзены толькі пры дапамозе дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай аўтаматызаванай сістэмай уліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб («обращения.бел»). Дадзеная сістэма патрабуе ўказання нумара мабільнага тэлефона і выключае падачу электронных зваротаў без указання паштовага, электроннага адрасоў. У выніку колькасць электронных зваротаў у 2023 годзе скарацілася практычна ў тры разы. Але ў 2024 годзе грамадзяне пачалі асвойваць гэты спосаб падачы зваротаў. Пра сябе сталі заяўляць і так званыя “штатныя электронныя скаржнікі”. На жаль, такая катэгорыя грамадзян таксама існуе. У выніку колькасць электронных зваротаў у параўнанні з 2023 годам павялічылася на 47 працэнтаў. Больш чым у 2 разы ўзрасла колькасць і вусных зваротаў, якія паступілі падчас правядзення асабістых і выязных прыёмаў кіраўніцтвам райвыканкама, асабліва да старшыні райвыканкама. Магчыма, гэтаму паслужыла і актыўнасць насельніцтва ў перыяд грамадска-палітычнай падзеі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Колькасць пісьмовых зваротаў практычна засталася на ранейшым узроўні.
– Ці ёсць выпадкі зваротаў грамадзян у вышэйстаячыя структуры?
– Такія выпадкі ёсць. Часам людзям здаецца, што чым “вышэй” паставіш пытанне, тым хутчэй яно вырашыцца. Аднак многія з іх па кампетэнцыі накіроўваюцца службам на месцах. І разбірацца з імі даводзіцца прадстаўнікам раённай улады.
— Ці ёсць выпадкі калектыўных зваротаў?
– У 2024 годзе быў 31 такой катэгорыі. Сярод іх тры ад трыццаці і больш заяўнікоў. Гэтыя звароты разглядаліся камісійна, з выездам на месца. Грамадзяне звярталіся па пытаннях рамонту моста праз раку Бярэзіну ў в. Атрубак Бярэзінскага сельсавета. Мост знаходзіцца ў аварыйным стане, рух па ім забаронены. Але, у сувязі з недахопам фінансавання, а таксама наяўнасцю транспартных зносін па іншых аўтамабільных дарогах, дадзены мост у Пералік аб’ектаў рамонту мясцовых аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў па Віцебскай вобласці за кошт дарожных сродкаў пакуль не ўключаны. Жыхары Станіслаўцаў Валкалацкага сельсавета папрасілі захаваць работу стацыянарнага магазіна, аднак у сувязі са стратнай дзейнасцю Віцебскім аблспажыўтаварыствам было прынята рашэнне магазін закрыць, для патрэб вяскоўцаў – аўтамагазін. На кантролі ў райвыканкаме зварот жыхароў
в. Валодзькі Крулеўшчынскага сельсавета па пытанні асфальтавання ўчастка аўтадарогі паміж в. Валодзькі і агр. Порплішча. Найбольшую ўдзельную вагу, 55 працэнтаў, сярод калектыўных зваротаў займаюць звароты ад двух да пяці грамадзян.
– Наталія Сцяпанаўна, наколькі запатрабавана практыка правядзення тэлефонных “гарачых ліній”?
– Вельмі запатрабавана, бо расце колькасць званкоў і на тэлефоны “гарачай лініі”. У 2024 годзе паступіла 39 зваротаў. Тэматыка практычна такая ж, што і падчас прыёмаў грамадзян. Нягледзячы на тое, што ў насельніцтва з чэрвеня 2019 года з’явілася магчымасць па пытаннях ЖКГ звяртацца ў адзіную аператыўна-дыспетчарскую службу 115, яны па-ранейшаму тэлефануюць на “гарачую лінію” райвыканкама, часта ўжо пасля звароту ў арганізацыю і не дачакаўшыся вырашэння пытання.
– Як часта пытанні адрасуюць непасрэдна выканаўчай уладзе на месцах?
– Хоць нязначна, але павялічылася і колькасць зваротаў, якія паступілі ў сельвыканкамы. Аднак пры той колькасці пытанняў, якія паступілі ў райвыканкам, лічу, што гэтая лічба невысокая. Ёсць шэраг сельсаветаў, дзе грамадзяне за год нібыта ні разу не звярнуліся: Бярэзінскі, Валкалацкі, Парплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі. Па адным звароце – Крыпульскі, Параф’янаўскі сельвыканкамы. Складваецца такое меркаванне, што людзі ў сельвыканкамы не звяртаюцца.
Пры гэтым у цэлым пры аналізе зваротаў на 1 тысячу жыхароў найбольшая колькасць зваротаў у райвыканкам паступіла ад насельніцтва Бярэзінскага, Сітцаўскага, Параф’янаўскага, Бягомльскага, Бярозкаўскага сельсаветаў. Мяркую, што сельвыканкамам неабходна больш актыўна праводзіць работу з грамадзянамі, прымаць меры па выяўленні прычын, якія вымушаюць іх звяртацца ў райвыканкам, узаемадзейнічаць з кампетэнтнымі службамі на месцах для вырашэння надзённых пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
– Дырэктывай Прэзідэнта № 2 вызначана, што асноўным крытэрыем ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў з’яўляецца стан работы з насельніцтвам. Як у цэлым вы ахарактарызуеце гэту дзейнасць?
– Сапраўды, у гэтым нарматыўным дакуменце сказана, што рашэнні павінны прымацца зыходзячы з максімальнага ўліку законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. Грамадзяне звяртаюцца па розных пытаннях. У топе самыя жыццёвыя тэмы: рамонт вуліц і дарог, гандлёвае абслугоўванне, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, дзейнасць сфер АПК, аховы здароўя, культуры, архітэктуры, эканомікі, рамонт жыллёвага фонду і іншыя. Пры гэтым грамадзяне выказваюцца адкрыта, у 2024 годзе ананімных зваротаў у райвыканкам не паступала.
Вядома, адна з асноўных прычын многіх зваротаў – гэта недастатковае фінансаванне работ на дадзеныя мэты. Напрыклад, заасфальтаваць праезныя часткі ўсіх вуліц, па якіх паступаюць звароты грамадзян, немагчыма. Але робіцца ўсё дзеля зняцця многіх пытанняў. Так, напрыклад, на рамонт, утрыманне аб’ектаў вулічна-дарожнай сеткі, якія знаходзяцца на абслугоўванні камунгаса, на 2025 год у бюджэце раёна прадугледжваецца каля 900 (!) тысяч рублёў. У аграгарадках і перспектыўных сельскіх населеных пунктах раёна неабходны рамонт больш як 200 тыс. кв. метраў праезнай часткі вуліц (патрэбна каля 5,7 млн рублёў). Больш чым у 4 разы ўзрасла колькасць зваротаў па пытаннях гандлю. У асноўным пытанні, пастаўленыя ў зваротах, датычыліся аб’ектаў спажывецкай кааперацыі. Грамадзяне ўзнімалі пытанні абслугоўвання насельніцтва сельскай мясцовасці (заезд аўтамагазіна), якасць тавараў і іх наяўнасць, выказвалі нязгоду з закрыццём гандлёвых аб’ектаў, звярталіся з просьбай замяніць аўтамагазін Віцебскага аблспажыўтаварыства на аўтамагазін “Еўраопт”. У два разы павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва.
Аналізуючы ўсе звароты, можна зрабіць выснову, што найбольшую ўдзельную вагу займаюць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва, якія павінны вырашацца ў першую чаргу на месцах з максімальным улікам запатрабаваннў канкрэтнага чалавека. Хочацца яшчэ раз нагадаць, што першачарговая задача дзяржаўных органаў і арганізацый – стварэнне ўмоў для нармальнай жыццядзейнасці грамадзян, павышэння якасці аказання паслуг насельніцтву. Чалавек павінен жыць камфортна там, дзе яго дом і сям’я, і няма розніцы, дзе гэта – у горадзе ці ў вёсцы. Галоўнае – з людзьмі трэба ўмець размаўляць, слухаць іх і чуць. Іншы раз вырашаць нічога не трэба, проста растлумачыць і не правакаваць людзей на звароты ў вышэйстаячыя арганізацыі. Усе праблемы і цяжкасці насельніцтва павінны ў першую чаргу вырашацца непасрэдна на месцах. Над гэтым органам улады трэба працягваць працаваць.
– Дзякуй за размову.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.