Комфортные условия для малышей созданы в Крулевщинском детском саду
Крулеўшчынскі дзіцячы сад увайшоў у новы навучальны год у поўным сваім харастве і традыцыйнай дагледжанасці.
Будынак дзіцячага сада ў Крулеўшчыне – адзін з найстарэйшых у раёне сярод устаноў адукацыі: яму больш за шэсцьдзясят гадоў. Тым не менш выглядае ён прывабна дзякуючы стараннай працы калектыву на чале з вопытным загадчыкам Ірынай Бабіч. Ірына Аляксееўна кіруе дашкольнай установай 33 гады!
На тэрыторыі шмат кветак, кустоў, дэкаратыўнага аздаблення і яркага абсталявання. Акуратна заасфальтаваны двор – тры гады запар добраўпарадкаваннем займалася ДРБУ-180. Гэтым летам за бюджэтныя сродкі набыты і ўстаноўлены на вуліцы гульнявы комплекс і гульнявая пажарная машына.
Пакладзена сучасная керамічная плітка на сценах фае – з работамі дапамагалі бацькі выхаванцаў. У групе інтэграванага навучання і выхавання замянілі лінолеум.
– Вялікі дзякуй за падтрымку Крулеўшчынскаму сельскаму Савету дэпутатаў, ВУ “Віцебскторф”, ДРБУ-180 і іншым нашым партнёрам, – шчыра гаворыць Ірына Аляксееўна. – Нізкі паклон бацькам, якія адгукаюцца на любую просьбу, калі гэта датычыцца камфорту іх дзяцей. І, безумоўна, не перастаю быць удзячнай сваім калегам – працавітым, актыўным і таленавітым.
Цудоўным набыткам для сада стаў новенькі тэлевізар, куплены за сродкі, прэзентаваныя ТАА “Космаінвест” раёну ў рамках нядаўняга святкавання дня горада Докшыцы. Сертыфікат на суму 1 тыс. рублёў быў перададзены менавіта Крулеўшчынскаму дзіцячаму саду – установе, якая з года ў год прыкладае шмат намаганняў для дыхтоўнага абуладкавання памяшканняў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Абнавілася прасторава-развіваючае асяроддзе ў групах і ў гэтым годзе. Напрыклад, куплены камплект мяккай дзіцячай мэблі, зручныя стэлажы і скрынкі для цацак і дыдактычных матэрыялаў.
А самае галоўнае, што ва ўстанове пануе прыязная атмасфера, якая дабратворна ўплывае на знаходжанне выхаванцаў у садзе.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.


