Фермер Мацкевич из Березино — Хозяин с большой буквы

Жанна і Васіль Мацкевічы.

Жанна і Васіль Мацкевічы.

Народжаныя ў СССР у большасці сваёй памятаюць радкі з паэмы Уладзіміра Маякоўскага: “Мы говорим Ленин, подразумеваем – партия, мы говорим партия, подразумеваем – Ленин”. Можна правесці аналогію і выказацца ў тым жа ключы: згадваеш Бярэзінскі край – і ў памяці тут жа ўсплывае: Мацкевіч. Кіраўнік сялянскай гаспадаркі, заснаванай ім на землях былога саўгаса “Чырвонабярэзінскі”. Старэйшына вёскі Беразіно, актыўны памочнік у справах сельвыканкама. Надзея і падтрымка насельніцтва, работадавец для многіх мясцовых жыхароў. Яркі прадстаўнік кагорты сялян-працаўнікоў, мудрых і моцных ад прыроды, якіх у сучасным свеце можна  сустрэць усё радзей і радзей. Любячы і клапатлівы муж, бацька і  дзядуля, чалавек, адданы роднаму краю. Такім убачыла свайго героя і, мяркую, не памылілася ні ў адной з характарыстык.

Як гартавалася сталь

Васіль Мацкевіч нарадзіўся і вырас у Беразіне, у шматдзетнай сям’і, дзе для бацькоў быў апорай з юных гадоў. Жартуе, што хадзіць, гаварыць і дапамагаць маме на ферме пачаў адначасова. Згадвае: “Прыйду, бывала, гадоў у 15-16 на світанні з танцаў – паспаць удасца гадзіну-паўтары. Бацькі ні свет ні зара ў лес, у ягады, каб капейку дадатковую зарабіць, а я – у касу. І ніколі не прыйшло ў галаву сказаць, што не буду рабіць. Малы яшчэ вялізныя пасцілкі з травой скаціне цягаў на спіне плачучы, але не ад крыўды на бацькоў, якім было таксама нялёгка, а ад таго, што дзіцем быў, – і пагуляць, і паляжаць у цяньку хацелася. Скажаце, не было дзяцінства? Было, ды яшчэ якое вясёлае! А выхаванне працай – яно самае дзейснае і для фізічнага здароўя, і для разумення маральных каштоўнасцей, і для далейшага твайго фарміравання як дарослага чалавека, асобы. У восем гадоў я ўжо будаваў домікі-зямлянкі, а зараз некаторыя юнакі, выходзячы са школы ў сямнаццаць, цвік у дошку забіць не ўмеюць, а дзяўчаты не ведаюць, як зварыць суп”.

Застаўся на малой радзіме

Васіль Аляксандравіч прызнаецца, што думка паехаць вучыцца ці працаваць у горад ніколі не пасялялася ў яго галаве. “Гарадское жыццё катэгарычна не маё”, – коратка акрэслівае сваё бачанне існавання ў гэтым свеце. Да арміі атрымаў механізатарскія і вадзіцельскія правы. Пасля арміі вярнуўся ў дарагі яго сэрцу зялёны куточак Докшыччыны, для дабрабыту якога, без усялякіх там высокіх слоў, і пачаў рабіць усё, што ад яго прафесійна залежала. Ажаніўся, укараніўся яшчэ больш, жыццём і нялёгкай працай хлебароба і жывёлавода (давялося паспрабаваць сябе ў абедзвюх галінах) быў задаволены. Аднак не заўсёды наш лёс залежыць толькі ад нас саміх – часам абставіны аказваюцца мацнейшымі…

IMG_5023

Паварот

Пачаць сваю справу прымусіла завяршэнне існавання саўгаса ў 2004 годзе. “А куды было падзецца?” – задае рытарычнае пытанне Васіль Аляксандравіч, хаця абое разумеем, што розныя варыянты месца мелі, і яго былыя калегі кудысьці ўсё ж “падзеліся”. І толькі ён вырашыў узваліць на сябе цяжкую ношу (не прывыкаць жа!). Можна схіліць у паклоне галаву перад рашучасцю нашага героя. Нулявыя гады. Стартавага капіталу для развіцця справы няма. Пагалоўе з жонкай Жаннай Віктараўнай разводзілі самі, на будаўніцтва бралі звычайныя спажывецкія крэдыты. Дакладней, на будаўнічыя матэрыялы, бо і дамы, і стойлавыя памяшканні, і хлявы, і гаражы, і безліч гаспадарчых збудаванняў Васіль Мацкевіч узводзіў сам з дапамогай спачатку свайго дарагога прараба і кансультанта – бацькі, пасля сыны сталі падключацца. Тэхніка – у лізінг. Адна задача – наладзіць вытворчасць сельгаспрадукцыі, другая, не менш важная, – арганізаваць яе збыт. Толькі ўявіць, колькіх намаганняў усё гэта каштуе, – валасы ўстаюць дыбам. А патрэбна ж было дзейнічаць. “Масква не адразу будавалася”, – па-філасофску зазначае Васіль Аляксандравіч. – Дваццаць гадоў таму мы з Жаннай былі ў росквіце сіл і мелі ўжо пэўны жыццёвы вопыт, каб не наламаць дроў. Ды і на працягу ўсяго існавання нашай гаспадаркі мелі і маем падтрымку ад харошых людзей у вырашэнні злабадзённых пытанняў. Вельмі ўдзячны былому кіраўніку райаграсэрвіса Мікалаю Іванавічу Шульгату, былому старшыні райвыканкама Алегу Леанідавічу Пінчуку, усім-усім, хто аказаў у свой час дапамогу ці працягвае рабіць гэта зараз.

Адзін у полі не воін

Лічыцца, за спінай любога паспяховага мужчыны стаіць жанчына. Падаецца, што датычыцца Васіля Мацкевіча, то менавіта так і ёсць. Калі не сказаць больш. У гэтай сям’і жанчына нават не за спінай – плячо ў плячо, на перадавой. Жанна Віктараўна ў сямейнай справе бухгалтар і па сумяшчальніцтве аператар машыннага даення, бо рабочых рук у гаспадарцы не хапае. А калі дадаць да ўсяго яшчэ процьму жаночых гаспадарчых клопатаў, якія яна без скаргаў і нараканняў “цягне “ на сабе… І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – апошнія два дзесяцігоддзі лад жыцця абаіх Мацкевічаў. Прызнаюся, так і не змагла ўявіць сабе, дзе бярэ мілавідная і прыязная гаспадыня сілы жыць у штодзённым рабочым рытме, дзе на сон адводзіцца тры – тры з паловай гадзіны. А па прафесіі ж яна медыцынская сястра. У мінулым, смяецца, засталіся белы накрухмалены халат і зграбныя туфелькі – на змену прыйшло спецадзенне і гумовікі. І – велізарная нагрузка, як фізічная, так і разумовая, бо за строгім вядзеннем дакументацыі акуратная Жанна сочыць пільна. Астатнія члены вялікай сям’і Мацкевічаў – пяць дзяцей, дванаццаць унукаў! – дапамагаюць руплівым бацькам па меры магчымасці. Найбольш – малодшая дачка Наташа, якая мае ветэрынарную адукацыю – вельмі дарэчы, а да гэтага ўзяла на сябе клопат менеджара і забеспячэнца ў яшчэ адным кірунку дзейнасці СГ “Мацкевіч” – рабоце трох піларам. Тата, безумоўна, трымае справу на кантролі, але палёгка яму ўжо значная.

IMG_5039

Лічбамі

Дойны статак на сённяшні дзень у бярэзінскіх гаспадароў – 74 галавы. Сярэдні надой ад каровы – 15 кілаграмаў малака. Усё яно здаецца сортам “экстра” на Лепельскі малочны камбінат. Хаця не, зманіла: Жанна яшчэ колькі разоў на тыдзень робіць масла ў аб’ёмах зусім не дамашніх. На дарошчванні і адкорме пастаянна ўтрымліваюцца цялушкі і бычкі. Авечак – 180 галоў. Большая частка іх выпасваецца разам з каровамі. Ёсць козы зааненскай і нубійскай парод – іх трымаюць больш для выпойвання нованароджаных ягнят. Індыкі, куры – для сябе, але ж можаце сабе ўявіць, колькі чалавек у гэтае “сябе” ўваходзіць! Таксама і са свіннямі. Пасля таго як чума “выкасіла” 250 галоў хрушак (нельга не адзначыць, што адным з галоўных складальнікаў поспеху Васіль Мацкевіч лічыць маральную ўстойлівасць – ніколі не апускаць рукі!), зараз іх значна менш – “толькі” два-тры дзясяткі ландрасаў для сваіх патрэб. Сабакі ёсць, з адным з якіх – ньюфаўндлендам Тайсанам, большым за дарослую авечку і на дзіва дабрадушным, мелі магчымасць пазнаёміцца.
Дамы, ферма, мехдвор і іншыя пабудовы (лічылі, колькі іх, і збіліся з ліку) размяшчаюцца на тэрыторыі без малога два гектары. “Нешта дабудоўваем, калі пагалоўе павялічваецца (а яно павялічваецца! – Аўт.), нешта перабудоўваем – працэс няспынны”, – з лёгкасцю гаворыць Васіль Аляксандравіч пра справу зусім не лёгкую. Тэхнікі ва ўладаннях гаспадара нямала, уключаючы трактары МТЗ-1221, усе неабходныя агрэгаты, грузавыя аўто, Амкадор для трамбоўкі сенажу, лесавоз, камбайн, – штогод Мацкевічы сеюць збожжавыя на плошчы 150-200 гектараў і да ўсяго аказваюць паслугі па абмалоце насельніцтву не толькі нашага раёна, але і Лепельскага. Бульбу таксама вырошчваюць на продаж і часткова на корм. Крыху і кукурузы ёсць, звычайна толькі на зялёную масу, на падкорм, на сілас не закладваюць. Астатняе з 760 гектараў – пад пашамі і сенакосамі. Тэхнікі дастаткова, а вось рабочых рук не хапае, таму гаспадар часта працуе сам.

Старэйшына

Самыя розныя пытанні даводзіцца вырашаць Васілю Мацкевічу ў гэтай якасці. Найбольш – гаспадарчыя. Каму пшаніцу змалаціць, каму дровы прывезці, каму – пяску двор падсыпаць, каму – мэблю з Докшыц даставіць і да таго падобнае. Абкошванне траў у летні перыяд – тут і сельвыканкаму ён вялікая дапамога. Ці, скажам, на могілках прыбрацца, добраўпарадкаваць тэрыторыю каля помніка загінулым воінам-землякам, школе з гароднінай дапамагчы. Усё, што робіць Мацкевіч для сваёй малой радзімы, доўга пералічваць. Важна, што імкнецца выконваць усе просьбы, бо разумее: хто, калі не ён? А самае галоўнае, Васіль Аляксандравіч не хваліцца гэтым і не ставіць сабе ў асаблівую заслугу, нават адмахваецца ад пытанняў на такую тэму. Маўляў, а хіба можна інакш?

IMG_5052

P.S. Напрыканцы не змагла ўстрымацца, каб не спытаць, ці не ўзнікала ў такім шалёным рытме жыцця хоць раз жаданне “згарнуць” усю вытворчасць ці хаця б збавіць тэмпы. “Згарнуць? Ага, шкада ж! Столькі працы ўкладзена, столькі перажыта – і раптам усё кінуць! – эмацыянальна адгукнуўся на такое дурное пытанне бярэзінскі фермер. – Будзем працаваць, пакуль здароўе дазваляе. Праўда, Жанна?” Верная палова ўсміхнулася і моўчкі кіўнула галавой.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *