В Докшицком районе лучшим работником топливно-нефтяной и газовой промышленности признан Вячеслав Лукашонок
Штогод на раённую Дошку гонару заносяцца імёны людзей, якія сваёй адданай працай у розных галінах народнай гаспадаркі дасягаюць высокіх паказчыкаў і такім чынам дапамагаюць ствараць агульны дабрабыт. Сёлета лепшым работнікам паліўнай, нафтавай і газавай гаспадаркі прызнаны начальнік вытворча-тэхнічнага сектара ВРУП “Віцебскаблгаз” філіяла “Віцебскае вытворчае ўпраўленне па здабычы і перапрацоўцы торфу” Вячаслаў Лукашонак.
Глыбокая дасведчанасць Вячаслава Леанідавіча ў той справе, якой займаецца ўсё жыццё, рэч невыпадковая. Наш герой да сённяшняй пасады прайшоў усе прыступкі лесвіцы, дзе толькі дзякуючы паглыбленаму вывучэнню тэмы і паступоваму руху наперад фарміруецца высакакласны спецыяліст. У 1978 годзе ўладкаваўся трактарыстам на тагачасны торфабрыкетны завод “Віцебскі”. Там жа, дарэчы, машыністам крана працаваў бацька суразмоўцы. Пасля армейскай службы Вячаслаў Лукашонак паступіў у політэхнічны інстытут (зараз БНТУ) на аўтатрактарны факультэт. Аднак у хуткім часе вырашыў перавесціся на горна-механічны: работу на тарфяніках ведаў, ды і на заводзе накіраванне далі, падтрымалі юнака.
Маладога спецыяліста адразу прызначылі майстрам на ўчастку здабычы торфу, потым яго начальнікам. Наступнымі прыступкамі прафесійнага станаўлення сталі пасады начальніка цэха кіпоўкі вытворчасці пажыўных грунтоў і галоўнага інжынера прадпрыемства. А з 2015 года Вячаслаў Лукашонак кіруе вытворча-тэхнічным сектарам.
Вячаслаў Леанідавіч два гады як на заслужаным адпачынку, аднак працягвае дзяліцца сваімі грунтоўнымі ведамі і вопытам з моладдзю. І робіць гэта, так падалося падчас размовы, тактоўна і цярпліва, з імкненнем даходліва растлумачыць узніклае пытанне.
Неабходную дакументацыю разам з кіраўніком сектара вядуць яшчэ два майстры. Утраіх яны адказваюць за вытворчыя ўчасткі, што ўваходзяць у склад ВУ “Віцебскторф”: у Крулеўшчыне, гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна і пасёлку Кастрычніцкі Чашніцкага раёна.
– Асноўная задача сектара – каардынацыя дзейнасці ўсяго прадпрыемства, – расказвае Вячаслаў Лукашонак. – Гэта і падрыхтоўка тарфяных палёў да сезона здабычы, іх будаўніцтва, рамонт і эксплуатацыя. Спецыялісты вядуць разлікі колькасці персаналу і тэхнікі, аб’ёмаў здабычы.
Штогод пасля заканчэння сезона праводзіцца інвентарызацыя торфу, пашпартызацыя тарфяных залежаў, падчас якой адбіраюцца пробы для вызначэння якасных характарыстык карыснага выкапня.
Гэты сезон, заўважае суразмоўца, у работнікаў торфапрадпрыемства выдаўся не менш напружаным, чым у аграрыяў. З-за дажджлівага надвор’я тэхніка вязла ў зямлі, не пакідаючы магчымасці весці здабычу торфу напоўніцу. Аднак прадпрыемства імкнецца трымаць планку і выконваць пастаўленыя задачы, пра што сведчаць асноўныя эканамічныя паказчыкі.
За першае паўгоддзе ВУ «Віцебскторф» выраблена 31,90 тысячы тон асноўных відаў прадукцыі, што склала 115,2 працэнта да запланаванага. З іх 10,30 тысячы тон пажыўных грунтоў і 21,60 тысячы тон торфу кіпаванага. За ўказаны перыяд рэалізавана 36 тысяч тон прадукцыі, або 118 працэнтаў ад запланаванага.
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.