О безопасности на дорогах района, о внедрении новаций в работу службы рассказал начальник отделения ГАИ Докшицкого РОВД Дмитрий Домаскин

IMG_9515 с

У Дзень Рэспублікі, 3 ліпеня, сваё прафесійнае свята адзначылі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Гісторыя вартавых парадку на беларускіх дарогах пачалася 3 ліпеня 1936 года, калі пастановай Саўнаркома СССР было зацверджана Палажэнне аб Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НУКС СССР. Беларуская ДАІ вядзе свой летапіс менавіта з гэтай даты.

Сёння Дзяржаўтаінспекцыя кіруецца Законам аб дарожным руху і Палажэннем аб Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Як вядома, усе дзяржаўныя святы вартавыя правапарадку на дарогах працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, таму карэспандэнт “РВ” сустрэлася з начальнікам аддзялення ДАІ РАУС маёрам міліцыі Дзмітрыем Дамаскіным (на здымку) напярэдадні, каб пагутарыць пра адвечнае – бяспеку на дарогах і тыя навацыі, якія служба ўкараняе ў сваю дзейнасць сёння.

– Дзмітрый Іванавіч, дазвольце пачаць наша інтэрв’ю з гумару, у якім, як вядома, часта крыецца ісціна. Згадзіцеся, у любой размове абмеркаванне працы вашай службы на другім месцы пасля надвор’я.

– Сапраўды, сёлета надвор’е абмяркоўваюць часта, ну а работу ДАІ – таксама не менш (усміхаецца — Рэд.). Але, калі сур’ёзна, на гэта ёсць важкія прычыны. Мяркуйце самі: на пачатак года на тэрыторыі раёна зарэгістравана амаль 10 тысяч 700 адзінак транспартных сродкаў. Дадайце сюды машыны, якія замацаваны ў іншых рэгіёнах, але эксплуатуюцца на нашых дарогах. Атрымліваецца, што практычна ў кожнай сям’і ёсць аўтамабіль. У гэтай лічбе і 840 матацыклаў, іншы транспарт. Раён – транзітны, інтэнсіўнасць руху вельмі сур’ёзная. Таму з работай нашай службы кожны ўдзельнік дарожнага руху сутыкаецца практычна штодня. Памылкова меркаваць, што яна зводзіцца толькі да патрулявання. Мы правяраем стан дарожнага пакрыцця, выдаём прадпісанні адказным службам, хадайнічаем аб устаноўцы дарожных знакаў, суправаджаем негабарытны транспарт, нават перагон пэўнай сельгастэхнікі з палетка на палетак ці жывёлы да месца новай лакацыі не абыходзіцца без ДАІ. Ну і шэраг абавязковых спецмерапрыемстваў па адпрацоўцы дарог на прадмет пэўных правапарушэнняў, выезд на ДТЗ, аналіз дарожных спрэчак, адпрацоўка сігналаў неабыякавых грамадзян, забеспячэнне правапарадку пры правядзенні мерапрыемстваў плюс работа са справаздачамі, разбор дарожных сітуацый, калі правапарушальнікі выклікаюцца непасрэдна ў ДАІ.

– Спіс задач і сапраўды ўнушальны. У такім выпадку якія тэхнічныя сродкі вам у дапамогу?

– Наш аўтапарк складаецца з чатырох аўтамабіляў. Кантраляваць хуткасны рэжым – а, як вядома, няправільны выбар хуткасці і парушэнне правілаў абгону з году ў год у ліку першых прычын аварый – дапамагаюць “Бінар” і “Візір”. Апошні вымяральнік больш сучасны. Вельмі добра, што працэс работы фіксуецца на відэарэгістратар. Гэта ў першую чаргу засцерагае супрацоўнікаў міліцыі ад грамадзян, якія дазваляюць сабе нахабства. Значна паскарае працэс работы з парушальнікам нядаўняе ўкараненне сістэмы электроннага пратакола. Супрацоўнікі ДАІ могуць запаўняць пратаколы парушэнняў непасрэдна на месцы здарэння з дапамогай мабільных прылад, што дазваляе зэканоміць час.

У інспектараў таксама ёсць планшэты з нашай базай дадзеных. З лета гэтага года ў дапамогу ДАІ квадракоптар, які выкарыстоўваецца для кантролю за дарожнай сітуацыяй на вялікай адлегласці з паступленнем інфармацыі ў рэжыме анлайн на тэлефон інспектара. Да таго ж у раёне ўстаноўлена каля 150 камер відэаназірання. Таму калі вы, напрыклад, любіце пагаварыць па тэлефоне па дарозе на работу і не бачыце побач інспектара ДАІ, гэта не азначае, што парушэнне не будзе зафіксавана.

– Даўно вядомы выраз, што правілы дарожнага руху напісаны крывёю… Наколькі востра стаіць праблема ваджэння ў нецвярозым выглядзе?

– Гэты выраз гучыць жорстка, але калі за грэбаванне правіламі чалавек расплачваецца цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі ці ўвогуле жыццём, больш ёмка не скажаш. Нельга сцвярджаць, што колькасць нецвярозых вадзіцеляў значна павялічылася, але такія выпадкі ёсць, і яны не адзінкавыя. Хачу адзначыць, што нецвярозымі за руль дазваляюць сабе садзіцца ў роўнай ступені як мужчыны, так і жанчыны, часам перавозячы пры гэтым пасажыраў. Пазіцыя Міністэрства ўнутраных спраў па пытанні кіравання ў нецвярозым стане вельмі жорсткая, як і да вадзіцеляў-бяспраўнікаў. Гэта і вялізны штраф, і крымінальная справа, а ў асобных выпадках – канфіскацыя транспарту.

– Вы працуеце ў ДАІ амаль дзесяць гадоў, шэсць – узначальваеце аддзяленне. Раскажыце, што найбольш адклалася ў памяці за гэты час?

– Кожны супрацоўнік ДАІ, і я не выключэнне, скажа, што ніколі немагчыма звыкнуцца з выездамі на ДТЗ, дзе ёсць загінуўшыя ці дзе пацярпелі дзеці. Літаральна год таму ў нашым раёне была аварыя, у якой загінулі двое дарослых і пацярпела 11 пасажыраў мікрааўтобуса, у тым ліку 8 дзяцей. І зараз памятаю гэты выезд да дробязей. Дзённы час, канец рабочага тыдня, паніка сярод шматлікіх назіральнікаў, якія рухаліся ў папутным кірунку. Але ўсе нашы службы адрэагавалі аператыўна. Час ад часу здараюцца выпадкі, калі прыходзіцца не толькі папярэджваць, але і страляць. Так было, напрыклад, калі мы праследавалі ўгоншчыка аўтамабіля разам з калегамі з суседняй вобласці. Зноў жа з-за блізкасці лясоў і запаведніка ў нас фіксуецца шмат ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл.

– Дзмітрый Іванавіч, як бачна, адпачываць супрацоўнікам ДАІ не прыходзіцца. Тым не менш, за што вы любіце сваю службу і чаго пажадаеце калегам?

– Няхай не крыўдуюць на мяне калегі з іншых падраздзяленняў, але ў ДАІ заўсёды было і застаецца асаблівае братэрства. Нашы хлопцы звыклыя да любых экстрэмальных сітуацый, не дзеляць абавязкі на свае і чужыя, прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Мы вельмі ганарымся ветэранамі службы. Гэта былы начальнік ДАІ Анатолій Вітальевіч Сценнік, інспектары Георгій Стралкоўскі, Сяргей Герасімёнак, Сяргей Гіль, дарэчы, яго сын зараз таксама служыць у нашым аддзяленні, Алег Марчанкаў, Вячаслаў Палачанін, Андрэй Герасімёнак, Алег Гайдук, Вадзім Брыкун. Няхай над усімі намі будзе мірнае неба, моцнага здароўя вам і вашым блізкім, зялёнага святла на скрыжаваннях жыццёвых дарог, шчасця і дабрабыту.

– Дзякуй за размову.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *