Заведующая Бегомльским детским садом Лилия Плуч умеет найти подход и наладить рабочий процесс

photo_2026-01-28_с

Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення атрымала загадчык Бягомльскага дзіцячага сада Лілія Плуч.

З гаспадарскай хваткай

Кожны, каму даводзілася мець стасункі з Ліліяй Плуч, адзначае яе выключную камунікатыўнасць і добразычлівасць. З ёю хочацца наладжваць дзелавыя кантакты і сябраваць – такі чалавек ніколі не падвядзе. Разам з тым ва ўсім адчуваецца яе цвёрдая рука кіраўніка, увага да кожнай дэталі, максімалізм.

За плячыма Ліліі Яраславаўны 41 год педагагічнага стажу. Першым рабочым месцам васямнаццацігадовай выпускніцы Полацкага педвучылішча стала Бярозкаўская СШ, якую справядліва называлі кузняй кадраў. Лілія Плуч з удзячнасцю ўспамінае навуку жыцця ад тагачаснага дырэктара школы Леаніда Галубкова, завуча Надзеі Грыгор’евай, якая была строгай настаўніцай для маладых спецыялістаў.

У выніку працавітасць Ліліі і прага да новых адкрыццяў, памножаныя на падтрымку вопытных калег, “выкавалі” з яе таксама прафесіянала з вялікай літары. У 1989 годзе яна закончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут, у 2002-м стала завучам, а ў 2009-м – дырэктарам школы.

Яе адметная рыса – умела знаходзіць падыход да падначаленых, наладжваць рабочы працэс так, каб кожнаму было камфортна. Ведае, што калі чалавеку дадзена творчая свабода, то ён пастараецца рэалізавацца з найбольшай самааддачай. Лічыць, што ёй шанцуе на намеснікаў. У Бярозкаўскай школе плённа працавала з Таццянай Лятэцкай, а зараз у дзіцячым садзе з Наталіяй Зямчонак. Але калі сам кіраўнік – няўрымслівая асоба і дзеля агульнай справы не лічыцца з асабістым часам, то і паплечнікі ў яго такія ж.

У дзіцячы сад у якасці загадчыка Лілія Плуч перайшла ў 2018 годзе адразу на вялікі фронт работ: тады па дзяржаўнай праграме на рамонт установы выдзелілі 300 тысяч рублёў, і на працягу наступнага года іх трэба было асвоіць. Кіраўніцтва раёна ў ёй не памылілася, даверыўшы адказную місію: дзейная жанчына з гаспадарскай жылкай сумела найлепшым чынам арганізаваць работы, наладзіць кантроль і пралічыць усё да драбніц з эканамічнага боку. Шмат чаго рабілі і сваімі рукамі – дружным калектывам дзіцячага сада. Адначасова была закуплена і новая мэбля. Цяпер гэта ўстанова адукацыі – адна з самых прыгожых у раёне. Вылучаецца ідэальнай чысцінёй і парадкам як у самім памяшканні, так і звонку. Прыкметная асаблівасць тэрыторыі – буянне разнастайных кветак з вясны да позняй восені.

У працэсе навучання і выхавання педагогі пад кіраўніцтвам загадчыка выкарыстоўваюць сучасныя методыкі, займаюцца праектнай дзейнасцю, развіваюць пазабюджэтную дзейнасць – усяго, напрыклад, працуе 18 платных аб’яднанняў па інтарэсах, сродкі якіх ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Калі Лілія даведалася, што яна будзе ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі, то… расплакалася.

– Мае бацькі былі простымі калгаснікамі ў вёсцы Пасекі, – расказвае яна. – Рупіліся не пакладаючы рук і былі прыкладам для нас, траіх дзяцей. За высокія дасягненні ў працы тата Міраслаў Міхайлавіч Гапановіч быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а мама Рамуальда Іосіфаўна – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Працавалі цяжка, таму заўжды наказвалі нам добра вучыцца, каб на “вучонай” рабоце было трохі лягчэй. Як бы яны зараз радаваліся, каб даведаліся, што і мая дзейнасць адзначана так высока!

Зрэшты, у Ліліі Яраславаўны цэлы стос Ганаровых грамат раённага і абласнога ўзроўню. А ў 2023 годзе яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.

Ад мамы ёй перадаліся моцныя лідарскія якасці, а ад таты – тая самая гаспадарлівасць, якую прыкмячаюць усе навакольныя.

Каб вобраз нашай гераіні быў больш поўным, адзначым, што яна таксама шматдзетная мама. Дачка Дар’я пайшла па яе слядах і стала настаўніцай з двума дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Другая, Вікторыя, – начальнік аддзела на буйным фармацэўтычным прадпрыемстве “Белмедпрэпараты”. Сын Яраслаў служыць у Рэспубліканскім атрадзе спецыяльнага прызначэння “Зубр”. Больш за тое, у Ліліі Яраславаўны пяць унучак, і старэйшая з іх ужо служыць ва ўпраўленні ўнутраных спраў! Усе дзеці і ўнукі жывуць у сталіцы і вельмі дружныя між сабой. І, канечне ж, яны самыя жаданыя госці ў бацькоўскім доме. У мамы-бабулі вялікае сэрца – яго любові хопіць на ўсіх.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ і гераіні публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *