Дети наполняют жизнь позитивом, уверена районный педиатр Докшицкой ЦРБ Татьяна Тимощук

IMG_4842 с

Штогод у трэцюю нядзелю чэрвеня беларускія медыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Гэта дзень ушанавання ўсіх, хто прысвяціў сябе ахове здароўя насельніцтва. Сярод іх раённы педыятр Таццяна Цімашчук – кампетэнтны і эмпатычны доктар, якога абажаюць маленькія пацыенты і іх бацькі.

Таццяна Дзмітрыеўна працуе ў Докшыцкай ЦРБ амаль сем гадоў, тут жа праходзіла інтэрнатуру пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. На цяперашнюю пасаду была назначана летась, а да гэтага год выконвала абавязкі раённага педыятра. Разам з тым Таццяна працягвае прымаць пацыентаў, наведваць іх на даму, і зносіны з малымі напаўняюць яе жыццё пазітывам.

– Ніколі б не памяняла сваю спецыяльнасць на іншую – толькі педыятрыя! – запэўнівае ўрач. – Паступала ў медыцынскую ўстанову выключна з-за таго, што вельмі люблю дзяцей і імкнуся ім дапамагчы.

Па характары Таццяна прыветлівы чалавек, заўсёды з усмешкай, таму звычайна ёй адказваюць тым жа.

– Спецыфіка працы ў дзіцячай кансультацыі і педыятрычным аддзяленні стацыянара абавязвае медыкаў ствараць добразычлівую атмасферу, бо ад гэтага чалавеку становіцца маральна лягчэй, – кажа ўрач. – Да кожнага шукаем індывідуальны падыход – як да дзяцей, так і да іх бацькоў.

Як пацвярджэнне пра клопат аб псіхалагічным стане падапечных – прапанова Таццяны стварыць на базе бальніцы асобны пакой пад назвай “Эмацыянальная гавань”, які стане зонай камфорту і развіцця для дзяцей-пацыентаў. Педыятр выступіла з гэтай ініцыятывай на рэспубліканскім маладзёжным конкурсе і перамагла – сродкі на ўвасабленне ідэі ўжо пералічаны на рахунак бальніцы, і зараз поўным ходам ідзе абуладкаванне пакоя эмацыянальнай разгрузкі.

Наогул, расказала Таццяна Дзмітрыеўна, ва ўстанове аховы здароўя створаны ўсе неабходныя ўмовы для паўнавартаснай медыцынскай дапамогі, якую можна аказаць на ўзроўні раёна. У дзіцячай кансультацыі і педыятрычным аддзяленні свежыя рамонты, маецца ўсё патрэбнае абсталяванне, нядаўна для работы набыты новы камп’ютар. Таццяне падабаецца калектыў, склаліся канструктыўныя адносіны з адміністрацыяй. Асабліва ўдзячная малады доктар намесніку галоўнага ўрача Іне Кучыц, якая была яе настаўнікам у першыя гады працы, а цяпер з’яўляецца слушным дарадчыкам па ўсіх рабочых пытаннях.

Як раённы педыятр Таццяна Цімашчук часта бывае ў структурных падраздзяленнях ЦРБ, праводзіць вучобу з персаналам, вядзе вялікі ўчастак работы з дакументамі. Але сэрца ўсёй яе педыятрычнай дзейнасці – здароўе дзетак. Іх выздараўленне – ні з чым непараўнальная ўзнагарода.

– Шкадую іх, як сваіх, – расчулена гаворыць урач. – Яны і ёсць мае, пакуль не вылечу. Бываюць цяжкія выпадкі, з-за якіх медыцынскія работнікі праводзяць бяссонныя ночы, аднак усе перажыванні ў рэшце рэшт кампенсуюцца смехам дзяцей і ўдзячнымі словамі бацькоў.

Дома ў Таццяны Дзмітрыеўны надзейны тыл – муж Алег Юр’евіч падтрымлівае жонку не толькі на словах, але і ў справах: дапамагае ў побыце і, канечне ж, у выхаванні іх пяцігадовага сыночка Цімафея. Родам яны з Міншчыны, але на Докшыччыне ўжо абвыкліся, тым больш што Таццяне як урачу выдзелілі ў райцэнтры арэндную кватэру.

– Мае галоўныя і самыя важныя захапленні – сям’я і праца, – рэзюмуе Таццяна. – Рада, што іх існаванне гарманічнае.

Па выніках работы за мінулы год Таццяна Цімашчук удастоена звання “Лепшы па прафесіі”, яе імя занесена на Дошку гонару ЦРБ. Дарэчы, на Дошцы гонару і педыятрычнае аддзяленне, якое прызнана пераможцам сярод структурных падраздзяленняў бальніцы па выніках дзейнасці за гэты ж перыяд.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *