Косовицу в ГП «Гнездилово-Агро» ведет механизатор Николай Сачино
Сёлетні небывала дажджлівы чэрвень, падобнага да якога не было ўжо не проста гады, а пару дзесяцігоддзяў дакладна, прынёс аграрыям як станоўчае – добры рост траў, так і адмоўнае – пэўнае зніжэнне тэмпаў корманарыхтоўкі з-за зацяжных дажджоў.
ДП “Гняздзілава-Агра”, якое прыступіла да касавіцы найпазней па прычыне высокай вільготнасці глебы на палетках і, адпаведна, непраходнасці тэхнікі, зараз актыўна набірае абароты. Першым укосам у гаспадарцы скошана амаль 80 працэнтаў траў, а гэта нараўне з большасцю сельгаспрадпрыемстваў раёна. Асабліва адметна, што ўся касавіца вядзецца адным чалавекам – трактарыстам Мікалаем Сачынам, які рупіцца на полі на сваім МТЗ-1221 з касой ад зары да зары.
Мікалай Аляксандравіч у “Гняздзілаве-Агра” працуе чацвёрты год, а ўвогуле яго механізатарскі стаж складае больш за тры з паловай дзясятка гадоў. Жыхар Бярозаўкі, ён пачынаў яшчэ ў калгасе “Рассвет” у далёкім 1989 годзе. Шмат часу адпрацаваў у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Усюды меў рэпутацыю добрасумленнага, адказнага работніка, прафесіянала.
– Вопыт шмат што значыць, – гаворыць у адказ на нашу пахвалу якасці работы. – Налаўчыўся працаваць на самых складаных участках. Так, трактар мой не энерганасычаны, косы большыя бываюць, аднак можна справу толкам весці і з такой тэхнікай, калі яна дагледжаная, адрамантаваная як след. Радуе, што ліпень прынёс-такі першыя цёплыя і практычна без дажджоў дні – яны нам вельмі дарэчы, каб фронт работ павялічыць, каб падсохлі мокрыя ўчасткі палёў, на якія да гэтага немагчыма было ўз’ехаць.
– Так, у няпростых умовах даводзіцца сёлета весці корманарыхтоўку, – пацвярджае сказанае галоўны аграном гаспадаркі Кацярына Пашкевіч і тут жа дадае: – Увогуле ж, калі разважаць, то ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў раслінаводстве, умовы простымі ніколі і не бываюць: то засушыць, то падмарозіць, то градам пасевы паб’е… Змагаемся, стараемся выкарыстоўваць усе магчымасці. Самае галоўнае ва ўсе часы застаецца нязменным – гэта кадры. Іх у нас, на жаль, не хапае. Таму на палявых работах у гарачую пару задзейнічаны ўсе, у каго, вобразна кажучы, ёсць правы на ваджэнне, у тым ліку і інжынерная служба. Прыемна, што па меры магчымасцей дапамогу нам аказваюць ААТ “Таргуны”, “Барсучанка”, райаграсэрвіс. Вось і сёння чакаем з Таргуноў прэс – пачалі нарыхтоўваць сена. Сенажу мы заклалі пакуль што 1735 тон ад запланаваных 4500 – травы на зялёную масу на нашым адзіным КВК здрабняе малады механізатар Андрэй Батура, які яшчэ толькі набіраецца вопыту. Дарэчы, акрамя вядомых у раёне братоў Ламановічаў, у нас яшчэ адна працоўная дынастыя паявілася: бацька Аляксандр Батура, вадзіцель, і сыны Андрэй і Аляксей. Карацей, не сядзім склаўшы рукі і не падаем духам, маем дапамогу ад людзей і спадзяёмся, як і ўсе, хто працуе на зямлі, на такую ж дапамогу ад неба.
Такая пазіцыя, бясспрэчна, не можа не заслугоўваць павагі. Што датычыцца лідарства на дадзеным этапе корманарыхтоўкі, то яго ўпэўнена заваявала ААТ “Бягомльскае”, дзе на сённяшні дзень план па закладцы сенажу ўжо выкананы, а на галаву жывёлы нарыхтавана 13,82 цэнтнера кармавых адзінак. Гэта пры тым, што ўбраны яшчэ не ўсе травы першага ўкосу, а значыць паказчык у хуткім часе павысіцца. На другім месцы па колькасці ц.к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы ДП “АграСітцы”, дзе касавіца яшчэ толькі пераваліла экватар, на трэцім – ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Таргуны”. Райаграсэрвіс, да ўсяго, адзіная гаспадарка, дзе завяршаюцца работы па нарыхтоўцы сена. Самы высокі паказчык там – 76,9 працэнта да плана – па нарыхтоўцы сенажу ў палімерную плёнку. Высокай лічбай у гэтым плане можа пахваліцца яшчэ і ААТ “Бягомльскае” – 66,2 працэнта. А вось непасрэдна па тэмпах касьбы райаграсэрвіс, дзе да запланаваных 2150 гектараў плошчаў засталося скасіць менш за сотню, аперадзіла ААТ “Барсучанка” – тут работы праведзены ўжо звыш плана.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.