В санатории «Боровое» создают комфорт и поддерживают порядок сестра-хозяйка Светлана Епифанова и три десятка человек персонала

Сястра-гаспадыня Святлана Епіфанава (другая справа) з дзяўчатамі, якія адказваюць за парадак у корпусе №2 санаторыя “Баравое”.
Даўно вядомы факт, што санаторый “Баравое” – адна з візітных картак нашага раёна. Кожны едзе ў гэту здраўніцу за рознымі складальнікамі: ад медыцынскай базы да ціхага адпачынку на ўлонні прыроды. Аднак ёсць тое, што на кожным аб’екце турызму і сэрвісу ўспрымаецца адпачывальнікамі, так бы мовіць, па ўмаўчанні: гэта чысціня і парадак, а значыць і камфорт, якія, як вядома, не ўзнікаюць самі па сабе. У “Баравым” у адказе за арганізацыю гэтага працэсу сястра-гаспадыня Святлана Епіфанава і тры дзясяткі чалавек персаналу, якія штодня рупяцца над тым, каб у нумарным фондзе, водалячэбніцы, адміністрацыйных будынках і на ўсіх астатніх аб’ектах інфраструктуры было чыста і ўтульна.
Святлана Іванаўна адна са старажылаў у “Баравым”. Мяркуйце самі. Днём нараджэння санаторыя лічыцца 13 чэрвеня 1991 года, калі Кіраўніцтвам справамі Саўміна БССР быў выданы загад аб пераўтварэнні гаспадаркі “Баравое” (якая існавала з 1973 года – Рэд.) у пансіянат. Наша ж гераіня на працу сюды ўладкавалася ў чэрвені 1993 года. Размаўляючы са Святланай Іванаўнай, увесь час лавіла сябе на думцы, што ў яе гаворцы, у сціплай стрыманасці, у акуратнасці ў адказах крыецца нейкая нехарактэрнасць нашай мясцовасці, нетутэйшасць. Калі спытала напрамую, высветлілася, што гэта і сапраўды так. Шмат часу яна пражыла ў Прыбалтыцы, дзе працавала майстрам ткацкай вытворчасці. Але, калі ў пачатку дзевяностых рускамоўнае насельніцтва Балтыі сутыкнулася з колам цяжкасцей, пераехала з сям’ёй у Беларусь.
Шчыра прызнацца, цяжка нават уявіць, колькі абавязкаў на танклявых плячах гэтай далікатнай жанчыны. Яна не сядзіць у кабінеце і не раздае даручэнні. Наадварот – увесь час на бягу. Хіба толькі з раніцы, выдаючы персаналу камплекты бялізны, крыху затрымліваецца на адным месцы. Але ж калі тых камплектаў 300 – 500 адзінак, надта не адпачнеш. А затым Святлана Іванаўна пачынае абход – не, няправільна, – аб’езд (для таго, каб справа ішла хутчэй, паміж карпусамі яна перамяшчаецца на веласіпедзе) сваіх уладанняў. І не грэбуе сястра-гаспадыня, калі трэба, любымі абавязкамі. За больш чым тры дзесяцігоддзі чаго толькі не прыходзілася рабіць: і нумары прыбіраць, і кветкі высаджваць ды за шматлікімі клумбамі даглядаць, і псіхолагам быць для адпачываючых, бо многія прыязджаюць у здраўніцу з года ў год і часта да персаналу адносяцца як да блізкіх людзей, дзеляцца перажытым. Да таго ж на яе пасадзе немалы дакументаабарот.
Нават на размову з гераіняй артыкула ў нас было не больш за 15-20 хвілін, бо надзённыя справы патрабавалі яе неадкладнай прысутнасці. Дарэчы, менавіта за неабыякавасць да ўсяго, за што бярэцца, працаздольнасць і прынцыповы падыход да сваіх абавязкаў Святлану Іванаўну ў санаторыі вельмі паважаюць. Свой аўтарытэт высакакласнага спецыяліста яна заслужыла шматгадовай самаадданай працай.
Напрыканцы размовы жанчына прызналася, што яна жыве імкліва, стараецца, каб усё спорылася і гарэла ў руках. Ну а што тычыцца любові да парадку, то яна распаўсюджваецца і на ўласны быт, і на ўсіх дамашніх:
– Лічу, што калі ў цябе парадак у доме, на рабоце, тады і ў душы наступае размераны спакой. Магчыма, я памыляюся, але гэта мой прынцып, выпрацаваны і пацверджаны жыццём.
Наталля Сташэвіч.
Фота аўтара.