В Докшицком районе на строительном объекте трудится молодежь

Мікіта Дайлідзёнак, Максім Каляга і Арсеній Касцюк.

Мікіта Дайлідзёнак, Максім Каляга і Арсеній Касцюк.

Паступова абнаўляецца, прыхарошваецца наш райцэнтр. Хутка ўжо другі шматкватэрны дом на вуліцы Ленінскай зменіць свой выгляд. Разам з будаўнікамі філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, што вядуць капітальны рамонт двухпавярховіка, працуе трое юнакоў.

Як аказалася, Арсеній Касцюк вучыцца на аўтаслесара ў сталіцы, Мікіта Дайлідзёнак скончыў чацвёрты курс Мінскага сувораўскага вучылішча, а Максім Каляга – сёлетні выпускнік другой гарадской школы. Арсеній і Максім у мінулым годзе таксама працавалі падчас летніх канікул, і, па словах першага, за месяц зарабіць можна 600–700 рублёў.

– Памер будзе залежаць ад колькасці рабочых дзён. Тут ужо патрэбна жаданне саміх хлопцаў, – дадае майстар будаўніча-мантажных работ арганізацыі Ігар Таўстапят. – Згодна з нарматывам, штодзень яны могуць працаваць не больш за сем гадзін. Але і гэта вялікая дапамога. Вось зараз складаюць цэглу на паддоны, якія будуць падавацца каменшчыкам на дах дома. Задача для хлопцаў пасільная, а нам не трэба адрываць людзей ад асноўнай работы.

Увогуле, дадатковым рабочым рукам у філіяле № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” рады. Вынесці будаўнічае смецце, разабраць, напрыклад, драўляную падлогу або шчыты, паднесці пясок ці падсыпаць керамзіт – з такімі работамі 16-гадовыя юнакі лёгка спраўляюцца. У чэрвені быў працаўладкаваны студатрад БРСМ, 10 чалавек якога былі задзейнічаны на трох аб’ектах. На адным з іх – капрамонце шматкватэрнага дома – дапамагалі пяць старшакласнікаў.

Многія сённяшнія школьнікі і студэнты імкнуцца летам не толькі адпачыць, але і зарабіць грошай на асабістыя патрэбы. Уладкавацца на працу падчас канікул можна звярнуўшыся ў раённы камітэт ГА “БРСМ” ці ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, у індывідуальным парадку працаўладкавана 33 чалавекі з ліку маладых людзей, якія скончылі школу і падалі дакументы на паступленне, а таксама студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Моладзь шчыруе ў лясгасе, ПМС, санаторыі “Баравое”, ЦРБ, сельгаспрадпрыемствах.

Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *