Анатолий и Софья Шереверы написали свои имена на стенах рейхстага. Память предках бережно хранят в семье Оксаны Шеревера из деревни Круковка

Соф’я Шэравера. Анатолій Шэравера.

Соф’я і Анатолій Шэравера.

У сям’і Аксаны Шэравера з вёскі Крукоўка беражна захоўваюць памяць пра сваіх продкаў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Анатолія і Соф’ю Шэравераў. Яны гераічна змагаліся супраць фашыстаў на розных франтах і дайшлі да Берліна. Калі на сценах рэйхстага напісалі свае імёны, Анатолій тут жа прапанаваў Соф’і стаць яго жонкай.

Іх унучка Аксана разам са сваёй дачкой Янінай Косцюк, вучаніцай 10 класа СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, пабывалі ў рэдакцыі “РВ” і расказалі, як Шэраверы змагаліся за Перамогу над нацызмам.

Соф’я: натхнілася подзвігам

– Мне зараз шаснаццаць, і я атулена клопатам дома і ў школе, вучуся, займаюся любімымі справамі, не задумваючыся ў мітусні паўсядзённых спраў, што самае вялікае шчасце – жыць пад мірным небам, – гаворыць Яніна. – Цяжка ўявіць, што прабабуля Соф’я пайшла на фронт прыкладна ў маім узросце! Для таго каб яе ўзялі, “дадала” сабе пару гадоў…

Соф’я Іванаўна Качула была, як і яе будучы муж, ураджэнкай Вінніцкай вобласці Украінскай ССР. На пачатак вайны дзяўчына толькі што закончыла сем класаў і рыхтавалася да выпускнога. Выхоўвалася ў дзіцячым доме, які ў вайну вымушаны былі эвакуіраваць. На новае месца дзеці з работнікамі ішлі пешшу і ехалі цягніком, а на прыпынках збіралі каласкі, каб падмацавацца… Так дабраліся да расійскага горада Бузулука, што ў Арэнбургскай вобласці. Там Соф’я пайшла вучыцца ў рамеснае вучылішча, а па начах з іншымі непаўналетнімі працавала на заводзе. Рабілі штыкі, адшліфоўвалі іх на станках і прагнулі помсты нямецкім акупантам.

Натхніўшыся подзвігам Зоі Касмадзям’янскай, Соф’я вырашыла пайсці на фронт. 29 ліпеня 1943 года была прызвана ў рады Чырвонай Арміі і накіравана служыць радыётэлеграфісткай у 17-ю мотаінжынерную брыгаду 1-й гвардзейскай танкавай арміі.

За мужнасць і гераізм Соф’я Іванаўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”.

– Медаль “За баявыя заслугі” бабуля атрымала за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і праяўленую мужнасць падчас узяцця Берліна, – тлумачыць Аксана Юльеўна. – У баях ля Данцыга, нягледзячы на істотную адлегласць часцей ад штаба брыгады, яна на маламагутнай радыёстанцыі трымала бесперабойную сувязь. Гэтаксама спраўлялася і пры падыходзе да Берліна, дзе радыёсувязь абцяжарвалася мноствам перашкод, у тым ліку лініямі высокага напружання, і падчас вулічных баёў у нямецкай сталіцы, пад бамбёжкамі ворага.

Закончыла свой франтавы шлях Соф’я Іванаўна ў званні малодшага сяржанта.

Анатолій: гвардыі маёр

Анатолій Шэравера нарадзіўся ў 1918 годзе і на пачатак вайны быў на апошнім курсе Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Закончыць не паспеў.

У Чырвоную Армію трапіў у ліпені 1941-га. З ліпеня 1942-га на франтах: Бранскім (1942) – намеснік камандзіра інжынернага батальёна, Цэнтральным (1943) – гвардыі капітан, начальнік артзабеспячэння 3-й гвардзейскай ордэна Леніна знішчальнай брыгады 2-й знішчальнай дывізіі, Беларускім (1943–1944), І Беларускім (1944–1945) – гвардыі маёр, начальнік артзабеспячэння, затым старшы памочнік і начальнік аператыўнага аддзялення брыгады.

У абаронна-наступальных баях Арлоўска-Курскага напрамку Шэравера, нягледзячы на бесперапынны агонь і авіябамбёжку праціўніка, своечасова дастаўляў боепрыпасы на поле бітвы, што дазволіла брыгадзе адстаяць рубеж абароны. За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Падчас аперацыі “Баграціён” па вызваленні Беларусі ў наступальных баях на Бабруйскім, Мінскім і Баранавіцкім напрамках пад агнём ворага дастаўляў боепрыпасы на пярэдні край батарэі, на хаду рамантаваў зброю, за што таксама ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1945 годзе пры будаўніцтве моста праз раку Одэр ва ўмовах крыгаходу і ўзмоцненага артагню немцаў вёў разведку і кантраляваў будоўлю, аказваючы дапамогу кіраўніцтву. За мужнасць і адвагу атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

У красавіку 1945 года старшы памочнік аператыўна-разведвальнага аддзялення 17-й мотаінжынернай брыгады гвардыі маёр Шэравера ў баях за Берлін арганізаваў паромную пераправу праз раку Шпрэе, што паспрыяла хуткаму руху асноўных сіл 1-й гвардзейскай танкавай арміі. За адказнае выкананне заданняў, мужнасць і адвагу быў узнагароджаны другім ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Усяго ў паслужным спіску Шэраверы тры ордэны Чырвонай Зоркі, два ордэны Айчыннай вайны II ступені, ордэн Айчыннай вайны I ступені, медалі “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За абарону Масквы”.

Наканавана лёсам

Соф’я і Анатолій пазнаёміліся на фронце. Аднаго дня, калі дзяўчына збіралася выязджаць з баявымі таварышамі на заданне, малады чалавек паклікаў яе на спатканне. З гэтай прычыны Соф’я на хвілінку затрымалася. А тым часам у машыну, у якой яна павінна была ехаць, трапіла бомба. Загінулі ўсе ваеннаслужачыя, што знаходзіліся там… Соф’я і Анатолій падумалі тады, што застацца ў жывых ім было наканавана лёсам. Да самай Перамогі закаханыя служылі разам. З нагоды заручын камандзір палка ўручыў ім падлогавы гадзіннік з боем. Ён ідзе да гэтага часу і з’яўляецца сямейнай рэліквіяй нашчадкаў.

Пасля вайны Шэраверы служылі спачатку ў Германіі (там нарадзіўся іх першынец), а потым галаву сям’і накіравалі ў Беларускую ваенную акругу (БВА), дзе ён прадоўжыў службу ў званні палкоўніка. Соф’я Іванаўна працавала ў агенцтве Аэрафлота. Да скону дзён яны пражылі ў Мінску.

Анатолій Ігнатавіч – удзельнік парадаў у Маскве, атрымаў ружжо з рук маршала Жукава і пісталет ад Сталіна. У 1955 годзе скончыў Вышэйшую акадэмію імя М.В. Фрунзэ. Са студзеня 1956-га па жнівень 1962-га – начальнік штаба інжынерных войскаў БВА. З мая 1961-га па чэрвень 1962-га – ваенны аташэ ў Егіпце, дзе давялося сустрэцца з самім Юрыем Гагарыным. У 1964-м у сувязі з выслугай гадоў звольнены ў запас. Да апошняга працаваў выкладчыкам на ваеннай кафедры Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ).

Жыццё як прыклад

– Бабуля з дзядулем выхавалі чацвярых дзяцей, – распавяла Аксана Юльеўна. – Імёны пры нараджэнні ім далі ў гонар славутасцей. Усе: Аркадзій, Тамара, Юлій і Валерый – сталі высокамаральнымі людзьмі, годнымі сваіх бацькоў, атрымалі вышэйшую адукацыю, набылі прэстыжныя прафесіі. У кватэры было шмат кніг, дзядуля асабліва любіў чытаць мемуары. На яго стале ляжалі стосы розных дакументаў, таму нам, дзятве, не дазвалялася падыходзіць туды. Адна са сцен пакоя была ўвешана дзядулевымі ўзнагародамі і памятнымі падарункамі.

Бабуля была надзвычай прыветлівай і заўжды перш-наперш спяшалася накарміць гасцей. Абое моцна любілі сваіх унукаў.

Спачын знайшлі на мінскіх могілках. Дзядулю хавалі з воінскімі ўшанаваннямі. А памяць жыве. Да гэтай пары ідзе падлогавы гадзіннік, падораны ім на вайне. Кожны раз яго бой нязменна навявае ўспаміны пра нашых дарагіх родзічаў.

Яніна Косцюк з кнігай пра сваіх продкаў.

Яніна Косцюк з кнігай пра сваіх продкаў.

…Пра сваіх прабабулю і прадзядулю Яніна Косцюк пры падтрымцы матулі і настаўніц школы Алы Хацяновіч і Аксаны Наумец падрыхтавала фотакнігу. У мінулым годзе работа была адпраўлена на рэспубліканскі конкурс “Наша Перамога. Мая гісторыя”, які праводзіўся ў рамках Усебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні”. Інфармацыйна багаты матэрыял, маляўнічае афармленне былі высока ацэнены журы на абласным этапе – у намінацыі “Кніга памяці маёй сям’і” Яніне прысуджана першае месца.

– Памяць пра нашых продкаў-франтавікоў і далей будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, – упэўнена Яніна. – Яны былі мужнымі і не шкадавалі сябе ў барацьбе супраць захопнікаў. Іх жыццё – прыклад таго, як патрэбна любіць Радзіму. І я не сумняваюся, што праз шмат гадоў мае дзеці, унукі і праўнукі скажуць: “Мы ведаем. Мы памятаем. Мы захаваем”.

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Аксаны Шэравера.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *