Свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае” адбылося ў аграгарадку Таргуны

IMG_3225

У нядзелю, у першы дзень Святой Тройцы, у аграгарадку Таргуны адбылося свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”.

Пасля святочнага малебну ў царкве Нерукатворнага вобраза Гасподняга ўдзельнікі і госці рушылі да галоўнай пляцоўкі, дзе ўсіх чакаў абрад кумавання. Куміцца – гэта значыць папрасіць адзін у аднаго прабачэння і тройчы пацалавацца праз вянок.

Пра тое, што дзень Святой Тройцы прынята адзначаць з размахам, сведчыў Траецкі кірмаш. Тэматычныя пляцоўкі прэзентавалі арганізацыі Тумілавіцкага сельсавета. Неверагодная прыгажосць была прадстаўлена на “Алеі майстроў”. Жывапісам захапляецца Ала Краўчонак, пляценнем з ратангу – Вера Варанковіч, вязаннем – Марыя Тхорава. Вядомым тутэйшым майстрам кошыкаў з’яўляецца Аляксандр Антонаў. Біжутэрыю на любы густ вырабляе Святлана Хаміцэвіч. На пляцоўцы Дома рамёстваў ахвотныя мелі магчымасць далучыцца да праекта “Жывая спадчына”, у межах якога на кожным брэндавым свяце раёна ладзіцца майстар-клас па стварэнні маляванкі.

IMG_3244 IMG_3251 IMG_3270

А ці ведаеце вы, якая страва на Тройцу з’яўляецца традыцыйнай?

Кажуць, каб набрацца сіл і быць здаровым цэлы год, трэба абавязкова пакаштаваць траецкай яечні! Гэту смакату гатавалі тут жа на распаленай калодзе гаспадыні з аматарскага клуба “Смачна есці” Крыпульскага СДК. Папулярнасцю карысталася і пляцоўка аграсядзібы “Вецяра”.

Цэнтральнае месца на святочным стале належыць траецкаму хлебу, пакаштаваць які павінны па традыцыі ўсе члены сям’і. Духмяны каравай падзялілі паміж усімі, хто завітаў на Траецкі кірмаш.

Са святам жыхароў і гасцей аграгарадка павіншавалі начальнік аддзела культуры райвыканкама, член прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Вольга Сушко і настаяцель царквы Нерукатворнага вобраза Гасподняга ў Таргунах айцец Пётр Іоська.

IMG_3279 IMG_3286 IMG_3295

На фэсце адзначылі падарункам самага юнага жыхара Таргуноў. Сёлета гэта Соф’я Давыдава. Прыгадалі і старажылаў. Па 95 гадоў у чэрвені гэтага года споўніцца Яўгеніі Маскалёнак з Таргуноў і Адэліі Аніковіч з Несцераўшчыны. 93-гадовы дзень нараджэння адзначылі Ніна Касцюковіч і Марыя Васілевіч са Стараселля, 91 год сустрэлі Вінцэнта-Альфрэда Батвілоўская і Руфіна Карніловіч з Таргуноў. 90-гадовы юбілей адсвяткавала знакамітая прыпевачніца Марыя Гамановіч са Сценкі. 89 гадоў споўнілася Галіне Грыцкевіч, Яўгеніі Шылёнак, Зінаідзе Кавалевіч з Дзедзіна і Сафіі Плыгаўка з Тумілавіч. Залатое вяселле сёлета адсвяткавалі сужэнцы Фёдар і Валянціна Малюжанцы.

Словы падзякі гучалі ў адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі, ветэранаў педагагічнай працы. Дарэчы, свята нацыянальнай культуры ў Таргунах не ўпершыню становіцца нагодай для сустрэчы выпускнікоў. Вось і на гэты раз на фэсце сабраліся тыя, хто скончыў Таргуноўскую СШ паўвека таму.

IMG_3304 IMG_3311 IMG_3314

На мерапрыемстве за актыўны ўдзел, ініцыятыўнасць і вялікі асабісты ўклад у добраўпарадкаванне і азеляненне прыдамавой тэрыторыі былі адзначаны Мікалай і Лілія Маскалёнкі, Іван і Вера Раткевіч, Яраслаў і Альфрэда Пяцько. Падзякі гаспадарам уручыў старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Хілько.

Святочны настрой падтрымлівалі маленькія танцоры з мясцовага дзіцячага сада, юныя артысткі Кіра Забродзіна, Агнія Карніловіч і Арына Малюжанец, вакальна-інструментальны ансамбль Таргуноўскага клуба-бібліятэкі, салісты Аляксандр Малюжанец, Сяргей Гамановіч, Святлана Аўрэйцэвіч, Ала Краўчонак, ансамбль “Кружева” Докшыцкага ГЦК.

IMG_3199

IMG_3315 IMG_3323 IMG_3320 IMG_3318

IMG_3333 IMG_3340 IMG_3337 IMG_3378 IMG_3382

IMG_3404 IMG_3399 IMG_3386 IMG_3354

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *