Выпускники школ Докшицкого района получили 100 баллов на централизованном экзамене
Сталі вядомы вынікі цэнтралізаваных экзаменаў: па даных на 10 чэрвеня, у Докшыцкім раёне чатыры выпускнікі атрымалі па сто запаветных балаў.
Трое з іх – па беларускай мове: Рэната Каляга (СШ № 1 г. Докшыцы, настаўнік – Марына Казлоўская), Марыя Наско (СШ № 2 г. Докшыцы, Аксана Бадун) і Мікіта Глушкевіч (Сітцаўская СШ, Ірына Транчэўская). Выпускніца СШ № 1 г. Докшыцы Аляксандра Елісеенка здала на максімум грамадазнаўства (настаўнік – Вольга Калбасіч). Вучні расказалі карэспандэнту “РВ” пра свой шлях на вяршыню ведаў.
Аляксандра Елісеенка:
– У дзясятым класе вызначылася з выбарам прафесіі, а значыць, і з прадметамі, па якіх буду здаваць цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне. Адзін з іх – грамадазнаўства. Гэта складаная дысцыпліна, таму што ахоплівае розныя бакі жыцця грамадства і патрабуе засваення значнага аб’ёму ведаў. Вывучала яго на павышаным узроўні ў школе, самастойна дома і з рэпетытарам. Тройчы правярала сябе на рэпетыцыйных тэсціраваннях (далей – РТ. – Аўт.). Вынікі былі высокімі, у апошні раз набрала 98 балаў – не дацягнула да сотні з прычыны крыўднай арфаграфічнай памылкі, з-за якой адказ не залічыўся.
Перад экзаменам, зразумела, хвалявалася, але, прагледзеўшы заданні, адразу супакоілася, бо адказы на ўсе з іх ведала. Ніводнага пытання па-за школьнай праграмай не было.
Будучым абітурыентам хачу пажадаць выбіраць для здачы прадметы, да якіх ляжыць душа. І галоўнае – не завучваць матэрыял, а старацца добра зразумець яго. Яшчэ неабходна ў вялікай колькасці прарэшваць тэсты з экзаменаў мінулых гадоў.
Ад аўтара. Выдатнага выніку Аляксандра дасягнула і на ЦЭ па беларускай мове – у яе 96 балаў.
Рэната Каляга:
– Любоў да беларускай мовы мне прывіла настаўніца пачатковых класаў Валянціна Іванаўна Арцімёнак. Дзякуючы ёй я захапілася алімпіядамі па прадмеце, чытаннем і дэкламаваннем вершаў і прозы. Пазней гэты інтарэс развівала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Вінальеўна Казлоўская. Гэта якраз той выпадак, калі асоба настаўніка стала ключавой у дасягненні поспеху.
Беларускую мову вывучала на павышаным узроўні, наведвала факультатыўныя заняткі, шмат рашала тэстаў дома, паўтарала правілы. Высокія вынікі паказвала на РТ, таму экзаменацыйныя сто балаў былі прадказальнымі. Тэст быў вельмі лёгкім, падобным на той, які быў прапанаваны на РТ. Таму рэкамендую ўсім без выключэння праходзіць пробнае тэсціраванне.
Марыя Наско:
– Прызнаюся, што амаль усе мае намаганні былі накіраваны на штудзіраванне гісторыі Беларусі, якую таксама абрала для здачы ЦЭ. Беларускай мовай займалася ўрыўкамі, але гэтага хапала. Можа, таму, што вельмі люблю гэты прадмет і ён мне лёгка даецца. Тым больш у старшых класах вывучала мову на павышаным узроўні. На РТ ужо набірала сто балаў, таму і на экзамене была ўпэўнена ў сваіх ведах.
Не аднойчы чула меркаванне, што можна “налегчы” на прадметы толькі ў 10–11 класах, і будзе дастаткова для паступлення. Не пагаджуся з гэтым. На самай справе патрэбна на працягу ўсёй вучобы найлепшым чынам рыхтавацца да ўрокаў, добрасумленна выконваць дамашнія заданні, і тады кожнае з іх будзе маленькім укладам у паспяховае будучае – у набыццё прафесіі, блізкай сэрцу, у сваю мару.
Ад аўтара. Па гісторыі Беларусі ў Марыі 97 балаў.
Мікіта Глушкевіч:
– На РТ набіраў 90 і больш балаў. Пасля гэтага кожны раз праводзілі з настаўніцай Ірынай Казіміраўнай скрупулёзны аналіз памылак і недахопаў, і такі падыход прыносіў свой плён. З 10-га класа вывучаў мову на павышаным узроўні, сістэматычна займаўся самастойна. Думаю, што менавіта стараннасць і мэтанакіраванасць дапамаглі пераадолець найвышэйшую планку. Гэтага жадаю і будучым выпускнікам.