Делают больше, чем нужно. Письмо с благодарностью медработникам Докшицкой ЦРБ пришло в редакцию
У кожнага чалавека час ад часу здараюцца моманты, калі жыццё прыносіць непрыемнасці, боль і смутак. Пэўна, для таго, каб мы не забываліся, якое кволае наша існаванне, каб больш радаваліся таму, што маем. Асабліва гэта адчувальна, калі справа датычыцца здароўя свайго, а найбольш сваіх блізкіх і родных. Вось і ў мяне неспадзявана захварэў унучак, якога часова даглядала. Ад яго немачы, ад неверагоднай адказнасці (не сваё ж дзіця, а сынава) святло памеркла ў вачах. Адно спадзяванне ў падобных выпадках, канечне, на медыкаў. Глядзіш на іх, як на святых, і чакаеш цуду.
Цуд не цуд, але аблягчэнне малому, а мне душэўны спакой глыбокай ноччу прынеслі фельчар Іна Кавалеўская і медсястра Лілія Стахоўская. З гэтай брыгадай медыкаў “хуткай дапамогі” сустракаюся ўжо не першы раз і заўсёды захапляюся іх высокімі прафесійнымі якасцямі, якія дазваляюць не толькі аказаць своечасовую дапамогу, але падарыць хвораму надзею, што ў яго абавязкова ўсё будзе добра. А што датычыцца Ліліі Міхайлаўны, то яна са сваім багатым вопытам работы з маленькімі пацыентамі для бацькоў, якія выклікаюць “хуткую”, наогул, падарунак лёсу. Папярэднія меркаванні фельчара з медсястрой наконт захворвання ў хлопчыка раніцай у час прыёму поўнасцю пацвердзіла яшчэ адзін цудоўны прадстаўнік калектыву медработнікаў Докшыцкай ЦРБ урач-педыятр Алена Рабцава. Доктар малады, але вялікі знаўца, і на наш, няхай і дылетанцкі, погляд, вельмі перспектыўны і патрэбны маленькім пацыентам, не гаворачы пра іх бацькоў.
Прыемныя бонусы ад медыкаў на гэтым не закончыліся. У нявесткі, якой зрабілі аперацыю ў Лепелі, знікла крыху павышаная тэмпература, і яна пра гэта бадзёра далажыла ўрачу-гінеколагу Докшыцкай ЦРБ Аляксандры Купрэвіч. Аляксандра Валер’еўна знайшла хвілінку ў сваім шчыльным графіку прыёмаў, патэлефанавала ў Лепельскую ЦРБ, каб асабіста пацікавіцца станам пацыенткі, якую некалі аглядала, хаця тая на гэты час ужо знаходзілася ў іншай медустанове. Яркі прыклад увагі і прафесійнай дабрыні. І ён не адзіны.
Пасляаперацыйны перыяд і нават час ужо пасля выпіскі, як вядома, таксама можа прынесці нечаканасці непрыемнага характару. Так было б і ў нашым выпадку, каб не багаты прафесійны вопыт у спалучэнні з грунтоўнымі ведамі медсястры хірургічнага кабінета Докшыцкай паліклінікі Ліліі Божалка. Яна адразу ў час першай перавязкі ўбачыла недарэчнасці, загадала тэрмінова паказацца ўрачу і сама прасачыла за гэтым. Лілія Мікалаеўна, як вядома, усё жыццё працуе ў медыцыне, але так і не звыклася, не стала раўнадушнай да чужога болю, па-ранейшаму ўмее спачуваць хворым і заўсёды імкнецца дапамагчы ім наколькі можа.
Людзей у прыведзеных прыкладах, на мой погляд, аб’ядноўвае тое, што ўсе яны ў час выканання сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў рабілі куды больш, чым павінны. Чалавечы фактар заўсёды будзе галоўным, і яго не заменяць ні новыя будынкі, ні сучасная апаратура, ні самыя рэдкія спецыялісты, калі яны будуць бяздушнымі да хворых людзей. Усіх медыкаў, што прынеслі радасць нашай сям’і, а таксама іх шматлікіх калег, шчыра віншуем з прафесійным святам. Зычым вам і вашым родным моцнага здароўя, поспеху і ўдачы ва ўсіх пачынаннях. Няхай ваша праца заўсёды цэніцца высока, як яна таго заслугоўвае.
Т. Альшэўская,
г. Докшыцы.