Команда авиамоделистов из Докшиц стала победительницей открытого чемпионата по радиоуправляемым моделям

а4

Пераможцай вярнулася каманда юных авіямадэлістаў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі з адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па радыёкіруемых авіямадэлях – копіях і паўкопіях.

У асабістым заліку трэцяе месца занялі Улад Анісько і Фёдар Гайчук, другое – Сяргей Гацэнка. Спаборніцтвы прайшлі ў Быхаве, на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома.
У чэмпіянаце прынялі ўдзел 22 спартсмены з Магілёва, Гомеля, Віцебска і Докшыц.

photo_2025-07-16_15-02-16

Праграма спаборніцтваў складалася са стэндавай дэманстрацыі і трох лётных тураў. Падчас іх авіямадэлі, якімі пілоты кіравалі з зямлі, павінны былі выканаць два абавязковыя элементы – гарызантальную васьмёрку і зніжэнне 360 градусаў, а таксама восем дадатковых на выбар удзельнікаў – палёт па чатырохвугольным або трохвугольным маршруце, “пералёт” падчас пасадкі, канвеер і іншыя фігуры вышэйшага пілатажу.

– Сёлета на чэмпіянаце мы выставілі дзве новыя мадэлі, – расказаў кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Авіямадэлізм” Аляксандр Гапанёнак. – Адна з іх – копія Ан-2 МНС Рэспублікі Беларусь, рэальны прататып якой базіруецца на аэрадроме ў Мінску. Другая – По-2 – копія легендарнага самалёта, што ў гады вайны дастаўляў медыкаменты, боепрыпасы на аэрадром у Бягомлі і эвакуіраваў параненых, жанчын і дзяцей на Вялікую зямлю.

а2

Умовы надвор’я падчас спаборніцтваў не вельмі спрыялі для палётаў, але ўдзельнікі здолелі прадэманстраваць свае навыкі і ўменні. Вопыт трэнераў і пілотаў дапамагаў спраўляцца з пазаштатнымі сітуацыямі і не сыходзіць з дыстанцыі. Былі і няўдачы: у гамяльчан з-за адмовы радыёкіравання разбілася мадэль на ўзлёце. Што ж, у любым спорце здараюцца расчараванні, і ў наступны раз усё складзецца зусім па-іншаму.

Пытанне забеспячэння нашых удзельнікаў транспартам вырашыла ўстанова дадатковай адукацыі. Аднак і бацькі не засталіся ўбаку. Мама аднаго з выхаванцаў, Наталля Анісько, дапамагала юным спартсменам непасрэдна падчас спаборніцтваў, за што каманда ёй вельмі ўдзячная.

Канструяваць авіямадэлі, кіраваць імі можна навучыцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Авіямадэлізм” ДУДА “Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”, дзе заўсёды рады бачыць кожнага.

а1

Наталля ВАСЬКО.
Фота прадастаўлена А. Гапанёнкам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *