Герой Советского Союза из Докшицкого района Арсентий Гаврилович Юхновец

yuxnovec-sa

“За высокі асабісты гераізм, самаадданасць і знаходлівасць, за доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі тав.  Юхнавец заслугоўвае вышэйшай узнагароды – прысваення звання Герой Савецкага Саюза.” (з узнагароднага ліста)

Арсенцій Гаўрылавіч Юхнавец нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Бераснёўка. Працаваў трактарыстам у Бягомльскай МТС. 3 1938 года – у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі.

На фронце з 1941 года. Удзельнік абароны Масквы, Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы. Вызначыўся ў баях пад Брэстам. Да ліпеня 1944 г. быў памочнікам камандзіра ўзвода знішчальна-процітанкавага артылерыйскага палка Першага Беларускага фронту.

У баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі старшына Юхнавец асабіста захапіў некалькі баявых сцягоў праціўніка. У наступальных баях за авалоданне горадам Брэстам старшына ўзяў у палон 24 гітлераўцы. Калі ўзнікла неабходнасць арганізаваць тэрміновую разведку ў вёску Беразаўка, занятую ворагам, ён адзін прабраўся туды і ўзяў у палон трох нямецкіх яфрэйтараў. У выніку такіх смелых дзеянняў Арсенцій Юхнавец паведаміў камадаванню дакладныя даныя пра праціўніка, якія забяспечылі захоп вёскі.

Летам 1943 года старшына Юхнавец удзельнічаў у Арлоўскай стратэгічнай наступальнай аперацыі. Дзявятага жніўня ў разведцы сустрэў 12 байцоў з 6-й стралковай дывізіі. Старшына прыняў на сябе камандаванне гэтай групай, разам з ёй авалодаў вёскай Дудзінка Дзмітраўскага раёна Арлоўскай вобласці і трымаў абарону, пакуль не падышлі асноўныя падраздзяленні. За адвагу 29 жніўня 1943 г. быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Вызваленне роднай Беларусі Арсенцій Юхнавец сустрэў за некалькі кіламетраў ад дома. Жонцы Таццяне перадалі навіну, што муж жывы, здаровы і спяшаецца да яе і дзяцей. Аднак убачыцца ім не давялося. Камандаванне рашыла, што часць старшыны Юхнаўца павінна прыняць удзел у Люблін-Брэсцкай аперацыі.

27 ліпеня 1944 года калона немцаў рухалася па дарозе. Арсенцій Юхнавец падабраўся да галаўной машыны, кінуўшы гранату, падпаліў яе. Гэта быў сігнал для артылерыі. Калона з 30 аўтамашын была знішчана, забіта да 150 гітлераўцаў. Юхнавец, які цудам застаўся жывым пасля шквальнага агню нашых артылерыстаў, вярнуўся ў сваю батарэю і папрасіў новае заданне.

Загінуў Арсенцій Юхнавец 20 жніўня 1944 года на подступах да Варшавы, а 25 верасня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў вёсцы Множ (Польшча).

Імем Юхнаўца названа вуліца ў Бягомлі, у вёсцы Бераснёўка ўстаноўлены бюст героя, яго імя насіла школа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *